ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Першая ў гісторыі сустрэча Папы і Патрыярха

З жыцця Касцёла

Кіраўнікі хрысціянскіх Цэркваў абмеркавалі шэраг праблем, з якімі сутыкнуўся свет

Папа Рымскі Францішак і Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл сустрэліся на Кубе. Падзея здзейснілася ўпершыню пасля Вялікага расколу 1054 года. Вынікам перамоваў стала падпісанне сумеснай дэкларацыі.
Пытанне аб правядзенні мерапрыемства абмяркоўвалася каля 20 гадоў. Сустрэча адбылася 12 лютага ў 14.25 па мясцовым часе ў аэрапорце Гаваны. Як растлумачылі спікеры абедзвюх Цэркваў, месца для дыялогу было абрана невыпадкова: папа Францішак пачынае свой апостальскі візіт у Мексіку, а патрыярх Кірыл даўно планаваў наведаць Кубу.
На пачатку сустрэчы кіраўнікі дзвюх хрысціянскіх Цэркваў тройчы абмяняліся брацкім цалаваннем. Пасля першых хвілін размовы прэсу папрасілі выдаліцца з залы. Перамовы адбываліся за зачыненымі дзвярыма больш за дзве гадзіны. Супрацоўнік Папскай рады па садзеянні адзінству хрысціян а. Іакінф Дэстывель адзначыў, што гэта вельмі шмат, “больш, чым любая аўдыенцыя ў Ватыкане”. Затым іерархі выступілі і зрабілі заяву для журналістаў.
   
Патрыярх Кірыл раней ужо асабіста сустракаўся з папярэднімі папамі – Янам Паўлам II і Бенедыктам XVI. Гэта было яшчэ да таго, як ён заняў пасаду Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі.

    У выніку перамоў падпісана дэкларацыя, якая змяшчае 30 пунктаў. У ёй кіраўнікі хрысціянскіх Цэркваў заклікалі сусветную супольнасць аб’яднацца ў барацьбе з тэрарызмам, спыніць ганенні на хрысціян і канфлікт ва Украіне. Іерархі асудзілі гвалт, эўтаназію, аборты і аднаполыя саюзы. Выказалі заклапочанасць адносна лёсаў мігрантаў і бежанцаў, біямедыцынскіх рэпрадуктыўных тэхналогій. “Хрысціянскае сумленне і пастырская адказнасць не дазваляюць нам заставацца абыякавымі да выклікаў, што патрабуюць сумеснага адказу”, – гаворыцца ў заяве.
    Падпісаная дэкларацыя закранае шырокі спектр пытанняўАсаблівы зварот скіраваны ў бок хрысціянскай мола-дзі. “Вам, маладым, належыць не закопваць талент у зямлю (Мц. 25, 25), але ужыць усе падараваныя вам Богам здольнасці для зацвярджэння ў свеце ісціны Хрыстовай, для ўвасаблення ў жыццё евангельскіх запаведзей пра любоў да Бога і бліжняга. Не бойцеся ісці супраць плыні, адстойваючы праўду Божую, якую далёка не заўсёды бяруць у разлік сучасныя секулярныя стандарты”.
    Як паведамляе італьянскае агенцтва ANSA, кіраўнікі дзвюх Цэркваў таксама абмяняліся падарункамі. Патрыярх уручыў Папе копію іконы Казанскай Божай Маці, а Пантыфік падарыў суразмоўцу рэліквіі святога Кірыла і келіх.
    Адразу ж пасля сустрэчы на старонках іерархаў у сацыяльных сетках з’явіліся кароткія запісы. Патрыярх Кірыл падкрэсліў адкрытасць брацкай дыскусіі “з поўным разуменнем адказнасці за свае Цэрквы, за свой верны народ, за будучае хрысціянства і за будучыню чалавечай цывілізацыі”. Папа Францішак адзначыў, што гэта быў бласлаўлёны дзень: “Сустрэча з патрыярхам Кірылам – дар Божы. Маліцеся за нас”.
    На думку экспертаў, сустрэча можа стаць першым крокам на шляху да міжрэлігійнага дыялогу. Зазначана, што ў сучасным свеце хрысціяне пакліканы па-братэрску супрацоўнічаць у абвяшчэнні Евангелля. “Гэты свет, у якім імкліва падрываюцца духоўныя асновы чалавечага быцця, чакае ад нас моцнага хрысціянскага сведчання ва ўсіх сферах асабістага і грамадскага жыцця. Ад таго, ці зможам мы ў пераломную эпоху разам несці сведчанне Духа праўды, шмат у чым залежыць будучыня чалавецтва”, – падкрэсліваецца ў дэкларацыі.
   
Фрагмент каментарыя арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, адносна сустрэчы Папы Рымскага Францішка з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам
   
    Усё гэта стала магчыма дзякуючы гістарычнай і беспрэцэдэнтнай сустрэчы тысячагоддзя, якой была доўгачаканая і вымаленая сустрэча Папы Рымскага Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. За ўсё гэта падзякуем Богу, шляхі якога невядомы нікому і які ўносіць свае прыемныя і вельмі патрэбныя сюрпрызы ў наша жыццё. Нягледзячы на існуючыя паміж католікамі і праваслаўнымі праблемы, Папа і Патрыярх сталі вышэй іх дзеля дабра хрысціянства і свету. Сустрэча, якая прайшла ў духу брацкай любові, адкрытасці, узаемнай адказнасці за лёсы хрысціянства і развіцця цывілізацыі, паказала свету, што нашы Цэрквы могуць сумесна дзейнічаць у справе вырашэння праблем сучаснасці, а таксама сведчыць хрысціянскія каштоўнасці і бараніць іх.
    Папа і Патрыярх падкрэслілі вострую неабходнасць не толькі словамі, але і канкрэтнымі дзеяннямі імкнуцца да адзінства хрысціян, а таксама сумесна сведчыць Евангелле і адказваць на выклікі часу.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.