ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

ІІI Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Калі Езус пачуў, што Яна зняволілі, адышоў у Галілею. І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Кафарнауме прыморскім, у межах Забулона і Нэфталія. Так збылося сказанае прарокам Ісаям, які кажа: “Зямля Забулонава і зямля Нэфталіева, на шляху марскім, за Ярданам, Галілея язычнікаў, народ, які сядзеў у цемры, убачыў святло вялікае, над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло”. З таго часу Езус пачаў прапаведаваць і казаць: “Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае”.
    Калі Езус праходзіў каля Галілейскага мора, Ён убачыў двух братоў: Сымона, якога называлі Пятром, і ягонага брата Андрэя, якія закідвалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. І сказаў ім: “Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей”. Яны ж адразу, пакінуўшы сеткі, пайшлі за Ім. Калі адтуль пайшоў далей, убачыў іншых двух братоў: Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія ў чоўне з бацькам іхнім Зэбэдэем ладзілі свае сеткі, і паклікаў іх. А яны адразу пакінулі човен і бацьку свайго і пайшлі за Ім.
    Езус хадзіў па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сінагогах іхніх і абвяшчаючы Евангелле Валадарства. Ён лячыў усялякую хваробу і ўсялякую немач у людзей.

Мц 4, 12–23


Будаваць Божае Валадарства
   Ля вытокаў сваёй публічнай дзейнасці, на пачатку абвяшчэння Добрай Навіны аб збаўленні Хрыстос скіраваў да людзей пасланне: “Пакайцеся...”. Гэта своеасаблівая праграма новай рэчаіснасці – Божага Валадарства. Яго ўдзельнікам можа стаць той, хто навернецца і пераменіць сваё жыццё.
    Езус добра ведаў вартасць слоў, якія прамаўляў. Разумеў, што Валадарства, якое Ён прыносіць свету, не можа будавацца на былым стане рэчаў, дзе мёртвая літара закона, бяздушнасць, жаданне дагадзіць любой цаной замянілі любоў, веру, адказнасць і спачуванне. Таму заахвочваў людзей упарадкаваць сваё жыццё, думкі і дзеянні. Падказваў, што трэба адкінуць недарэчныя жаданні і прыхільнасці, навучыцца любіць і аддаваць, не чакаючы нічога ўзамен.
    Валадарства Пана ўжо сярод нас, у межах дасяжнасці. Каб да яго дабрацца, не патрэбны ні пашпарт, ні віза. Неабходна толькі адно – навяртанне, уласнае намаганне, якое павінна стаць рэальнасцю ў жыцці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.