ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Рахунак сумлення

Хрысціянскія традыцыі

У папярэдніх нумарах “Слова Жыцця” мы разважалі аб устанаўленні Хрыстом сакраманту пакаяння і паяднання, а таксама аб вялікіх ласках, якія выплываюць з гэтага сакраманту. Аднак, каб добра і як мага больш плённа выкарыстаць крыніцу Божай міласэрнасці, з боку чалавека абавязкова павінна прысутнічаць адпаведная падрыхтоўка. Давайце ўявім сабе чалавека, які, магчыма, пасля доўгіх гадоў жыцця без Бога прыходзіць да споведзі непадрыхтаваным і гаворыць на пачатку, напрыклад, такія словы: “Я не быў у споведзі ўжо 25 гадоў і мне няма з чаго спавядацца, бо я не маю ніводнага граху”. Святы апостал Ян тлумачыць: “Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды” (1 Ян 1, 8). Перакананасць у адсутнасці граху з’яўляецца знакам дэфармацыі сумлення і адыходу ад Бога. Не дзіўна, што такая споведзь не прынясе ніякай карысці без адпаведнай дапамогі святара, які ля кратак канфесіянала павінен прысвяціць шмат часу на падрыхтоўку такога пэнітэнта.
Дык якім жа чынам мы павінны падрыхтавацца да споведзі?
    Усе мы, напэўна, памятаем час падрыхтоўкі да першай споведзі, калі нам казалі пра пяць умоў, неабходных для добрай споведзі. Мы ведаем іх на памяць: гэта рахунак сумлення, жаль за грахі, цвёрдае пастанаўленне выправіцца, шчырая споведзь і выкананне прызначанай пакуты. Без уліку гэтых умоў наша споведзь не прынясе плёну і, больш таго, яна будзе несапраўднай.
Давайце сёння паразважаем над першай з гэтых умоў – рахункам сумлення. Ужо само паняцце “рахунак сумлення” абуджае ў чалавеку нейкае нежаданне, бо атаясамліваецца з матэматычным спосабам акрэслівання сваёй душы. Але гэта не так. Рахунак сумлення – гэта шчырая рэвізія сваіх паводзін у прысутнасці Бога, перад Яго абліччам у атмасферы сыноўняй любові. Таму перад рахункам сумлення неабходна памаліцца, звярнуцца з просьбай аб дапамозе да Святога Духа, да Найсвяцейшай Маці. Адна толькі сканцэнтраванасць на сабе, без спасылкі на Бога і на Яго любоў, можа стаць прычынай узмацнення прэтэнзій да сябе, самакатавання, дэпрэсіі і роспачы, знеахвочвання і лёгкага апраўдання сваіх грэшных учынкаў. Такі чалавек баіцца глыбей зазірнуць у сваё жыццё, поўнасцю стаць у праўдзе перад Богам, убачыць, якія вялікія раны пакінулі ўчыненыя ім грахі. У яго выпрацоўваецца пэўны адпор супраць цяжкасці і болю самапазнання, супраць нежадання ўнутранай перамены. Тады дарослы чалавек паўтарае па прывычцы з дзіцячых гадоў, што, напрыклад, не слухаўся маму (калі маме 95 гадоў, а яму 75), не згаварыў пацеры (замест таго, каб сказаць штосьці большае пра сваю малітву, яе спосаб і матывы) і да т.п.
    Трэба таксама ўсведамляць, што падчас рахунку сумлення ўключаюцца розныя абаронныя механізмы, якія не хочуць дапускаць пазнання цэлай праўды аб сабе. Адным з іх з’яўляецца механізм праекцыі – перакладвання сваёй адказнасці за грахі на іншых лю-дзей. Мы можам заўважыць гэты механізм у біблійным апісанні граху першых бацькоў – Адама і Евы. Ева абвінавачвае вужа, што гэта ён падмануў яе, а Адам скідвае віну на Еву і нават на Бога: “Жанчына, якую Ты даў мне, яна дала мне” (Быц 3, 12). Такім чынам, рахунак сумлення трэба праводзіць адносна сваіх грахоў. Мы не маем ніякага права лічыць чужыя грахі: брата, сястры, мужа, нявесткі, цешчы і г.д.
