ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Непераможныя ў камандзе з Хрыстом

З жыцця Касцёла

Як гаварыў Ян Павел ІІ, спорт – гэта найлепшы шлях  да пераадолення межаў

Галоўны супернік чалавека на зямлі – д’ябал. Увесь час ён імкнецца перацягнуць людзей на свой бок. Выкарыстоўвае для гэтага несумленныя метады, корміць пустымі абяцаннямі. На жаль, збочыць з праўдзівага шляху вельмі лёгка. Найлепшым “допінгам” з’яўляецца Эўхарыстыя. Чэмпіёны карыстаюць з яе штодня. Многія святары вучаць гэтаму маладых людзей на практыцы. Ходзяць з імі ў спартыўныя залы, гуляюць у футбол, валейбол, баскетбол, настольны тэніс, нястомна прыпамінаючы пра духоўны складнік любога змагання.
У здаровым целе – здаровы дух!
    Душпастырства спорту і фізічнага выхавання Гродзенскай дыяцэзіі існуе з 2010 года. Апекай ахоплены прафесійныя спартсмены, аматары, трэнерскі штаб, абслугоўваючы персанал, балельшчыкі. Касцёл займаецца, перадусім, выхаваннем маладых людзей. Паказвае магчымасць праслаўлення Бога ў целе. Звяртае ўвагу на тое, як важна клапаціцца аб фізічным здароўі, раскрываючы праз спорт праўду жыцця.
Як заўважыў у адным з інтэрв’ю трэнер мінскага хакейнага клуба “Дынама” Крэйг Вудкрафт, спартсмену ўвесь час неабходна ўдасканальвацца. Як толькі развіццё спыняецца, пачынаецца дэградацыя. “Так і ў духоўным жыцці, – заўважае душпастыр кс. Артур Малафей. – Чалавек штодня павінен аб’яўляць барацьбу са злом. Памятаць, што д’ябал не дрэмле – «мадэрнізуе» грэх. І таму варта трымаць сябе ў тонусе і не расслабляцца. Спорт вучыць быць мэтанакіраваным, працаваць над сабой. Напэўна, шмат у чым сабе адмаўляць, але ўсё гэта дзеля вялікай мэты”.
Святары займаюцца спортам з мэтай прапаведавання сапраўдных каштоўнасцей    Мерапрыемствы, што арганізоўваюцца пад эгідай Касцёла, праходзяць у духу Евангелля. На кожным спаборніцтве прысутнічае святар, адпраўляецца св. Імша. Правіла №1 – культура слова і паводзін на пляцоўцы.
    У адваротным выпадку – пакаранне ажно да чырвонай карткі. “Удзельнікі вучацца ўтрымліваць раўнавагу духа і братэрскія адносіны паміж сабою, – зазначае кс. Артур. – Вельмі прыемна потым ад трэнераў чуць, што «наша» моладзь іншая. Не ўжывае падчас гульні вострых слоў, перапрашае, калі штосьці не так, цікавіцца станам здароўя адзін аднаго. Неяк мне як арганізатару сказалі: «Калі б усе каманды ў карыстанні спартыўнымі пляцоўкамі былі такімі ж, як вашы, мы маглі б спакойна адпускаць прыбіральшчыц раней з працы». Быццам дробязь, але як гэта характарызуе маладых людзей!”.
   
