ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Касцёл Міласэрнасці

Слова рэдактара

Пантыфікат папы Францішка разглядаецца, у першую чаргу, праз прызму міласэрнасці. У сваім навучанні і паслузе Святы Айцец прагне зрабіць усё, каб змяніць гэты свет, каб ён спазнаў Божую міласэрнасць. Абвяшчаючы Год міласэрнасці, Папа хацеў, каб не было вайны і тэрарызму, каб бедныя людзі мелі магчымасць весці годнае жыццё, каб праз міласэрнасць чалавек пазнаў добрага Бога, які кожнага бласлаўляе ў яго жыцці.Адзін з нямецкіх кардыналаў на распачацце Года міласэрнасці сказаў: “Мы павінны казаць пра Бога па-новаму. Пра Бога, які прымае, слухае, бачыць пакуты чалавека, спадарожнічае нам. Я лічу, што такі Бог мае ў сабе штосьці новае, што прыцягвае сучаснага чалавека. Гэта скандал, што многія людзі з па-за Касцёла ўспрымаюць яго як неміласэрны. Касцёл павінен змяніць гэта. Ён павінен стаць, як кажа Папа, Касцёлам з адчыненымі дзвярамі і вокнамі, Касцёлам, які выходзіць на перыферыю, а не з’яўляецца замкнутай крэпасцю”.
Моц міласэрнасці пераменіць шырокую панараму трагедыі сучаснага свету, пераменіць сэрца кожнага чалавека. Касцёл становіцца асаблівым месцам абвяшчэння праўды Божай міласэрнасці. Варта ў чарговы раз прыгадаць запавет Хрыста Міласэрнага, перададзены праз святую сястру Фаустыну: “Я даю табе тры спосабы здзяйснення міласэрнасці адносна бліжняга: першы – учынак, другі – слова, трэці – малітва; у трох гэтых ступенях заключаецца паўната міласэрнасці, якая з’яўляецца неабвержным доказам любові да Мяне” (Дз. 742).
Сустракаючы ў сваім жыцці міласэрнага Езуса, чалавек становіцца міласэрным, а сваімі ўчынкамі, навучаннем і адначасова малітвай ён можа многае ўчыніць у сённяшнім свеце. “Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць” (Мц 5, 7). На кожнага з нас ускладзена вялікая задача. Сёння вельмі патрэбны апосталы міласэрнасці, жывое сведчанне веры. Свет патрабуе ўчынкаў міласэрнасці, патрабуе малітвы аб міласэрнасці. Нельга занядбаць ніводнага з гэтых вымярэнняў апостальства, і тады супольная справа міласэрнасці прынясе плён. Перажываючы свята міласэрнасці, мы просім, каб людское сэрца перамянілася, а Касцёл, адчыняючы свае брамы і вокны, стаў цэнтрам культу Божай міласэрнасці.
   
    Міласэрнасць з’яўляецца фундаментам Касцёла. Кожны з нас належыць да Хрыстовага Касцёла і павінен будаваць жыццё на гэтым фундаменце. Касцёл Міласэрнасці з’яўляецца адзіным ратункам для чалавека і свету.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.