    Чарговым абаронным механізмам з’яўляецца рэпрэсія – спіхванне ўсяго ў падсвядомасць пачуцця сваёй віны замест таго, каб пакорна прызнаць здзейснены грэх і яго наступствы, а таксама стаць з усёй гэтай праўдай перад Богам. Тады чалавек не хоча праводзіць грунтоўнага аналізу сваіх учынкаў і кажа, напрыклад, “краў”, але не ўдакладняе, што іменна ўкраў: яблык у садзе, машыну, грошы ці іншую рэч. Можа нават сказаць, што ўкраў ланцуг, але не ўзгадае, што да яго была прывязана карова.
    Трэба таксама абавязкова ўлічваць усе іншыя акалічнасці, якія ўплываюць на цяжар граху. Тэолагі маралісты пералічваюць сем такіх акалічнасцей: хто, што, дзе, калі, як, навошта і якімі сродкамі. Ёсць розніца ў граху крадзяжу ста рублёў і ста тысяч рублёў. Нашмат цяжэйшы будзе грэх, здзейснены ў касцёле, чым у іншым месцы. Таксама большую ступень крыўды мае той самы грэх, здзейснены ў дачыненні да беднай бабулі, чым да багатага міліянера і да т.п. Падобная сітуацыя назіраецца тады, калі хтосьці прызнаецца толькі ў тым, што зграшыў супраць шостай запаведзі, але не акрэслівае дакладна, які гэта быў грэх, з якой асобай, ці, можа, сам з сабой, або таксама грэшныя думкі, жаданні ці памкненні. Трэба таксама задумацца, якія наступствы меў гэты грэх, якая крыўда была ўчынена. Усё гэта абавязкова павінна быць вызнана на споведзі.
    Яшчэ адным механізмам з’яўляецца рацыяналізацыя, г.зн. самаапраўданне, што выкананы грэх на самой справе не такі вялікі, якім здаецца. Так хтосьці прызвычаіўся казаць, што, напрыклад, нерэгулярна ўдзельнічаў у нядзельнай святой Імшы альбо цяжка працаваў у нядзелю, але не растлумачвае, па якой прычыне і колькі разоў гэта ў яго здарылася. Самаапраўданне прыводзіць да таго, што чалавек не вызнае да-дзены грэх на споведзі, хоць павінен гэта зрабіць.
    Разам з цяжкімі грахамі абавязкова трэба прыгадваць іх тып, колькасць і акалічнасці, якія змяняюць род граху. Ёсць розніца: здзейсніць той жа грэх адзін раз альбо некалькі. Такую з’яву можна заўважыць асабліва ў выпадках п’янства, крадзяжу, нячыстасці, прапускання нядзельных святых Імшаў і інш. У рахунку сумлення мы таксама павінны задумацца над прычынамі, якія непасрэдна прыводзяць да грахоўных падзенняў. Тады лягчэй можна будзе распачаць працу над сабой і ў будучыні пазбегнуць гэтых грахоў, а таксама лепш убачыць шлях свайго жыццёвага паклікання. Недастаткова толькі падумаць пра тое, што дрэннага здарылася. Грахом з’яўляецца таксама кожнае занядбанне выканання дабра, да чаго мы абавязаны. Такія грахі таксама павінны стаць прадметам рахунку сумлення. Самы просты спосаб правесці рахунак сумлення – прааналізаваць сваё жыццё паводле дзесяці Божых запаведзей, сямі галоўных грахоў і касцёльных наказаў. Можна для гэтага выкарыстаць малітоўнік і змешчаныя ў ім адпаведныя пытанні. Рахунак сумлення будзе праходзіць лягчэй, калі ў нашае жыццё ўвойдзе звычай часта спавядацца і штодзённа рабіць рахунак сумлення, напрыклад, пасля вячэрняй малітвы.
    Кананічнае права (кан. 988) патрабуе, каб споведзь адбывалася пасля дакладнага рахунку сумлення. Споведзь без яго несапраўдная, а пры некаторых абставінах нават святакрадская. А ў выпадку забывання нейкага цяжкага граху, яго трэба далучыць і вызнаць падчас бліжэйшай споведзі. З гэтай хвіліны, ідучы да споведзі, давайце звяртаць большую ўвагу на рахунак сумлення.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.