ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Раратнія Імшы – неад’емны элемент Адвэнту

Хрысціянскія традыцыі

Трымаючы ў руцэ свечку, мы становімся сведкамі святла Хрыста, якое носім у сэрцы

У каталіцкім Касцёле трывае Адвэнт – час, калі мы знаходзімся ў радасным чаканні нараджэння Збаўцы. У гэты перыяд вернікі ў сваіх малітвах асабліва часта звяртаюцца да Панны Марыі, каб праз Яе заступніцтва лепш падрыхтавацца да святкавання Божага Нараджэння, ды далучаюцца да прыгожай традыцыі – удзелу ў раратніх святых Імшах у гонар Божай Маці.
Рараты, як і ўвесь Адвэнт, прасякнуты сімволікай святла. Падчас Раратаў вернікі запальваюць свечкі, што сімвалізуюць Марыю, якая прадвяшчае прыход поў-нага Святла – Хрыста, бо менавіта Яна сказала Богу “так” дзеля збаўлення ўсяго чалавецтва, сталася Заранкай, што асвятляе розумы верных. У сваю чаргу Езус стаў святлом для свету, які быў агорнуты цемрай граху.
    Свечкі, якія выкарыстоўваюцца ў адвэнтавай літургіі, сімвалізуюць чуванне, а таксама радасць ад хуткага прыйсця Хрыста. Таксама, калі паглыбіцца і прааналізаваць момант у пачатку набажэнства, калі змрок ахоплівае святыню, то можна заўважыць, што гэта аповед пра нас саміх, пра тую цемру, якая пасяляецца ў нашых сэрцах пад уздзеяннем граху, што недахоп святла – гэта наш голад Бога. Пасля, калі пачынаюць мільгацець агеньчыкі свечак, цемра знікае. Гэтак жа полымя свечкі, якая запальваецца падчас Імшы ў гонар Панны Марыі ў перыяд Адвэнту, грэе сэрцы і душы, ахопленыя лёдам граху і недахопам веры, і чалавек адчувае патрэбу навяртання, пачынае шукаць дарогу да Бога.
Ды і сама назва “Рараты”, што паходзіць ад песні на ўваход, якая пачынаецца са слоў “Rorate caeli desuper” (“Спусціце нябёсы расу”), гаворыць нам аб тым, што прымаючы ўдзел у набажэнстве, мы кіруем гэтую просьбу да нябёс і з нецярплівасцю чакаем, пакуль на зямлю сыйдзе Збаўца.
   
Святло сярод цемры
    Раратнія св. Імшы – адна з самых прыгожых традыцый Адвэнту, для многіх вернікаў яны сталі неад’емнай часткай перыяду чакання Нараджэння Збаўцы. Хтосьці з самай раніцы прыходзіць у святыню, каб запаліць маленькі ліхтарык, атрымаць асалоду ад таямнічай атмасферы ды далучыцца да тых, хто прагне падрыхтаваць сябе да свята Божага Нараджэння, каб годна, з чыстым сумленнем сустрэць Езуса. Хтосьці ўвечары пасля цяжкага працоўнага дня накіроўваецца ў святныю, каб запаліўшы свечку, прыслухацца да голасу Пана, адкрыць для Яго дзверы свайго сэрца і запрасіць у сваё жыццё.
   
    “Яшчэ будучы дзіцём, я з вялікай радасцю хадзіла на Рараты. У той час наша сям’я жыла ў вёсцы і мы, дзеці, пешкі ішлі ў касцёл. Дарога была дастаткова доўгая, пакуль пройдзеш заснежанымі вуліцамі – зачырванеюцца шчокі і нос, але мы не звярталі на гэта ўвагі, – успамінае Яніна Даўгаполік, парафіянка гродзенскай катэдры. – Тады раратнія св. Імшы былі для мяне нейкай таямніцай. У нас не было такіх прыгожых лампадак, як зараз, бралі з сабой звычайныя свечкі, і я да гэтага часу памятаю іх пах. Калі ішлі дахаты, старанна прыкрывалі свечку ад ветру, каб не пагасла, хацелася, каб кожны бачыў, што вяртаемся з касцёла. Яшчэ мне запомніліся словы мамы, якая казала мне і малодшаму брату, што людзі да дрэннага прызвычайваюцца вельмі хутка, а добрае пераймаюць з вялікай цяжкасцю, таму трэба старацца быць лепшым. І ў перыяд Адвэнту мы вельмі стараліся, рабілі добрыя ўчынкі, папраўлялі адзнакі ў школе, дапамагалі ў нейкіх хатніх справах бацькам. Цяпер, з аднаго боку, гэта падаецца крыху смешным, бо разумееш, што з праявамі чалавечай слабасці і грахом трэба змагацца ўсё жыццё, а не толькі чатыры тыдні ў год, а з іншага боку разумееш, што такія простыя рэчы, закладзеныя ў дзяцінстве дзякуючы бацькоўскаму клопату, паспрыялі таму, што зараз я не магу ўявіць сваё жыццё без Бога”.
   
    Другая парафіянка, Ганна Скерсь, кажа, што сёлета прымае ўдзел у раратніх св. Імшах, стараючыся перамагчы сваю духоўную ляноту. “Я хачу, каб Адвэнт прынёс плён, таму вырашыла ўзмоцнена папрацаваць над сабой, пазбавіцца таго негатыву, які аддаляе мяне ад Бога. Стараюся знайсці час на малітву, св. Імшу, а не толькі на працу і паўсядзённыя справы”. Ганна таксама зазначае, што ў гэтым годзе пачала заахвочваць да ўдзелу ў раратніх Імшах сваіх дзяцей. “Мае сыны з вялікім задавальненнем прыходзяць са мной у касцёл. Мы нават зрабілі адмысловыя каляровыя лампадкі. Для дзяцей раратняя Імша таксама звязана з добрай пастановай на перыяд Адвэнту: дзеці адмовіліся ад камп’ютара. Яшчэ мы набылі перадкалядны каляндар, кожны дзень якога адзначаецца невялічкім кавалачкам шакаладу. Дзеці стараюцца добра сябе паводзіць, хадзіць на св. Імшу, а пасля ў канцы дня атрымліваюць падарунак”.
   
    Варта таксама адзначыць, што ў перыяд чакання прыходу нованароджанага Дзіцятка Езус у некаторых парафіях існуе яшчэ такі звычай: дзеці прыносяць на Рараты папяровыя сэрцы, на якіх запісваюць добрыя ўчынкі. Пасля яны аздобяць елкі, што стаяць побач з яслямі, – гэта будзе своеасаблівы падарунак Божаму Дзіцятку ад малодшых вернікаў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.