ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Мы цалкам Твае, Марыя!

З жыцця Касцёла

Урачыстасці ў гонар Маці Божай Кангрэгацкай прайшлі 4–5 жніўня ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Шматлікія вернікі цягам дваццаці чатырох гадзін няспынна чувалі перад цудатворным абразом, праслаўляючы веліч Найсвяцейшай Маці ды ўзносячы малітвы аб Яе заступніцтве і дапамозе.
Згодна з традыцыяй урачыстасці ў гонар Маці Божай Кангрэгацкай папярэднічала малітоўнае чуванне, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх парафій горада. Кульмінацыйным момантам свята стала адпустовая св. Імша, якую цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
    Звяртаючыся да шматлікіх вернікаў, прысутных на набажэнстве, іерарх адзначыў выключную ролю Марыі ў жыцці кожнага чалавека. Біскуп падкрэсліў, што Маці Божая апекуецца намі, а мы павінны дбаць пра тое, каб вера, захаваная і перададзеная старэйшым пакаленнем, надалей фармавала жыццё грамадства. “Сённяшні свет патрабуе сведкаў Езуса Хрыста, якія б не навучаннем ці словам, а звычайным штодзённым жыццём сведчылі аб сваёй веры, аб Божым Валадарстве, брамы якога адкрыў для свету Езус. Няхай Божая Маці і Яе заступніцтва дапаможа нам трываць у еднасці з Хрыстом, і праз гэта – у радасці Яго Валадарства”, – сказаў іерарх.
Неад’емнай часткай урачыстаці ў гонар Маці Божай Кангрэгацкай з’яўляецца працэсія з копіяй цудоўнага абразаАкрамя таго, біскуп заахвоціў вернікаў давяраць Маці Божай свае сэрцы, думкі, жыццёвыя клопаты і ўзносіць да нябеснай Апякункі малітвы з просьбай бараніць ад усяго злога. Напрыканцы ўрачыстасці прадстаўнікі малітоўнай групы Маці Божай Кангрэгацкай пажадалі кс. б-пу Алегу Буткевічу, каб Марыя заўсёды ахінала яго сваёй матчынай любоўю, а таксама паабяцалі памятаць аб ім у сваіх малітвах. У знак падзякі пробашч катэдры кс. Ян Кучынскі ўручыў іерарху копію абраза.
   
Па цуды не трэба ехаць далёка
    Менавіта так кажуць гродзенскія вернікі, якія з надзеяй і пакорай моляцца перад цудадзейным абразом Маці Божай Кангрэгацкай. Яны ўпэўнены, што ў цяжкія хвіліны, якіх хапае ў жыцці кожнага чалавека, можна прыйсці да Панны Марыі, шчыра папрасіць і атрымаць патрэбныя ласкі.
    Як адзначае кс. Ян Кучынскі, кніга, у якой запісваюцца цуды, здзейсненыя праз заступніцтва Маці Божай Кангрэгацкай, штогадова папаўняецца новымі гісторыямі. Культ Марыі – апякункі Гродна – няспынна пашыраецца і квітнее. “Перад цудадзейным абразом заўсёды нехта моліцца, – гаворыць пробашч парафіі. – Людзі прыходзяць да Марыі з рознымі інтэнцыямі: нехта просіць аб фізічным аздараўленні, нехта – аб духоўным. І цуды здараюцца. Памятаю гісторыю, калі перад абразом Маці Божай маліўся малады хлопец, якога чакала складаная аперацыя на сэрцы. Пасля ён паехаў на паўторнае медыцынскае абследаванне і аказалася, што аперацыя ўжо непатрэбная, паколькі ён цалкам здаровы. Таксама ўзгадваю выпадак з цяжарнай жанчынай, якой па медыцынскіх паказаннях неабходна было рабіць аборт. Яна, засмучаная, прыйшла ў катэдру прасіць парады. Адзін з нашых святароў параіў жанчыне аддацца апецы Маці Божай Кангрэгацкай і даверыць Ёй сваё дзіцятка. Жанчына малілася доўгі час. У выніку нарадзіўся здаровы хлопчык, якога ахрысцілі і назвалі Яраславам. Адным з апошніх зафіксаваных цудаў з’яўляецца аздараўленне немаўляці. Хлопчык, які нарадзіўся ў гродзенскай радзільні, праз некалькі дзён раптам перастаў самастойна дыхаць. Медыкі агледзелі дзіця і са спачуваннем сказалі бацькам рыхтавацца да найгоршага. Бабуля немаўляці шчыра малілася перад цудадзейным абразом Маці Божай. У шпіталі хлопчыка ахрысцілі, а ўжо праз гадзіну дзіця паправілася і яго адключылі ад апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Зараз маленькі Сяргей здаровы і нядаўна адсвяткаваў свой першы Дзень нараджэння”.
    Па словах ксяндза пробашча, удзячныя вернікі, якія атрымліваюць ацаленні, вяртаюцца ў святыню, каб пакінуць свае сведчанні ў “Кнізе цудаў”, прыносяць воты: залатыя і срэбныя ланцужкі, ружанцы, нацельныя крыжыкі, воты ў форме сэрцаў ды інш.
    Для скептыкаў, якія цалкам адмаўляюць само існаванне цудаў, вышэй апісаныя гісторыі, магчыма, пададуцца неверагоднымі. Але для людзей, якія спазналі ласкавую дапамогу Маці Божай ды пазбавіліся ад цялесных і душэўных пакут, яны будуць чарговым сведчаннем усемагутнасці нашай нябеснай Заступніцы і Яе бясконцай мацярынскай любові.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.