ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Пра кроціка Здзіся

Дзіцячы куточак

Жыў-быў кроцік па імені Здзісь, у якога былі вельмі хворыя ногі. Ён заўсёды з зайздрасцю назіраў за іншымі звяркамі, якія маглі бегаць, бавіцца і скакаць. А кроцік сядзеў у куце, і тады ніхто не бачыў вялікіх слёз, якія цяклі з яго вачэй. Аднойчы, калі вавёркі, лісічкі, кроцікі і зайчыкі як звычайна весела гулялі, прыляцела мудрая сава. Птушка заўважыла маленькага звярка, які сядзеў у кутку пад дрэвам і плакаў. Ёй зрабілася шкада Здзіся. Сава села побач з ім на шырокай галіне і сказала:
    – Здзісь, не плач, яшчэ ж не ўсё страчана. Я чула пра ўрача, які лечыць ногі. Але ён жыве вельмі далёка адсюль, і трэба яго шукаць. Калі б ты з ім сустрэўся, ён, напэўна, вылечыў бы цябе. Мудрая сава сказала, што гэта незвычайны ўрач. А калі так, то не было чаго вагацца. І Здзісь вырашыў паспрабаваць.
– Калі гэты ўрач мне не дапаможа, – мармытаў сабе пад нос кроцік, – то гэтага ўжо ніхто больш не зробіць.
    Як толькі надышоў вечар, Здзісь выбраўся з норкі і пакульбаў у падарожжа. Ногі вельмі балелі. Ён перасоўваўся павольна і часта вымушаны быў адпачываць. Часам Здзісь ажно сціскаў ад болю зубкі, але, нягледзячы на гэта, ішоў далей.
    Па дарозе ён пытаўся ў звяроў, ці не бачылі яны гэтага незвычайнага доктара. Некаторыя казалі, што Вялікага Лекара не існуе, іншыя паказвалі памылковы напрамак. Урэшце кроцік ужо сапраўды не ведаў, куды ісці. Ён з сумам звесіў галоўку, сеў у роспачы пад дрэвам і пачаў плакаць. Раптам Здзісь пачуў шум крылаў савы.
    – О, ты тут! Ты знайшоў Вялікага Лекара? – запыталася сава.
    – Не. І я не ведаю, дзе яго шукаць, – адказаў кроцік.
    Тады сава са здзіўленнем паглядзела на ногі звярка.
    – Але табе ўжо не патрэбны ўрач! Твае ногі здаровыя, толькі слабаватыя. Шукаючы Лекара, ты трэніраваў мышцы ног, нягледзячы на боль. Гэтыя практыкаванні дапамаглі табе! Як жа гэта дзіўна! Як незвычайна!
    І сапраўды, кроцік мог хадзіць усё даўжэй і далей, а боль станавіўся ўсё меншым. Хутка Здзісь ужо мог без перашкод бавіцца са сваімі ляснымі сябрамі.
   
- Ці добра зрабіў кроцік, адпраўляючыся на пошукі Лекара?
    - Што было б, каб ён застаўся ў норцы?
    - Ці здаралася Табе рабіць штосьці, што здавалася непатрэбным?
   
    Як Ты разумееш словы:
    “Часам дастаткова шукаць, і тое, чаго мы шукаем, будзе нам дадзена ў дарозе, ціха і незаўважна”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.