ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Нанова адкрыць Фаціму

Юбілей

Да 100-годдзя аб'яўленняў Маці Божай у Фаціме (1917-2017)
Бягучы год з’яўляецца важным годам да паўсюднага Касцёла. Сёлета прыпадае сотая гадавіна аб’яўленняў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Фаціме. Маці Божая прыйшла да траіх дзяцей, каб праз іх папярэдзіць чалавецтва. “Грахі свету занадта вялікія. Калі людзі хочуць дасягнуць адзінства і міру, павінны перастаць абражаць Бога і пачаць прасіць прабачэння за свае правіны”. Пасланне, якое перадалі 10-гадовая Луцыя і яе дваюрадныя 7-гадовая сястра Гіяцынта і 9-гадовы брат Францішак, пабуджае чалавецтва да навяртання, каб такім чынам абараніць свет ад катастрофы, а душы грэшнікаў – ад вечнага асуджэння.
У аб’яўленнях Маці Божай у Фаціме атрымліваем абяцанне перамогі Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі над злом. Але для гэтага абавязкова неабходна супрацоўнічаць з Імі. Таму будучыня кожнага і ўсяго свету – у Найсвяцейшых Сэрцах і нашых руках!
   
    Фацімскі духоўны запавет, актуальны і праз 100 гадоў пасля аб’яўленняў Маці Божай:
    Пашыраць і паглыбляць пашану да Марыі і Яе Беззаганнага Сэрца, якое мацней за ўсё злучана з Сэрцам Езуса. “Хрыстос прагне, каб Я была больш вядомай і любімай”, – падкрэсліла Найсвяцейшая Панна ў Фаціме.
Перажываць першыя суботы месяца на хвалу Беззаганнага Сэрца Маці Божай. Таму, хто на працягу 5-ці месяцаў у першую суботу будзе прымаць св. Камунію, памоліцца адной часткай Ружанца і цягам 15-ці хвілін паразважае над адной з ружанцовых таямніц у еднасці з Марыяй, Яна абяцае: “Гэтыя душы будуць адораны асаблівай міласцю: як кветкі перад тронам Божым іх пастаўлю”. “Тым, хто прыме гэтае набажэнства, абяцаю збаўленне: прыбуду да іх у гадзіну смерці з ласкай, якая будзе патрэбна для спасціжэння вечнага шчасця”.
   
    • Як мага часцей маліцца на ружанцы. Калі існуе такая магчымасць, то штодзённа разам з сям’ёй. Гэтую просьбу Марыя выражала амаль у кожнай сустрэчы з візіянерамі: “Я Маці Божая Ружанцовая”. Заахвочвала рэгулярна прыступаць да сакраманту пакаяння, каб заўсёды быць у стане асвячальнай ласкі, а таксама як мага часцей удзельнічаць у Эўхарыстыі, чытаць Святое Пісанне і разважаць над ім.
   
    Маліцца, ахвяраваць і пакутаваць за ўласныя грахі, а таксама ў інтэнцыі навяртання грэшнікаў. Свет хуткаплынна апускаецца ў цемру зла: Бога зневажаюць, Яго законы штодзённа парушаюцца. Неабходна пакаяцца і перапрасіць Усемагутнага і Маці Божую. “Ахвяруйцеся за грэшнікаў і паўтарайце часта, асабліва калі будзеце зносіць цярпенні, наступныя словы: «О Езу, раблю гэта з любові да Цябе, дзеля авяртання грэшнікаў і як перапрашэнне за грахі, учыненыя супраць Беззаганнага Сэрца Марыі»”.
   
    Аддаць сябе апецы Найсвяцейшай Маці. Яе Беззаганнае Сэрца прагне быць прытулкам для ўсіх, асабліва для пакутуючых. “Калі людзі не навернуцца, Бог спашле пакаранне, якога яшчэ не бачыў свет”, але “ўрэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе”.
   
    Аб’яўленні Марыі ў 1917 годзе дагэтуль маюць вялікае значэнне для свету. Пасля прарочых слоў Маці Божай адбыліся такія падзеі, як падзенне камунізму без кровапраліцця, цудоўнае ацаленне жыцця св. Яна Паўла ІІ падчас пакушэння, вызваленне многіх народаў, спыненне рэлігійнага праследавання, вяртанне Касцёла ў краіны, з якіх быў выдалены.
    Аднак да паўсюднага супакою, як і да прызнання Божага закону ў грамадскім жыцці, яшчэ вельмі далёка.
    Згодна з новымі знакамі часу, зварот Найсвяцейшай Маці павінен перадавацца з пакалення ў пакаленне. Прыслухоўваючыся да яго, мусім усвядоміць, што гэта сам Бог перасцерагае людзей праз Каралеву Супакою, якая амаль 100 гадоў таму аб’явілася ў Фаціме. Усемагутны ўсё яшчэ чакае з’яўлення пакалення, якое ўважліва ўслухаецца ў фацімскае пасланне і захоча зрабіць “усё для Марыі”.
   
    Але недастаткова прысвяціць Найсвяцейшай Панне асобныя краіны. У глыбіні сэрца кожны чалавек павінен даручыць сябе Ёй. У бягучым годзе на старонках газеты прыгадаем, што фацімскае пасланне для ўсіх нас з’яўляецца перасцярогай і заклікам Маці Божай да навяртання.
    Знойдзем жа еднасць і супакой...

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.