ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс адбыўся ў Гродне

З жыцця Касцёла

 

24 мая 2016 года
Божая міласэрнасць
   штодзённа нанова
   дае Эўхарыстыю

    З канферэнцыяй на тэму “Культ Эўхарыстыі ў кантэксце культу Божай міласэрнасці” выступіў дапаможны біскуп Беластоцкай архідыяцэзіі Генрых Цярэшка. Прадстаўляючы дакладчыка, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што Беластоцкая архідыяцэзія мае з Гродзенскай дыяцэзіяй адны карані – Віленскую мітраполію. Іх аб’ядноўвае агульная гісторыя.
    У сваім выступленні біскуп Цярэшка разгледзеў значэнне Эўхарыстыі ў жыцці бласлаўлёнага Міхала Сапоцькі – паўсюдна вядомага спаведніка св. Фаустыны Кавальскай, агульнага заступніка беларуска-польскіх зямель. Іерарх засяродзіў увагу на значэнні Найсвяцейшага Сакраманту ў святарскім жыцці. І заахвоціў духавенства па прыкладзе бласлаўлёнага клапаціцца аб росце эўхарыстычнай набожнасці: жыць Найсвяцейшым Сакрамантам, быць яго распарадчыкам, а таксама паглыбляць і перадаваць людзям навуку аб ім.
“Найсвяцейшы Сакрамант аднаўляе, лечыць, аберагае, развівае, умацоўвае, насычае і захоўвае звышнатуральнае жыццё чалавечай душы. У Эўхарыстыі адбываецца найбольш цеснае злучэнне душы з Хрыстом і будуецца еднасць паміж людзьмі. Акрамя таго, Эўхарыстыя дае асаблівы запал, руплівасць, аберагае ад будучых грахоў, памяншае і аслабляе спакусы з боку пажадлівасці і злога духа. Адначасова яна адкрывае на ўплыў дабра і робіць здольнымі да ўчынкаў больш дасканалых, якія заслугоўваюць вечнага жыцця. Яна адорвае ласкай набожнасці, з якой паходзіць шчасце і радасць, унутраны супакой і гатоўнасць да ахвяр і самапрысвячэння для Бога і чалавека. Урэшце, яна нясе абяцанне ўваскрасення”, – зачытаў занатаваныя Сапоцькам радкі біскуп Цярэшка.
   
    Сведчанне святой Фаустыны – дар Божай міласэрнасці
    Пісьменніца і рэдактар часопіса “Ave Maria” Крыстына Лялько прэзентавала прысутным на кангрэсе “Дзённік” св. Фаустыны Кавальскай у перакладзе на беларускую мову. Зыходным матэрыялам для кнігі паслужыў польскі экземпляр “Дзённіка” 1983 года (другое выданне). Як успамінае перакладчыца, тэкст быў складаны. Яна пачынала яго чытаць і адкладвала. А аднойчы раніцай прачнулася і цвёрда вырашыла: трэба пачынаць працу. На календары было 16 лістапада – дзень успаміну Маці Божай Вострабрамскай, Маці Міласэрнасці, галоўнай апякункі Гродзенскай дыяцэзіі. “Усе святыя кнігі ідуць з вялікай цяжкасцю, – заўважыла спадарыня Лялько, – але я шмат малілася. Часта звярталася да святой Фаустыны, каб яна дапамагла мне зразумець некаторыя запісы: што яна хацела данесці праз іх. Пераклаўшы тэкст, я перастала баяцца чалавечых слабасцей. Я пачула словы Хрыста «Не бойся! Я побач, Я з табой»”.
    Як падкрэсліла перакладчыца, гэтая праца была для яе вялікай ласкай ад Бога. “Дзякую Усемагутнаму, што мне, такой слабой, даў спрычыніцца да таго, каб «Дзённік» святой Фаустыны чыталі ў нас, у Беларусі”.
    Праца над перакладам доўжылася два гады. Сёння “Дзённік” можна знайсці ў духоўных кнігарнях, пры парафіяльных крамах. Кніга невялікага фармату, выдадзена на тонкай біблійнай паперы. Дзякуючы гэтаму, выданне зручна браць з сабой і чытаць у любую свабодную хвіліну.
25 мая 2016 года
Эўхарыстыя – вяршыня Божай міласэрнасці
    З дакладам на тэму “Эўхарыстыя і місіі” выступіў біскуп Элцкі Ежы Мазур. Іерарх звярнуў увагу на тое, што Найсвяцейшы Сакрамант жывіць веру, “садзейнічае ўзыходжанню да паўнаты зносін з Богам”. А кожная святая Імша, падчас якой адбываецца адарацыя, з’яўляецца доказам таго, што Езус палюбіў чалавека і з гэтай вялікай любові паабяцаў застацца з ім аж да канца свету.
    Эўхарыстыя – гэта “школа самаахвярнасці, лагоднасці і вялікай увагі да блізкіх”. Ціхая і сціплая прысутнасць Хрыста заахвочвае стаць дарам для іншых па прыкладзе Настаўніка. Яна садзейнічае дараванню, прымірэнню з бліжнімі, разуменню іх абмежаванняў і слабасцей. “Вакол Хрыста ў Эўхарыстыі Касцёл расце як супольнасць, святыня і сям’я Бога: адзіная, святая, саборная і апостальская”, – заўважыў біскуп Мазур.
    У больш глыбокім разуменні Эўхарыстыя з’яўляецца місіянерскай справай Касцёла, якая палягае на тым, каб “дапамагчы кожнаму вучню сустрэцца з Хрыстом”. І датычыць не толькі місіянераў, але і ўсіх вернікаў.
    Напрыканцы дакладчык агучыў заклік да актыўнай місійнай дзейнасці, падкрэсліўшы, што ён актуальны і дастасоўны да Паўсюднага Касцёла. “Я хацеў бы пажадаць, каб ваша адданасць місійнай дзейнасці спрыяла аднаўленню Касцёла ў Беларусі”, – дадаў біскуп.
   
