ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Праз міласэрнасць прыпадобніцца да Хрыста

Практыкаванні ў міласэрнасці

“Слова Жыцця” прадстаўляе ўвазе чытачоў праект пад назвай “Практыкаванні ў міласэрнасці”. З гэтага нумара ў газеце распачынаецца публікацыя серыі разважанняў на тэму ўчынкаў міласэрнасці адносна душы і цела. У чытачоў з’яўляецца выдатная магчымасць паглыбіць сваё разуменне наконт праяў веры. Душпастары распавядуць пра тое, як можна рэалізаваць годныя справы. Духоўныя “трэніроўкі” здольны пераўвасобіцца ў добрую звычку – звычку ажыццяўляць міласэрнасць. Праз яе чалавек становіцца падобным да Хрыста. А Вы б хацелі быць падобнымі да Езуса?

Учынак для душы бліжняга.
Настаўляць грэшнікаў
Людзі прыходзяць у гэты свет са схільнасцю да граху. Таму часта жыццё падобна на пастаянную барацьбу з грахоўнымі думкамі, жаданнямі, пачуццямі і, у далейшым, словамі і ўчынкамі. У малітве “Ойча наш” прамаўляем наступныя словы: “і даруй нам грахі нашы”, у якіх гучыць просьба прабачэння да Бога за здзейсненыя грахі. Гэта пацвярджае думку аб тым, што кожны чалавек мае патрэбу ў збаўленні. Паводле слоў апостала Паўла, усе мы грэшнікі: “Няма ніводнага справядлівага, няма разумнага, няма таго, хто шукаў бы Бога. Усе заблукалі, усе разам сталі нягоднымі; няма таго, хто рабіў бы дабро, няма ніводнага” (Рым 3, 10–12).
Зграшыць – значыць заблукаць, трапіць на няправільны шлях. У біблейскай тэрміналогіі няправільны – гэта шлях, далёкі ад Бога, ад Яго запаведзяў. З’яўляючыся братамі ў веры, нельга заставацца раўнадушнымі да таго, што з-за граху бліжні сыходзіць з правільнай дарогі. Хрысціяне не могуць думаць выключна пра сваё збаўленне, бо тым самым парушаюць галоўную запаведзь любові да Бога і чалавека.
    У гісторыі Касцёла настаўленнем у духу любові вылучаліся апосталы, прарокі і святыя. Але гэтая задача таксама стаіць і перад намі, супрацоўнікамі Езуса Міласэрнага. Хрысціяне павінны быць тымі “анёламі на зямлі”, гатовымі засцерагчы бліжняга, папярэдзіць або штосьці яму падказаць, адкрыць на нешта вочы або запрасіць паглядзець на жыццё з другой перспектывы.
    Даслоўны пераклад з грэчаскай мовы слова “настаўленне” гучыць так: “заклікаць кагосьці задумацца”. Інакш кажучы, чалавек павінен прапаведаваць, бо настаўленне з’яўляецца адным са спосабаў абвяшчэння Евангелля. Яго таксама можна расцэньваць як павучанне, параду, якія вынікаюць з клопату і любові да бліжняга.
    Настаўленне належыць здзяйсняць далікатным і лагодным спосабам, які вынікае з Божай любові. Калі сорам або страх замінаюць у здзяйсненні ўчынку міласэрнасці, неабходна звярнуцца з малітвай да Духа Святога. Да яго ж звяртаемся, выпрошваючы дар мудрасці. Нельга настаўляць, пакуль мы не ведаем праўды, бо нельга грунтавацца на здагадках. Нават тады, калі мы ўжо ведаем праўду, мы не павінны настаўляць, пакуль не злучым яе з любоўю. Толькі любоў трапляе ў сэрца, а праўда, не спалучаная з любоўю, не паходзіць з сапраўднай любові. Больш дабра прынясе адно лагоднае слова, што плыве з любові, чым тысяча слоў без любові.
    Непажадана перасцерагаць адразу пасля правіны, таму што тады над чалавекам яшчэ валадараць эмоцыі. З-за гэтага нельга дастукацца ані да яго розуму, ані да сэрца. Не трэба пачынаць з чытання натацый, гэта, вядома, адштурхоўвае. Варта звярнуць увагу на добрыя якасці чалавека, мажліва, за штосьці яго пахваліць. І толькі пасля выказацца адносна таго, на што бліжняму неабходна звярнуць сваю ўвагу.
    Настаўляць трэба спакойна, без раздражнёнасці. Непажадана рабіць гэта пры людзях: папярэджанне можа выклікаць яшчэ большае зло. Лепш пагаварыць з чалавекам сам-насам. І не забываць галоўнае: настаўленне павінна здзяйсняцца не з пазіцыі кагосьці лепшага альбо больш разумнага, а з пазіцыі асобы, якая таксама знаходзіцца на шляху развіцця. Памятайце, “калі хто з вас збочыў са шляху праўды, а нехта вярнуў яго, няхай ведае: хто вярнуў грэшніка з аблуднага шляху яго, збавіць душу ягоную ад смерці і закрые мноства грахоў” (Як 5, 19–20).
   
5 прычын, каб здзейсніць учынак міласэрнасці:
    1. Мы адказныя адзін за аднаго перад Богам.
    2. Калі рэагуем на грэх бліжняга маўчаннем, то міжвольна саўдзельнічаем у ім.
    3. Чалавек, да якога звяртаемся, можа не ведаць пра грэх і яго наступствы.
    4. Настаўленне хоць і прымаецца неахвотна, можа прывесці да станоўчага выніку.
    5. Добрая парада ў сілах узмацніць голас сумлення чалавека і спыніць яго ад здзяйснення граху.

   
Кс. Ян РаманоўскіНастаўляць адзін аднаго могуць муж і жонка. Сужэнства павінна духоўна ўдасканальвацца, а хрысціяне як раз пакліканы да таго, каб дапамагаць адзін аднаму развівацца. Бацькі могуць настаўляць сваіх дзяцей. Узрост не мае ніякага значэння, калі гаворка ідзе пра ўчынкі, якія супярэчаць маральным нормам. Кожны з нас можа настаўляць сваіх сяброў, калег па працы, а таксама кожнага чалавека, які робіць нешта, што нязгодна з Божымі наказамі. Гэтаму нас вучыць Езус, бо кожны чалавек аднолькава важны для Бога.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.