ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Культ Божай Міласэрнасці

На шляху да святасці

У Паўсюдным Касцёле распаўсюджаны шматлікія культы: Найсвяцейшага Сэрца Езуса, Маці Божай, Святога Духа і інш. Самым новым і вядомым з’яўляецца культ Божай міласэрнасці. Не прайшло і сотні гадоў, як Госпад падараваў яго людзям праз святую сястру Фаустыну Кавальскую. Манахіня запісала Божы загад у сваім “Дзённіку”, і такім чынам яна стала найвялікшай прапаведніцай міласэрнасці Госпада.
Сутнасць культу
    Культ Божай міласэрнасці заснаваны на поўным даверы Усявышняму і накіраваны на шанаванне міласэрнасці Бога ў Тройцы Адзінага. Пакора з’яўляецца не толькі духам гэтай адданасці, але і ўмовай для атрымання ласкаў. Акрамя таго, пазіцыя даверу датычыць праяўлення міласэрнасці ў адносінах да бліжніх. Чалавек, які выконвае дадзеныя ўмовы, з’яўляецца жывым вобразам Божай міласэрнасці.
Існуюць і пэўныя абяцанні, якія Езус даў людзям пры ўмове спадзявання на дабрыню Бога і міласэрнасці ў дачыненні да бліжніх. Памылкова разлічваць на іх пры шанаванні культу неналежным чынам. Часта гэта адбываецца з-за фрагментарнага ўспрымання актаў Божай міласэрнасці. “Калі хтосьці, напрыклад, чытае Вяночак да Божай міласэрнасці, але пры гэтым не мае ў душы спадзявання, ён не атрымае ні адной з літасцяў, якія Езус звязаў з выкананым у даверы чытаннем гэтага вяночка”, – сцвярджае прафесар Ігнат Ружніцкі, які даў тэалагічную падставу культу ў дакладзе, падрыхтаваным для патрэб беа-тыфікацыйнага працэсу сястры Фаустыны.
    Такім чынам, варта ведаць пра 5 форм культу, якія сястра Фаустына атрымала ад Хрыста: абраз Езуса Міласэрнага, свята Міласэрнасці, Вяночак да Божай міласэрнасці, Гадзіна міласэрнасці і распаўсюджванне культу Божай міласэрнасці. Падрабязней паразважаем над кожным з іх.
   
   1. Абраз Езуса Міласэрнага
    Адным з відаў шанавання Божай міласэрнасці з’яўляецца абраз, які ўваходзіць у лік найбольш вядомых у гісторыі Касцёла і ў сучасным свеце малюнкаў уваскрослага Езуса. Менавіта такім 22 лютага 1931 года Гасподзь аб’явіўся сястры Фаустыне ў кляштары Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці ў Плоцку. “Увечары, знаходзячыся ў келлі, я ўбачыла Езуса Хрыста, апранутага ў белае. Адна Яго рука была паднятая для бласлаўлення, а другая дакраналася да адзення на грудзях. Са складкі адзення на грудзі зыходзілі два шырокія промні: адзін – чырвоны, другі – бледны. (...) Праз некаторы час Езус мне сказаў: «Напішы абраз, які ты бачыш, і зрабі надпіс: “Езус, спадзяюся на Цябе”. (…) Я абяцаю, што тая душа, якая будзе ўшаноўваць гэты абраз, не загіне. Абяцаю ёй таксама ўжо тут, на зямлі, перамогу над ворагамі, а асабліва ў смяротную гадзіну. Я сам буду ахоўваць яе, як сваю славу»” (Дз. 47–48). Абраз Божай міласэрнасці з’явіўся на свет па эскізе сястры ў 1934 годзе ў майстэрні віленскага мастака Яўгена Казіміроўскага. У 1935 годзе ён упершыню быў паказаны вернікам падчас першага тыдня Вялікадня ў Вільні ў Вострай Браме.
    З той пары па нататках манахіні было напісана нямала іншых версій Езуса Міласэрнага, сярод якіх ёсць і “няправільныя” абразы. Часцей за ўсё памылкі датычаць адсутнасці надпісу ўнізу выявы Хрыста або наяўнасці дамаляванага сэрца ці кароны. Гэтыя элементы падкрэсліваюць, што промні зыходзяць менавіта з сэрца, а Езус – гэта Цар Міласэрнасці.
    Сярод вядомых копій найбольшую папулярнасць атрымаў вобраз, створаны ў 1944 годзе Адольфам Гылей для кракаўскага санктуарыя Божай міласэрнасці. Гэты абраз знаходзіцца ў капліцы святога Юзафа, якая размяшчаецца на тэрыторыі санктуарыя. Менавіта з ім звязана выкананне слоў Езуса: “Я хачу, каб гэты абраз спачатку быў ушанаваны ў вашай капліцы, а потым – ва ўсім свеце” (Дз. 47), хоць і з’явіўся ён пазней. Сёння рэпрадукцыі гэтага абраза можна сустрэць на ўсіх кантынентах свету.
    Што ж да абраза, напісанага Казіміроўскім... Аказваецца, на працягу трыццаці гадоў (1956–1986 гг.) па прычыне ганенняў на Касцёл ён знаходзіўся ў Беларусі. У парафію ў Новую Руду яго прывёз ксёндз Юзаф Грасевіч, які быў прызначаны туды пробашчам. І толькі ў 1986 годзе абраз вярнуўся ў Вільню. Пазней ён быў перенесены ў касцёл Святой Тройцы, дзе ўзнік першы ў Літве санктуарый Божай міласэрнасці. Там ён і знаходзіцца да сённяшняга дня.
   
