ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Пад Тваю абарону

Хрысціянскія традыцыі

У каталіцкім Касцёле многія месяцы ў годзе прысвечаны асобным набажэнствам. У пачатку мая цяжка не ўзгадаць, што распачынаецца цудоўная пара, прысвечаная Маці Божай. Ля ног Найсвяцейшай Панны Марыі збіраюцца дзеці і дарослыя, молячыся праз Яе заступніцтва, прысвячаючы Ёй свае сем’і, просячы, каб узяла пад сваю апеку.
Галоўнай часткай маёвых набажэнстваў з’яўляецца Ларэтанская літанія, калі мы ўсхваляем Маці Божую рознымі тытуламі, просячы, каб Яна была для нас найлепшай Маці. Але існуюць і іншыя спосабы ўшанавання Марыі Панны, якія дазваляюць з усім сэрцам аддацца ў палон Яе любові.
   
    Святы Людовік Грыньён дэ Манфор пісаў пра Маці Божую Каралеву ўсіх сэрцаў як пра “Шэдэўр Божага стварэння”. Прапануем дзесяць спосабаў, каб ушанаваць Каралеву Усіх Святых: 

    1. Распачынай дзень з Марыяй
    Кожную раніцу мы павінны ў малітве прысвячаць сябе Езусу праз Беззаганнае Сэрца Марыі. Гэта гарантыя ўдала распачатага дня.
   
   Моладзь спявае на хвалу Марыі, праслаўляючы Яе цноты і просячы Яе заступніцтва 2. Маліся “Angelus” і “Regina Caeli”
    Гэтыя марыйныя малітвы разважаюць ключавую прысутнасць Марыі ў таямніцы Збаўлення – уцелаўлення, мукі і смерці Пана Езуса.
   
    3. Прысвяці дом і сям’ю Яе Беззаганнаму Сэрцу
    Падрыхтавацца да прысвячэння можна праз дзевяцідзённае ружанцовае набажэнства, а затым папрасіць святара асвяціць абраз Найсвяцейшай Панны Марыі і паблаславіць сям’ю.
   
    4. Прысвяці сябе Марыі
    Гэта можна зрабіць праз акты, створаныя святымі Касцёла, напрыклад, узгаданым Людовікам дэ Манфорам і Максімільянам Кольбэ. Змест актаў можна знайсці ў кніжцы з набажэнствам.
   
    5. Пераймай святую Багародзіцу
    Калі мы сапраўды кагосьці любім, то хочам пазнаць гэтага чалавека лепш, накіроўвацца за ім і пераймаць усе яго добрыя рысы, якія Касцёл называе цнотамі. Пераймаем цноты Марыі: глыбокую пакорнасць, жывую веру, сляпое паслушэнства, нястомную малітву, здольнасць да самаадрачэння, непаўторную чысціню сэрца, гарачую любоў, гераічную цярплівасць, анёльскую дабрыню і нябесную мудрасць.
   
    6. Спакуса? Кліч нашу Пані
    Заўсёды, калі мы адчуваем спакусу, просім аб дапамозе Марыю. Д’ябал панічна баіцца Яе імя! Таму ў хвіліны спакусы пабожна адгаворваем “Вітай, Марыя!”.
   
    7. Ушаноўвай Марыю ў літургічным годзе
    Незлічоная колькасць свят у гонар Маці Божай сведчыць аб вялікай марыйнай набожнасці сярод Хрыстовага народу. Няхай гэтыя дні будуць для нас выразам удзячнасці да Найсвяцейшай Багародзіцы, нагодай, каб аднавіць і паглыбіць малітву.
   
    8. Чытай пра Каралеву Анёлаў
    Каб быць верным і набожным дзіцём Марыі, неабходна духоўная і інтэлектуальная фармацыя. Таму мы павінны клапаціцца як пра набажэнствы, так і пра веданне дактрыны. Пачаць можна з апостальскага ліста св. Яна Паўла ІІ “Найсвяцейшая Панна Марыя і Ружанец”.
   
    9. Стань апосталам Марыі
    Св. Максімільян Кольбэ адзначаўся неапісальнай любоўю да Маці Збаўцы. Адным з метадаў, якія ён прапанаваў, было набажэнства да Беззаганнай з дапамогай цудоўнага медаліка. Святы называў яго “духоўным патронам”. Мы таксама можам далучыцца да якой-небудзь з груп, што асаблівым чынам ушаноўваюць Маці Божую Фацімскую. Апосталы Фацімы – гэта людзі добрай волі, якія хочуць выправіць свет і навярнуць блукаючых.
   
    10. Зрабі Ружанец асновай свайго жыцця
    Маці Божая, аб’яўляючыся ў Фаціме траім дзецям, кожны раз (аж шасцікратна!) настойвала на адгаворванні Ружанца. Ці можам мы адмовіць паўторанай шэсць разоў просьбе ўласнай Маці?

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.