ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Сямейная ўрачыстасць

На шляху да святасці

Нядзеля 27 снежня прысвечана Святой Сям’і з Назарэта.
    Выключны настрой гэтых святочных дзён кіруе нас у нашыя дамы, да самых блізкіх, да бацькоў і родных. Варта зрабіць усё, каб нашыя сем’і былі моцныя Богам, узрасталі ў Яго ласцы і цешыліся гэтым самым вялікім дарам, які Ён нам даў.
   
    Сінод у Рыме на тэму сям’і яшчэ раз пацвердзіў, што сучаснаму грамадству вельмі неабходны добры прыклад сямейнага жыцця, што Касцёл заўсёды стаіць на варце сям’і, што неабходна маліцца за нашы хрысціянскія сем’і. Найсвяцейшая Сям’я з Назарэта для кожнага з нас становіцца прыкладам жыцця.
Разам з дыяканамі Гродзенскай ВДС мы распачынаем кароткі цыкл сямейных катэхез, спадзяваючыся, што кожны з Вас, дарагія Чытачы, прыкладзе трошкі больш намаганняў да будавання сям’і на фундаменце Евангелля. Першую катэхезу правядзе кс. дк Анджэй Ганчар з Ліды.
Пра сужэнскую павагу
    Я добра памятаю той дзень з дзяцінства, калі святар з маёй роднай парафіі на гаміліі падчас вячэрняй св. Імшы распавядаў пра сваю сям’ю. Ён гаварыў пра тату і маму, пра іх сумеснае жыццё і каханне. Але было штосьці, што я запомніў на ўсё сваё жыццё: ён ніколі не бачыў, як яго бацькі сварацца.
    Можна было б падумаць, што гэта нейкая выдумка добрага святара, які з усяе сілы стараўся паказаць вернікам добры прыклад. Аднак я ведаю дакладна, што гэта ўсё не фікцыя, гэта праўда: насамрэч існуюць такія сужэнствы, дзе муж і жонка будуюць свае адносіны з дапамогай Госпада.
    Прызнаюся, я зайздросціў гэтаму святару ў той момант. Не можна абзываць гэтую зайздрасць па-людску “белай” альбо “чорнай”, але не ў гэтым сэнс. Сэнс у тым, што яго бацькі вышэй за ўсе праблемы і цяжкія пытанні ставілі любоў да свайго сына. Я яскрава ўяўляў, як маладыя бацькі з усім сваім гонарам, злосцю і крыўдай перакідваюцца цяжкімі позіркамі, устаюць са сваіх мяккіх крэслаў і выходзяць за дзверы. Іх маленькі сын застаецца ў пакоі і нават не разумее, што зараз за тымі дзвярыма яго бацькі сварацца і выліваюць адзін на аднаго сваё незадавальненне. Ён зразумее гэта праз некалькі год, калі будзе з амбоны дзякаваць ім за такое праяўленне бацькоўскай любові.
    На апошнім сінодзе па справах сям’і шмат гаварылася пра каштоўнасць самога інстытуту сужэнства, пра тое, які ён мае ўплыў на сённяшні свет. Гэты саюз мужчыны і жанчыны вечны, ён цягнецца ажно да смерці. І ў гэтым саюзе мужчына і жанчына дапаўняюць адзін аднаго. Такая аксіёма прыводзіць да думкі, што ніводзін саюз не пратрывае, калі не будзе ў ім простай, звычайнай сужэнскай павагі.
    Працуючы цэлы год у Гродзенскай катэдры, я займаўся таксама і падрыхтоўкай маладых людзей да прыняцця сакраманту сужэнства. І, па праўдзе кажучы, маё расчараванне было вялікім, бо, гледзячы на гэтую моладзь, я разумеў, што яны не да канца ўсведамляюць сабе, якім павінна быць сужэнства. На ўзгаданым мной сінодзе іерархі не раз заклікалі “сур’ёзна ўспрымаць сужэнства”. Я разумею, што заклік не можа шмат змяніць, але ён можа падштурхнуць да змен у нашым светапоглядзе.
    Варта заўсёды памятаць, што муж і жонка пасля пацверджання свайго жадання “кахаць ажно да смерці” – ужо адно. Мужчына – падтрымка і моцнае плячо ў кожнай праблеме, жанчына – пяшчота і зразуменне ва ўсіх жыццёвых цяжкасцях. Што важна, большасць пар, за якімі я назіраў падчас сваёй працы, казалі пра сваё каханне як пра штосьці не з гэтага свету. Я разумеў, што яны не з поўнай адказнасцю адносяцца да свайго рашэння, бо проста прагнуць быць разам, бо ім разам добра. Але ж яны не ўсведамлялі, што будаванне сужэнства на пачуццях і ўзаемнай адарацыі падобна на чалавека, які пабудаваў свой дом на пяску і аб чым пашкадаваў, бо першая ж навальніца гэты дом зруйнавала.
    Пачуцці і закаханасць – гэта прыгожа і неверагодна, і яны, канешне ж, павінны прысутнічаць у жыцці мужчыны і жанчыны. Але ні ў якім разе не можна лічыць эмацыйныя ўздымы моцнай падставай для прыняцця аднаго з найважнейшых сакрамантаў, устаноўленых касцёлам. Я ведаю шмат сужэнскіх пар. Ёсць такія, якія звяртаюцца адзін да аднаго на “Вы”, а пасля афіцыйнай формы імені дадаюць яшчэ і імя па бацьку. Ёсць такія, якія, ужо маючы некалькі дзясяткаў год “стажу”, як і раней не любяць надоўга раз’язджацца і быць асобна. А ёсць і такія, якія сваім каханнем стараюцца дзяліцца з беднымі, хворымі і самотнымі.
    Аднак, асабіста я ўпэўнены вось у чым: павага мужа да жонкі – гэта адна з наймацнейшых падстаў моцнай сям’і. Могуць быць пачуцці, закаханасць, зацікаўленасць, якія ў пэўным моманце згубяць сваю яскравасць. Аднак павага, як і сапраўдная Любоў, ніколі не мінае. Гэтая мудрая павага пазней адлюструецца на выхаванні дзяцей, пра што і распавядаў святар у маёй парафіі. Павага – як цвярдыня, перад якой рассыпаюцца войскі цяжкіх момантаў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.