    2. Свята Божай міласэрнасці
    Устанавіць гэтае свята загадаў сам Езус. У бачанні да сястры Фаустыны Ён прамовіў: “Я жадаю, каб першая нядзеля пасля Вялікадня была святам Міласэрнасці” (Дз. 299). “Я жадаю, каб свята міласэрнасці было ратаваннем і прытулкам для ўсіх душ, а асабліва для няшчасных грэшнікаў. У гэты дзень адкрыты глыбіні Маёй міласэрнасці” (Дз. 699).
    У 1985 годзе кардынал Францішак Махарскі ўвёў свята ў Кракаўскай архідыяцэзіі. Затым тое ж у сваіх дыяцэзіях зрабілі некаторыя польскія біскупы. У 1995 годзе Папа Рымскі Ян Павел II афіцыйна ўвёў свята ў літургічны каляндар Польшчы. А ў дзень кананізацыі сястры Фаустыны – 30 красавiка 2000 года – абвясціў Нядзелю Божай міласэрнасці святам Паўсюднага Касцёла, якое па традыцыі адзначаецца ў апошні дзень Актавы Вялікадня.
    Згодна з воляй Езуса, у свята павінна адбывацца публічнае ўшанаванне абраза Божай міласэрнасці, з амбон мусяць гучаць казанні аб міласэрнасці. У гэты дзень у кожнага ёсць магчымасць атрымаць поўны адпуст і пазбавіцца ад пакаранняў. Неабходна адбыць добрую споведзь (без прыхільнасці нават да найменшага граху) і прыняць Святую Камунію. Сакраманты павінны здзяйсняцца ў духу пабожнасці, звязаным з культам Божай міласэрнасці: гэта значыць, у даверы Госпаду і дзейснай любові да бліжняга. Падрыхтоўкай да свята павінна быць чытанне Вяночка да Божай міласэрнасці на працягу 9 дзён, пачынаючы з Вялікай Пятніцы.
   
    3. Вяночак да Божай міласэрнасці
    Гэтую малітву Хрыстос даў сястры Фаустыне 13–14 верасня 1935 года ў Вільні. У манахіні было бачанне анёла, які сышоў на зямлю, каб пакараць лю-дзей за іх грахі. Яна стала прасіць анёла затрымацца, але, калі ўстала перад веліччу Святой Тройцы, не змагла паўтарыць сваёй просьбы. У той жа момант сястра праніклася сілай ласкі Езуса і пачала маліцца словамі, якія пачула ў душы. Пазней яна напісала: “Так молячыся, я ўбачыла бяссілле Анёла, які не мог здзейсніць справядлівае, належнае за грахі, пакаранне” (Дз. 475).
    На наступны дзень Хрыстос паўтарыў малітву, якую мы зараз называем Вяночкам да Божай міласэрнасці. “Спачатку ты адзін раз прачытаеш «Ойча наш», «Вітай, Марыя» і «Веру ў Бога», потым пры чытанні «Ойча наш» на вялікіх пацерках ты будзеш прамаўляць такія словы: «Ойча Спрадвечны, ахвярую Табе Цела і Кроў, Душу і Боскасць наймілейшага Сына Твайго і Пана нашага, Езуса Хрыста, каб перапрасіць за грахі нашыя і ўсяго свету»; на пацерках «Вітай, Марыя» ты будзеш прамаўляць такія словы: «Дзеля Яго балеснай мукі будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету». У канцы ты трохразова прамовіш: «Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, змілуйся над намі і над усім светам»” (Дз. 476).
    Малітва накіравана да Бога Айца, якому мы ахвяруем Яго ўмілаванага Сына ў адкупленне за грахі, а дзеля Яго пакуты выпрошваем міласці для нас і ўсяго свету. Гаворачы “нас” мы маем на ўвазе таго, хто моліцца, і ўсіх, за каго асоба просіць. А “увесь свет” – гэта людзі, якія жывуць у свеце, і душы, якія знаходзяцца ў чысцы. Таму, адгаворваючы Вяночак да Божай міласэрнасці, мы адначасова здзяйсняем справу міласэрнасці ў адносінах да бліжніх, што з’яўляецца ўмовай для атрымання міласэрнасці ад Бога.
    Той, хто са спадзяваннем будзе маліцца Вяночкам да Божай міласэрнасці, атрымае ад Езуса ўсё, што папросіць (калі гэта не супярэчыць Божай волі). Асаблівыя абяцанні звязаны з ласкай шчаслівай і спакойнай смерці. Дарэчы, гэтую міласць можа атрымаць і чалавек, які памірае, пры ўмове, што хтосьці будзе маліцца за яго Вяночкам. Хто хоць аднойчы са спадзяваннем адгаворыць гэтую малітву, атрымае ласку пакаяння і прабачэння грахоў у гадзіну свайго адыходу.
    Важна! Любыя дапаўненні ці выкрэсліванні слоў з Вяночка да Божай міласэрнасці скажаюць сэнс мальбы, і ў выніку чытаецца не тая малітва, якую прадыктаваў Хрыстос.
   