    Гродзенскі касцёл у промнях Божай міласэрнасці
    Канферэнцыю на тэму “Адраджэнне каталіцкага Касцёла ў Беларусі як дар Божай міласэрнасці (у кантэксце Гродзенскай дыяцэзіі)” прамовіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх нагадаў няпростую гісторыю хрысціянства на беларускіх землях, вылучаючы шлях станаўлення і развіцця Касцёла ў Беларусі, які стаў “надзвычайным праяўленнем Божай мiласэрнасцi на выпаленай сонцам атэізму i знішчанай духоўным Чарнобылем зямлі”.
    “Часам здавалася, што Касцёл ужо ніколі не адродзіцца і ніколі на нашай зямлі не будзе абвяшчацца Евангелле, на вежах касцёлаў не зазвоняць званы, а дзецi не пазнаюць вечна жывой Божай праўды. Але тое, што немагчыма для чалавека, становіцца магчымым для Бога... Дзякуючы старэйшаму пакаленню, народнай набожнасці і нешматлікім святарам, якія дваіліся і траіліся, каб толькі абслужыць вернікаў, вера засталася”, – падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.
    Іерарх узгадаў часы стварэння Гродзенскай дыяцэзіі, калі разам з прадстаўніком Апостальскага Пасада ў Савецкім Саюзе арцыбiскупам Франчэско Каласуонна “крэслілі на карце Беларусі межы дыяцэзій”. З таго часу Гродзенскі Касцёл пачаў пiсаць сваю гісторыю, якая сёння прыемна здзiўляе. “Трэба прызнаць, што заходняя частка Беларусi з’яўляецца найбольш каталіцкай у нашай краіне. Гістарычна тут заўсёды было шмат католікаў. Важнае значэнне мае i той факт, што пераслед веры на Гро-дзеншчыне працягваўся не тры, а два пакаленні. Падчас яго тут было найбольш дзеючых касцёлаў i працавала асноўная колькасць святароў. Усё гэта дазволіла нават ва ўмовах пераследу веры захаваць яе больш жывой, – заўважыў арцыбіскуп. – Пасля 25-ці гадоў адраджэння i станаўлення Гродзенская дыяцэзiя моцна стала на ногі i можа служыць прыкладам для іншых”.
26 мая 2016 года
Місія Касцёла – дастукацца да сэрца і розуму чалавека праз міласэрнасць
    З канферэнцыяй на тэму “Божая міласэрнасць як заклік для сучаснага свету” выступіў кардынал Зянон Грахалеўскі. У сваім пасланні папскі легат закрануў тры аспекты міласэрнасці: прыроду літасцівага Бога, пастаянную патрэбу чалавека ў Яго міласэрнасці і доўг кожнага дзяліцца міласэрнасцю з бліжнімі.
    Кардынал падкрэсліў, што сёння людзі, на жаль, часта не адчуваюць патрэбы ў міласэрнасці. Ёю пагарджаюць, таму што памылкова прымаюць міласэрнасць за слабасць. Між іншым, яе праява ў адносінах да іншых адкрывае на любоў Езуса, якая можа “стварыць чалавека нанова”. Папскі легат звярнуў увагу на фальшывую міласэрнасць або псеўдаміласэрнасць, “калі спрыянне камусьці адарвана ад сапраўднага дабра ці праўды”. І заахвоціў вернікаў да сведчання сапраўднай міласэрнасці, якая схіляе да нястомнага навяртання і адрачэння ад граху.
    Кардынал заклікаў рэалізоўваць міласэрнасць згодна з указаннямі папы Францішка: услухоўвацца ў Божае слова, разважаць над “скіраванымі да нас словамі”, нанова адкрываць для сябе ўчынкі міласэрнасці адносна душы і цела і нястомна карыстаць з сакраманту пакаяння, які дапамагае “рэальна пераканацца ў велічы міласэрнасці”. Іерарх пажадаў, каб Маці Хрыста была для ўсіх “натхненнем, апорай і нястомнай дапамогай у перажыванні Божай міласэрнасці”.
   
    Слова вучыць, а прыклад прыцягвае
    Вынікі трохдзённага форуму падвёў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У заключнай прамове іерарх падзякаваў усім удзельнікам кангрэсу і заахвоціў прысутных дзяліцца пачутым словам, каб паводле яго змяняць жыццё ў лепшы бок. Ардынарый падкрэсліў, што кожны мае магчымасць пакінуць пасля сябе ў гэтым свеце след. І гэта можна ажыццявіць праз міласэрнасць: працягнуўшы далонь для паяднання, прабачэння, дапамогі. “Таму няхай гэтая наша сустрэча будзе своеасаблівым заахвочваннем, каб мы ішлі і пазначалі сённяшні збунтаваны свет прысутнасцю Божай міласэрнасці”, – дадаў напрыканцы біскуп.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.