ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Узараць глебу душы

На скрыжаванні

Хвала Хрысту!
    Вітаю чытачоў моладзевай рубрыкі “На скрыжаванні”. У сённяшнім нумары мы з Вамі паразважаем пра ўсходы на духоўнай ніве, хрысціянскі ўраджай і Божыя шалі. Задумаемся, праз якія выпрабаванні праходзіць душа і на што спадзявацца пры ўваскрасенні з мёртвых.
   Наперад з Богам!

    ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ:
    “Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім” (Мц 13, 24)
   Валадарствам Нябесным называецца дзеянне ласкі Духа Святога ў чалавеку, які паверыў у Бога і жыве паводле Яго наказаў. Такім чынам, Валадарства не прыходзіць неяк знешне, а здабываецца ўнутры чалавека: праз “добрае насенне” Бог знаходзіцца ў душы, якая Яго любіць.
   
    ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА:

    каб земляробы атрымлівалі належную ўзнагароду за сваю каштоўную працу
   Здаўна земляробства лічылася адной з самых галоўных галін чалавечай дзейнасці. Людзі працавалі на зямлі, каб сабраць добры ўраджай і пракарміць сябе і сваю сям’ю. Падзякуем жа за людзей, якія зараз працуюць на зямлі і забяспечваюць усіх нас прадуктамі жыццядзейнасці.
   
  ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА:
    духоўнае насенне
   Душа нараджаецца для вечнасці. Але каб яе дасягнуць, душа павінна злучыцца з целам і прайcці на зямлі праз шматлікія выпрабаванні. З гэтай прычыны жыццё чалавека часта нагадвае барацьбу за задавальненне духоўных або цялесных патрэб. Варта памятаць пра найважнейшае і клапаціцца пра тое, што мае прадаўжэнне ў вечнасці.
    Папярэдне падрыхтаванае насенне здольна прынесці добры плён. Нездарма кажуць: што пасееш, тое і пажнеш. Час паразважаць: а якое насенне мы засяваем у сваю душу, на што спадзяёмся пры сканчэнні веку і ўваскрасенні з мёртвых?
   
 МЭТА МЕСЯЦА:
    зазірнуць у свой унутраны свет
   У эпоху матэрыялізму чалавек усё больш канцэнтруецца на знешнім свеце. З-за гэтага церпіць унутраны, які таксама патрабуе ўвагі. А калі не даглядаць за ўнутранай прыродай, яна можа парасці пустазеллем, там могуць завесціся шкоднікі. І тады ўжо цяжка будзе выратаваць душу, вярнуць яе да таго першапачатковага стану, у якім яна была падорана чалавеку Богам. Давайце зазірнём унутр сябе і вызначым стан сваёй душы. Дарэчы, гэта трэба рабіць рэгулярна.
   
 СПРАВА МЕСЯЦА:
    узараць глебу душы
   Як і ў земляробаў ёсць час сяўбы і жніва, так і ў хрысціяніна ёсць адпаведныя перыяды. У абодвух выпадках перш чым нешта пасадзіць, трэба падрыхтаваць глебу – узараць яе, гэтым самым стварыўшы спрыяльныя ўмовы для пасадкі. Як можна ўзараць глебу душы? Ачысціцца і прыступіць да сакрамантаў споведзі і святой Камуніі. Толькі пасля можна высяваць насенне і спадзявацца на багаты ўраджай.

 КНІГА МЕСЯЦА:
  “Як упарадкаваць свой унутраны свет”, Гордан Макдональд
   Аўтар кнігі ўпэўнены, што маральнае, духоўнае і фізічнае здароўе хрысціяніна ў поўнай меры залежыць ад стану яго ўнутранага свету. Калі там пануе парадак, спакой і гармонія, то жыццё прыносіць плён любові, радасці і душэўнай раўнавагі. У кнізе разглядаецца матывацыя, розум, веданне. Прапануецца памятка для неарганізаванага чалавека і дапаможнік па правільным выкарыстанні часу.

 ПЕСНЯ МЕСЯЦА:

   “Жыццё – гэта поле”, Анастасія Яроміна
   “Жыццё – гэта поле, ты сам выбіраеш: насенне якое ў яго апускаеш”, – сцвярджае выканаўца. І тут жа заклікае памятаць пра тое, што плён будзе пазней, бо “усё на шалі Бог калісьці пакладзе”. У песні гучыць запрашэнне ўстаць у цішы перад Богам, каб атрымаць ацаленне і ўбачыць у сваёй душы промень святла і дабра.
 
АСОБА МЕСЯЦА:

    святы Юрый
   Нарадзіўся ў хрысціянскай сям’і ў другой палове ІІІ стагоддзя. Пасля дасягнення паўналецця пайшоў па слядах бацькі, уступіўшы ў рымскую армію. Стаў народным трыбунам і атрымаў тытул графа. Належаў да асабістай аховы імператара Дыяклетыяна, калі той знаходзіўся ў Нікамедыі.
    У 303 годзе імператар выдаў указ аб ганеннях на хрысціян на тэрыторыі Імперыі. Юрый пакінуў вайсковую службу і перад імператам аб’явіў сябе хрысціянінам. Раз’юшаны Дыяклетыян загадаў катаваць Юрыя.
    Яго забілі (адсеклі галаву) 23 красавіка 304 года. Цела Юрыя было пахавана ў Ліддзе. У хуткім часе хрысціяне пачалі маліцца да яго як да мучаніка.
    Літургічны ўспамін у паўсюдным Касцёле – 23 красавіка. Святы Юрый з’яўляецца заступнікам вандроўцаў, салдатаў, кавалёў, бачароў, мастакоў, вязняў, скаутаў і харцэраў. Сваім заступнікам яго лічаць і земляробы.
    Пра святога існуе легенда. У адной мясцовасці цмок зрабіў гняздо. Кожны дзень жыхары ахвяравалі яму авечку, а калі не знаходзілі яе, павінны былі аддаць узамен адну з дзяўчат. Аднойчы тварам да твару з цмокам стаў Юрый, які абараніў сябе знакам крыжа і перамог пачвару. Удзячныя гараджане пакінулі язычніцтва і перайшлі ў хрысціянства.
   
   
Да якіх святых звяртацца з асаблівай просьбай аб заступніцтве ў красавіку?
    Св. Францішак (2 красавіка),
     св. Ізідар (4 красавіка),
     св. Юлія (8 красавіка),
     св. Марцін (13 красавіка),
     св. Анастасія (15 красавіка),
     св. Роберт (17 красавіка),
     св. Агнешка (20 красавіка),
     св. Юрый (23 красавіка),
     св. Зіта (27 красавіка).
   
    Усе заўвагі і пажаданні дасылайце ў рэдакцыю або на электронны адрас аўтара рубрыкі Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript .

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.