    4. Гадзіна міласэрнасці
    У кастрычніку 1937 года ў Кракаве Езус перадаў сястры Фаустыне яшчэ адну форму шанавання Божай міласэрнасці – Гадзіну міласэрнасці. Паўтарыў аб гэтым праз некалькі месяцаў, у лютым 1938 года.
    “У тры гадзіны дня малі аб Маёй міласэрнасці, асабліва для грэшнікаў, і хоць бы на кароткі час паглыбляйся ў Маю пакуту, у прыватнасці ў Маю адзіноту ў гадзіну смерці. Гэта час вялікай міласэрнасці да ўсяго свету” (Дз. 1320).
    Трэба разумець, што маецца на ўвазе не гадзіна (60 хвілін), а момант смерці Езуса на крыжы – 15.00. Няма канкрэтнай формулы малітвы ў гэты час. Гэта неабавязкова павінен быць Вяночак да Божай міласэрнасці. Можна здзяйсняць Крыжовы шлях, адараваць Найсвяцейшы Сакрамант. Калі ў гэтым перашкаджаюць абавязкі, хаця б на кароткае імгненне неабходна паглыбіцца ў малітву, разважаючы аб таямніцы Божай міласэрнасці, якая найбольш поўна была абвешчана ў момант пакут і смерці Збаўцы.
    Малітва ў Гадзіну міласэрнасці з’яўляецца асобнай формай шанавання Божай Міласэрнасці. З ёю Езус звязаў асаблівыя абяцанні. “У гэтую гадзіну Я ні ў чым не адмоўлю душы, якая будзе прасіць Мяне дзеля Маёй Пакуты” (Дз. 1320).
   
