ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Кардынал Зянон Грахалеўскі: “Жадаю, каб у Гродзенскім Касцёле засталася радасць веры”

Інтэрв'ю

На Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс у Гродне прыбыў спецыяльны пасланнік Святога Айца Францішка – кардынал Зянон Грахалеўскі. У інтэрв’ю для газеты “Слова Жыцця” высокапаважаны госць з Ватыкана выказаўся адносна таго, у чым бачыць місію сучаснага святара і на чым, паводле былога прэфекта Кангрэгацыі каталіцкай адукацыі, палягае выхаванне моладзі.
– Ваша Эмінэнцыя, Вы не першы раз у Беларусі...
    – Так. Упершыню я быў у Беларусі ў 1994 годзе на ўрачыстасцях, звязаных з 100-й гадавінай з дня нараджэння святога Максімільяна Кольбэ. Святы Айцец выслаў мяне, каб прывезці на гэтае свята яго тэлеграму. Памятаю, што было вельмі шмат радасці. Я бачыў гэта і цешыўся з таго, што такі вялікі чалавек жыў на вашай зямлі.
   
    – Што хацеў сказаць Папа, прызначаючы Вас спецыяльным пасланнікам на Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс?
    – Папа ведаў, што я трохі знаёмы з горадам Гродна, што я ўжо быў тут. Думаю, менавіта гэта і было вырашальным момантам. Пантыфік разумеў, што пасылае кагосьці, хто едзе ў месца, якое ведае. Я заўсёды добра казаў пра ваш горад.
– У Гродзенскай дыяцэзіі прыпадае прыкладна 3 000 вернікаў на аднаго святара. Як можна ацаніць гэты паказчык у параўнанні з іншымі краінамі свету?
    – Сітуацыю можна лічыць добрай, калі на 1 000 жыхароў ёсць адзін ксёндз. У вас адзін на 3 000. Гэта замала. Але не трагічна, бо ў многіх краінах свету сітуацыя яшчэ горшая. Думаю, што колькасць святароў тут будзе ўзрастаць (усміхаецца – заўв. аўтара).
   
    – Як Вы лічыце, у чым заключаецца місія сучаснага святара?
    – Я лічу, што, у першую чаргу, у сведчанні ўласнай веры. Сёння людзі згубіліся ў веры і павінны ў ёй больш умацоўвацца. Святар, які не жыве верай, не жыве Панам Богам, не абуджае ў чалавеку жадання пайсці за ім. Людзі шукаюць такіх святароў, якія жывуць Евангеллем, любяць Эўхарыстыю, любяць свой народ, стараюцца яму дапамагчы. Такія святары сёння маюць вялікі поспех.
   
    – Як зараз Касцёл павінен клапаціцца аб маладых людзях, якія з’яўляюцца яго будучыняй?
    – Вялікую рэч здзейсніў папа Ян Павел ІІ, устанаўліваючы Дні моладзі. Ніхто не спадзяваўся, што так шмат маладых людзей будзе прымаць удзел у гэтых сустрэчах. Калі спачатку на іх збіралася каля 700 тысяч чалавек, то пазней і 1 мільён, і 2,5! І хаця Папа ў гэты час ужо быў стары і хворы, моладзь прыходзіла да яго, бо бачыла ў ім сапраўднага сведку веры, сведку Евангелля. І гэта вельмі важна: дзяліцца сваёй верай, сведчыць аб ёй іншым.
   
    – На што трэба рабіць акцэнт у выхаванні моладзі?
    – Сёння выхаванне моладзі ўскладняецца сродкамі масавай інфармацыі, якія не заўсёды прыхільныя да рэлігійнай фармацыі. Думаю, вельмі важна, каб моладзь старалася ўмацаваць свой духоўны касцяк. Трэба звяртаць увагу на маральную паставу, каб маладыя людзі былі духоўна моцнымі. Таму вялікую ролю адыгрываюць святыя сакраманты.
   
    – Калі можна так сказаць, міласэрнасць – гэта сэрца хрысціянскай веры. Як бы Вы раілі вернікам перажываць гэты літургічны год?
    – Мы павінны цешыцца з факта, што Пан Бог добры да нас, што Ён міласэрны па сваёй сутнасці. Ён ужывае сваю ўсемагутнасць, каб паказаць людзям міласэрнасць, выходзіць насустрач нашым слабасцям і грахам. Я лічу, што мы павінны цешыцца з Года міласэрнасці і з таго, што Бог нас любіць, што Ён з намі. І, канешне, старацца пераймаць Пана Бога, будучы любоўю для іншых.
   
    – Ваша Эмінэнцыя, што б Вы пажадалі вернікам з нагоды 25-годдзя заснавання Гродзенскай дыяцэзіі?
    – Жадаю, каб у Гродзенскім Касцёле засталася радасць веры, каб людзі цешыліся з таго, што яны ў Касцёле, і з гонарам вызнавалі сваю веру перад іншымі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.