    Хрысціянскі спорт – для адпачынку
    З 2005 года ў Слоніме праходзіць турнір па футболе імя св. Яна Паўла ІІ. “Можна спрачацца, але гэта факт: найбольш папулярны від спорту ў свеце – футбол, – гаворыць кс. Артур. – І мы не сталі выключэннем, арганізоўваючы такі турнір. Спачатку былі таварыскія матчы. А потым захацелася заснаваць турнір, які б насіў назву хрысціянскага. Першы матч прайшоў у калядны перыяд. Сабраў шэсць каманд. Вялікім гонарам для нас было выступленне ў ролі суддзі легенды гродзенскай футбольнай каманды «Неман» Дзмітрыя Кавалёнка. Дарэчы, католіка. Мы пазнаёміліся ў катэдральным касцёле, дзе я хрысціў яго дачку”.
    З 2013 года турнір набыў статус нацыянальнага.
    За 11 гадоў у ім прыняло ўдзел мноства каманд з усёй Беларусі. “У наступным годзе плануем зняць узроставыя абмежаванні ўдзельнікаў, – зазначае кс. Артур. – Гэта будуць не рамкі 17–30 гадоў, а ад 17-ці і старэйшыя”. Як заўважае неаднаразовы ўдзельнік турніру Максім Мухляда, такія спаборніцтвы духоўна аздараўляюць. “Так, перамога – гэта прыемна, але далёка не галоўнае. Мы прыязджаем сюды для таго, каб ачысціць сваю душу, сустрэцца з добрымі людзьмі. З-за гэтага і атмасфера другая, і гульня адбываецца інакш”, – дзеліцца ўражаннямі Максім.
    Добрым прыкладам з’яўляюцца і самі душпастыры, якія штогадова прымаюць удзел у чэмпіянаце па мініфутболе сярод святароў. На матчы збіраюцца 4 каманды: па адной з кожнай дыяцэзіі. Прыемна сачыць за поспехамі гродзенскіх святароў, якія на працягу апошніх гадоў з’яўляюцца пераможцамі беларускага турніру і паказваюць добрыя вынікі на еўрапейскім чэмпіянаце. “Спорт патрабуе не толькі строгай дысцыпліны і асабістай самаахвярнасці, але і павагі да бліжняга і каманднага духу, – заўважыў папа Францішак на аўдыенцыі, удзеленай членам зборнай Германіі па футболе. – Гэта вядзе да поспеху, і, у той жа час, да прызнання адказнасці, якая выходзіць за межы футбольнага поля, асабліва ў адносінах да моладзі, якая часта бярэ прыклад са спартсменаў”.
    З 2008 года ў Гродне праводзіцца Дыяцэзіяльная парафіяда дзяцей і моладзі (па прыкладзе міжнароднай). У бягучым годзе ў мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 400 чалавек з 36-ці парафій. На працягу 4-ох дзён хлопцы і дзяўчаты ва ўзросце 11–19 гадоў спаборнічаюць у рамках старажытнагрэчаскай трыяды “Святыня – Тэатр – Стадыён”. “Гэта адукацыйна-выхаваўчы праект, які мае на ўвазе ўсебаковае развіццё, – тлумачыць душпастыр. – Яно ўключае і духоўнасць, і фізіялогію, і інтэлект. Праз удзел у ім маладыя людзі адкрываюць сябе ў розных праявах. Стараемся стварыць для гэтага спрыяльныя ўмовы. Арэндуем Цэнтральны гарадскі стадыён «Нёман». Мажліва, да гэтай пары моладзь не мела магчымасці перажываць спаборніцтвы на добрых пляцоўках, мець справу з прафесіяналамі сваёй справы... А тут яны бачаць узровень і імкнуцца да нечага прыгожага і якаснага”.
    На працягу апошніх 3-ох гадоў у Слоніме ладзяцца “Канікулы з Богам” для спартсменаў. Каля 25-ці маладых людзей з розных парафій дыяцэзіі збіраюцца на тэрыторыі парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. “Зборы” уключаюць св. Імшу, кароткія малітвы і трэніроўкі, на якія запрашаюцца футбалісты, плыўцы, гандбалісты. “На такую прапанову адгукнуліся нават 2 дзяўчынкі, – успамінае кс. Артур. – У будучым для дзяўчат плануем арганізаваць заняткі па лёгкай атлетыцы”. За гэты час спартыўныя канікулы перажывалі маладыя людзі з Гродна, Ліды, Росі. Геаграфія ўдзельнікаў у далейшым будзе пашырацца.
   
Парафіяда збірае дзяцей і моладзь з усёй Беларусі    Прайграваць таксама трэба ўмець
    У дадзены час распрацоўваецца ідэя аб арганізацыі каляднага турніру па футболе сярод міністрантаў у 2-юх узроставых катэгорыях: да 14-ці гадоў і старэйшыя. Разглядаецца ідэя аб стварэнні міністранцкай футбольнай лігі. “Неабходна дэталёва прадумаць праект, – заўважае душпастыр. – Хацелася б, каб кожная парафія мела сваю форму, лагатып. Тады ўдзельнікі будуць адчуваць адказнасць, бо прэзентуюць сваю парафію. Разглядаем верагоднасць выступлення каманды з душпастырам. Мажліва, бацькі і сябры захочуць прыехаць пабалець. Нам патрэбны аднадумцы, гатовыя падтрымаць. Больш зацікаўленых людзей – лягчэй усё арганізаваць. Не сакрэт, што вялікую дапамогу аказваюць спонсары, якія забяспечваюць удзельнікаў пляцоўкай, дапамагаюць з транспартам, харчаваннем, пражываннем, прызамі. Без іх наўрад што атрымалася б... Таму ўсё яшчэ на ўзроўні ідэі”. Да таго ж, святар задумваецца над фарматам правядзення аплаткавых сустрэч для ўдзельнікаў душпастырства.
    “У аснове любога віду спорту – вынік, – заўважае кс. Артур. – Няпраўда, што гэта не важна. Пытанне ў тым, якімі сродкамі ён дасягаецца. Спартсмен, як і любы другі чалавек, павінен перамагаць у сумленнай, «чыстай» барацьбе. Не ісці па галавах, забываючыся пра бліжняга. Быць, перш за ўсё, Чалавекам, і толькі пасля – іграком.
    У сённяшнім свеце часта ўсё ставіцца на кон дзеля перамогі. Але трэба ўмець і прайграваць. І рабіць гэта, як вучыць хрысціянства, годна – прымаць паражэнне з пакорай. Не ўпадаць у роспач, калі наступае момант выпрабаванняў. Не думаць, што жыццё прайграна і далейшага сэнсу ў ім няма. Бо нават самы зацяты грэшнік мае шанс, а, значыцца, і надзею на выпраўленне і навяртанне. У дадатку, пройгрыш заўсёды апускае з нябёсаў на зямлю, ставіць на месца колішняга суперніка і дапамагае зразумець, што працаваць над сабой трэба бясконца”.


   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.