ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Куфар з багаццем

Дзіцячы куточак

Якім чынам бацька хацеў прызвычаіць свайго сына да працы? Хто дапамог хлопцу здабыць рубель? Як сын зарабіў свае першыя грошы? Што аказалася ў куфры? Пра якое багацце казаў бацька?

Прывітанне, Маленькі Сябар! Мы жывём у свеце, дзе за ўсё даводзіцца плаціць. На кожнае жаданне маецца свая цана. Пакуль што большасць нашых хаценняў і мараў здзяйсняюць бацькі: салодкія пачастункі, прыгожыя ўборы, цацкі… Часам яны не могуць задаволіць усе патрэбы. І тут ножка прытупвае, і вусны падрыгваюць. Цацка, якая можа быць на вечар, каштуе бацькам дзённай працы.
    А ці задумваўся Ты аб тым, ува што маме і таце абыходзяцца Твае капрызы?
    Сёння прапануем Табе паразважаць над прыпавесцю пра хлопца, які не цаніў бацькоўскія грошы.
Жыў на свеце каваль. Не было на свеце нікога больш працавітага за яго. І быў у яго сын: высокі, статны, да ежы ахвотны, але ў працы лянівы. Стаў аднойчы бацька сыну казаць, што ён ужо стары, а сын нават рубля ў дом зарабіць не можа. І каб неяк прызвычаіць сына да працы, паабяцаў за зароблены ім самім рубель падарыць пераемніку куфар з самым вялікім сваім багаццем.
   
    Загарэліся ў сына вочы, не церпіцца яму куфар атрымаць, ды няма дзе рубля ўзяць. Працаваць неахвота. Сядзіць, уздыхае. Пашкадавала маці сына, дала яму рубель. Узяў яго гультай, да самага вечара праваляўся ў халадку пад дрэвам, а вечарам аддаў бацьку грошы. Узяў каваль рубель, пакруціў у руках і кінуў у горан.

    Знерваваўся сын, што не відаць яму куфра. Усю ноч варочаўся з боку на бок. Пашкадавала маці сына – раптам схуднее ад перажыванняў – і зноў дала яму рубель. На гэты раз сын вырашыў прыкінуцца: абабег вакол дома, змакрэў з непрывычкі, зайшоў у хату і аддае бацьку рубель. Увесь у поце, як быццам цэлы дзень працаваў. Узяў каваль рубель, пакруціў у руках і кінуў у горан.
   
    Стала прыкра сыну, што не атрымаць яму куфра з багаццем. А маці здагадалася, у чым справа, і параіла хлопцу сумленна папрацаваць. Увесь дзень юнак цягаў бярвёны на будоўлі, да вечара з ног валіўся, а атрымаў толькі дзясятую частку рубля. Дзесяць дзён працаваў хлопец, радасны дадому вярнуўся. А бацька ўзяў зароблены рубель і кінуў у агонь.
   
    Не стрываў сын, выхапіў грошы з агню і на бацьку пакрыўдзіўся. Узрадаваўся каваль. Зразумеў ён, што гэты рубель на самой справе зароблены. Бо калі чужыя грошы ў агонь кідаюць – іх не шкада.
   
    Вынес каваль свой куфар і раскрыў. А ляжалі ў ім працоўныя прылады, з дапамогай якіх можна было ў кавальскай майстэрні цуды тварыць. Гэта і было сямейнае багацце. Засмяяўся сын і з радасцю прыняў бацькоўскую спадчыну.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.