ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Крыжовы шлях у Гродзенскай дыяцэзіі

З жыцця Касцёла

У Вялікую сераду Крыжовы шлях вуліцамі горада адбыўся ў Іўі. Пакаяннае набажэнства працягвалася каля дзвюх гадзін і скончылася позна вечарам. У ім прыняло ўдзел каля тысячы чалавек. Наперадзе шэсця знаходзіўся крыж, які па чарзе асобна неслі мужчыны, а таксама міністранты, прадстаўнікі касцёльных рухаў, службы аховы здароўя, сацыяльных службаў, настаўнікі, супрацоўнікі выканкама. “Крыжовы шлях вуліцамі Іўя ў Вялікую сераду – ужо традыцыя. Радуе, што ў ім прымае ўдзел столькі людзей”, – заўважыў пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ксёндз Ян Гавецкі.

    У пятніцу перад Пальмовай нядзеляй Крыжовы шлях адбыўся ў Сапоцкіне. Вернікі разам са сваім пробашчам ксяндзом Антоніем Абухоўскім прайшлі вуліцамі мястэчка, разважаючы над мукай і смерцю Езуса Хрыста. Такі крыжовы шлях ужо стаў традыцыяй у парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Язафата Кунцэвіча. Падчас набажэнства да прысутных даносілася думка, што штодзённыя змаганні, радасці і смутак, паражэнні і перамогі толькі тады прывядуць да неба, калі будуць вынікаць з любові. А Бог, які ёсць Любоў, годны таго, каб любіць Яго больш за ўсё, а ў Ім – кожнага чалавека.
   
    Традыцыйна ў апошнюю суботу перад Вялікім тыднем Крыжовы шлях прайшоў вуліцамі Гродна. Шосты год запар вернікі такім чынам ушанавалі пакуты Езуса Хрыста. Сёлета ад стацыі ад стацыі крыж па чарзе неслі парафіяне з усіх касцёлаў горада Гродна, а таксама клерыкі і ўдзельнікі рэкалекцый ВДС, студэнты з Афрыкі і моладзь з душпастарства “OPEN”. Падчас пакутнага шляху прысутныя разважалі аб найбольш характэрных заганах сучаснага чалавека: абыякавасці, крызісе ўдзячнасці, пошуку выгады ў любові да Бога і чалавека, непамернай ганарыстасці і непавазе да чалавечай годнасці.
   
    У гэты ж дзень Крыжовы шлях адбыўся і ў парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні. Моцныя ўражанні напаўнялі не толькі сэрцы ўдзельнікаў набажэнства, але і сэрцы тых, хто выпадкова сустракаўся на іх шляху. Людзі спыняліся – і звычайная цікавасць спантанна змянялася глыбокім роздумам. Да духоўных разважанняў далучаліся і фізічныя, бо ўсе вернікі парафіі мелі магчымасць па чарзе несці крыж: моладзь, дзеці, жанчыны, мужчыны, духавенства. Напрыканцы пакаяннага набажэнства ўдзельнікаў напаўняла ўпэўненасць, што гэты шлях не заканчваецца на крыжы, але ідзе далей, да вялікай радасці Божага Валадарства.
   
    У Вербную нядзелю ў Вялікай Бераставіцы адбыўся інсцэніраваны Крыжовы шлях. Некалькі соцень вернікаў – не толькі з гарадскога пасёлка, але і з суседніх парафій – з крыжамі ў руках і запаленымі свечкамі прайшлі пакутны шлях, перажываючы евангельскія сцэны апошніх момантаў зямнога жыцця Езуса Хрыста. У набажэнстве прыняў удзел дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Іерарх адзначыў, што пакутныя сцэны бічавання, укрыжавання і смерці Хрыста паказваюцца не для таго, каб напалохаць людзей, а каб дапамагчы ўсвядоміць, наколькі вялікай з’яўляецца Божая любоў і цана чалавечага збаўлення.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.