   
Цяпер паразважаем над пятай, заключнай і вельмі важнай формай культу – распаўсюджваннем шанавання Божай міласэрнасці.
Каб служыць справе збаўлення, трэба пастаянна спасцігаць гэтую прыгожую таямніцу веры: разважаць над міласэрнасцю Бога, выяўленай у сакрамантах, звяртацца да Святога Пісання і ўвесь час імкнуцца разледзець праявы Божай любові ва ўласным жыцці і ва ўсім свеце.
    Яскравым прыкладам такога існавання з’яўляецца жыццё святой сястры Фаустыны, якая прыйшла да ўсведамлення, што ўсё добрае ў чалавечым жыцці зыходзіць з міласэрнай любові Бога. “Твая міласэрнасць, – пісала яна ў сваім «Дзённіку», – як залатая нітка, што праходзіць праз усё нашае жыццё, захоўвае сувязь нашай існасці з Богам, і паколькі Яму для шчасця нічога не трэба, то ўсё гэта – толькі справа Яго міласэрнасці” (Дз. 1466).
    Але аднаго інтэлектуальнага пазнання гэтай праўды недастаткова, ёю трэба жыць штодня. Хрыстос заклікаў сястру Фаустыну не толькі разважаць над Яго міласэрнасцю, але і шанаваць яе шляхам міласэрных спраў у адносінах да бліжніх. “Дачка Мая, – казаў Ён, – глядзі ў Маё літасцівае Сэрца і адлюстроўвай Яго міласэрнасць у сваім сэрцы і ўчынках, каб ты, абвяшчаючы свету аб Маёй міласэрнасці, сама гарэла ёю” (Дз. 1688). Чалавек, які пры любой магчымасці робіць дабро іншым, з’яўляецца жывым вобразам Божай міласэрнасці. Прыклад жыцця ў духу міласэрнасці з’яўляецца першым і галоўным спосабам распаўсюджвання гэтага цудоўнага культу.
    Другім спосабам з’яўляецца пропаведзь словам. Гэта не абавязкова публічныя выступленні, катэхеза, паведамленні ў СМІ, выпуск друкаваных выданняў і інш. Мы прапаведуем праз асабістыя кантакты з людзьмі ў сваіх размовах, у інтэрпрэтацыі фактаў і падзей, у тлумачэнні звычайных з’яў праз перспектыву веры.
    Надзвычай важна перадаваць святое пасланне дакладна, клапаціцца аб чысціні шанавання міласэрнасці ў формах, перада-дзеных нам сястрой Фаустынай. У сувязі з тым, што культ Божай міласэрнасці набыў у свеце вялікую папулярнасць, з’явілася шмат спрошчаных публікацый, якія памылковым чынам апісваюць сутнасць шанавання міласэрнасці Бога. А гэта прыводзіць да скажоных практык культу.
    Трэці спосаб распаўсюджвання шанавання міласэрнасці – гэта малітва. Праслаўленне Бога ў таямніцы Яго міласэрнасці адбываецца праз літургію Касцёла, праз індывідуальнае пакланенне абразу Езуса Міласэрнага, чытанне Вяночка да Божай міласэрнасці ці малітвы ў Гадзіну міласэрнасці.
    Усе, хто прымае пасланне Божай міласэрнасці, пакліканы прасіць ласкі для грэшнікаў, бо тыя знаходзяцца ў самым адчайным становішчы і больш за ўсіх патрабуюць памілавання. “Ты заўсёды радуеш Мяне, калі молішся за грэшнікаў, – казаў Гасподзь сястры Фаустыне. – Найбольш прыемная Мне малітва за навяртанне грэшнікаў. Ведай, дачка Мая, што гэтая малітва заўсёды бывае пачутая” (Дз. 1397). Усявышні нічога так не жадае, як збаўлення ўсіх людзей, таму што кожнага чалавека Ён стварыў з любові, за кожнага Езус аддаў жыццё. Таму такая малітва заўсёды згодна з воляй Бога.
    Асаблівая просьба Госпада датычыць малітвы за тых, хто адыходзіць з гэтага свету. “Маліся, колькі можаш, за паміраючых, – звяртаўся да Фаустыны Хрыстос, – выпрошвай для іх веру ў Маю міласэрнасць, таму што яны больш за ўсё патрабуюць веры, але менш за ўсё валодаюць ёю. Ведай, што ласка вечнага выратавання некаторых душ у апошні момант залежыць ад тваёй малітвы” (Дз. 1777).
    Малітоўнай падтрымкі патрабуюць і душы, якія знаходзяцца ў чысцы, а таксама святары і кансэкраваныя асобы – тыя, хто вядзе народ Божы шляхам выратавання. Хоць Бог і не пералічвае падрабязна ўсе катэгорыі людзей, якія маюць патрэбу ў малітве, відавочна, што выпрошванне міласэрнасці датычыць усяго свету. “Напішы: перш чым Я прыйду як справядлівы Суддзя, Я адкрываю насцеж дзверы Маёй міласэрнасці. Хто не хоча прайсці праз дзверы міласэрнасці, той павінен прайсці праз дзверы Майго правасуддзя” (Дз. 1146).
    Асаблівую ролю ў выпрошванні Божай міласэрнасці адыгрывае пакута. Гасподзь ясна сказаў: “Існуе адна цана, якой адкупляюцца душы – гэта пакута, злучаная з Маёй пакутай на крыжы” (Дз. 324). Варта злучаць сваю ахвяру з Хрыстом праз пост, самазмярцвенне, працу, цярпенне і малітву.
   
    Такім чынам, місія абвяшчэння таямніцы Божай міласэрнасці ажыццяўляецца трыма спосабамі: учынкам, словам і малітвай. Усім, хто тым ці іншым чынам далучаецца да перадачы паслання, Хрыстос абяцае: “Душы, якія распаўсюджваюць шанаванне Маёй міласэрнасці, Я абараняю на працягу ўсяго жыцця, як клапатлівая маці – сваё немаўля, і ў гадзіну смерці Я буду для іх не Суддзёю, а міласцівым Збавіцелем” (Дз. 1075).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.