ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Велікапоснае сэрца

Слова рэдактара

Сённяшні свет становіцца ўсё менш чалавечны. У сродках масавай інфармацыі часцей можна пачуць пра войны, забойствы, аварыі і катастрофы. Нават сам чалавек перастае быць чалавечным. Можа, гэта занадта моцнае сцверджанне, але мы пачынаем усё больш клапаціцца і непакоіцца пра свой мабільны тэлефон, чым пра сэрца, пра аўтамабіль, чым пра блізкіх, пра фінансавую незалежнасць, чым пра духоўнае развіццё. Чалавек губляе сваё месца ў гэтым свеце, губляецца сам. Забываючыся пра Стварыцеля, мы забываемся пра тое, хто мы і ў чым сэнс нашага жыцця.
Перыяд Вялікага посту дае надзею на тое, што нам яшчэ хопіць сіл, каб пера-адолець усе свае слабасці і перажыць уласнае навяртанне. Папскі прапаведнік а. Канталамеса падчас рэкалекцый расказаў пра адно такое навяртанне і пра моц уздзеяння Божага слова ў жыцці чалавека. “Гэта быў алкаголік на апошняй стадыі. Ён не мог вытрымаць больш за дзве гадзіны, каб не выпіць. Сям’я знаходзілася на мяжы адчаю. Яго разам з жонкай запрасілі на сустрэчу аб Божым слове. Там хтосьці прачытаў фрагмент Святога Пісання. Адзін сказ працяў мужчыну, як полымя агню, і даў яму ўпэўненасць, што ён аздароўлены. Пазней кожны раз, як з’яўлялася спакуса выпіць, мужчына хутка разгортваў Біблію ў гэтым самым месцы. І толькі зноў чытаючы гэтыя словы, адчуваў, што да яго вяртаецца сіла ажно да поўнага выздараўлення. Калі ён хацеў сказаць, што гэта за сказ, яго голас задрыжаў ад хвалявання. Гэта былі словы з Песні песняў Саламона: “Твая любоў лепшая за віно” (1, 2). Вучоныя круцілі б носам ад такога прымянення біблійнага тэкста, але гэты чалавек мог сказаць: «Я быў мёртвы, а цяпер я вярнуўся да жыцця».
Так, як сляпы ад нараджэння казаў тым, хто яго крытыкаваў: «Я быў сляпы, а цяпер бачу» (параўн. Ян 9, 10)”, – сказаў а. Канталамеса. Такія сведчанні даюць нам пацвярджэнне таго, што чалавек не здолее нічога зрабіць сам, што толькі разам з Богам ён можа пачуць тут, на зямлі, сапраўдны смак шчасця. Навяртанне становіцца чарговым крокам у пазнанні Бога і Яго збаўчага плану адносна кожнага з нас.
    Змяніць лёсы сваёй гісторыі жыцця, зразумець сэнс уласнага жыцця – гэта заданні для кожнага з нас. Усім неабходна навяртанне, таму што мы бачым сваю слабасць. Яго можна перажыць толькі тады, калі мы запросім Хрыста ў сваё сэрца, калі пачнём клапаціцца пра тое, што для нас з’яўляецца збаўчым. У цэнтры велікапос- нага перыяду знаходзіцца наша ўласнае сэрца, у якім жыве ўкрыжаваны Хрыстос. Мінула ўжо большая частка гэтага перыяду, таму варта задумацца, ці быў намі прыняты той заклік да навяртання, які мы чулі на пачатку Вялікага посту, ці спрыяе клімат гэтага часу глыбейшаму роздуму над таямніцай Хрыста і над уласным жыццём.
    “Клапаціся ў сваім сэрцы аб тым, што мілае Богу, – заахвочвае св. Аўгустын.
    – Трэба яго разбурыць. Чаму ты баішся, што разбуранае яно перастане існаваць? Напісана: «Чыстае сэрца ствары ўва мне, Божа». Каб магло ўзнікнуць чыстае, трэба разбурыць нячыстае”. Нашае сэрца становіцца месцам сустрэчы з Хрыстом, месцам крыжовай ахвяры. Нельга губляць уласную чалавечнасць, нельга губляць сваё жыццё, але разам з Хрыстом пайсці на Галгофу, каб з’яднацца з Ім ва ўваскрасенні. Няхай нашыя велікапосныя сэрцы будуць напоўнены Богам.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.