ГРОДНА
Серада,
27 кастрычніка
2021 года
 

Тракелі

Парафіі і святыні

Дэканат Радунь
Упершыню ўзгадваюцца ў 1433 г. у лісце вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча, дзе ён пацвярджае Яну Гаштольду ягоную ўласнасць Тракеляў. З канца XVI ст. тут аселі езуіты, і з таго часу да 1865 г. Тракелі разам з Дворышчам утваралі адзіную гаспадарку. Пасля належалі Нікіціным, Языкавым.
    Касцёл пад тытулам Наведзінаў Найсвяцейшай Марыі Панны (Звеставання Найсвяцейшай Марыі Панне), згодна з традыцыяй, быў заснаваны тут у 1500 г. віленскім ваяводам Марцінам Гаштольдам. І першы касцёл, і новыя святыні, якія будавалі на гэтым месцы ў 1680 г. (пасля знішчэння ў 1656 г. падчас “крывавага патопу”, зноў знішчаны пажарам у 1674 г., адбудаваны езуітамі ў 1680 г. і кансэкраваны 4 ліпеня 1687 г. біскупам Цернопальскім, суфраганам прэлатам віленскім Габрыэлем Сільніцкім) былі драўляныя. Аднак тады касцёл стаяў у паўночнай частцы вёскі, прыкладна ў 500-600 метрах ад цяперашняга, каля шашы на Ліпнішкі. На новым месцы, дзе дзейнічае і сёння, таксама драўляны, касцёл быў узве-дзены ў 1830 г. на ахвяраванні мясцовага землеўладальніка пана Стэфана Незабытоўскага, падкаморыя навагрудскага. Святыня рэстаўравалася на сродкі парафіян у 1866 г., у 1928 г. (сцены былі ашаляваны звонку і ўнутры), у 1950-х гг. (гонтавы дах замянілі бляшаным). Касцёл мае ў сваім архітэктурным выглядзе рысы і барока, і класіцызму.
    Касцёл зальны, з пяціграннай апсідай, фланкаванай дзвюма квадратнымі сакрыстыямі, накрыты двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром. Вальмамі накрыта і крухта-бабінец, якая пабудавана ва ўзровень з гзымзамі асноўнага аб’ёму. Верагодна, над крухтаю некалі знахо-дзіўся ярус вежы-званіцы, але сёння над вальмамі ўзвышаецца гранёны фігурны барокавы купал невялікіх памераў.
Малітоўная зала ўнутры перакрыта плоскай падшыўной столлю, прэзбітэрый – цыліндрычным скляпеннем, таксама падшыўным. Над уваходам зроблены хоры на чатырох калонах. У касцёле тры двух’ярусныя алтары. Цудадзейны абраз (рымскай іканаграфіі, мастак невядомы) у пасрэбрана-пазалочанай шаце (упрыгожаны трыма каронамі з шляхетнымі камянямі – усяго 74 – і шматлікімі вотамі), які і сёння знаходзіцца ў галоўным алтары святыні, згодна з паданнем, быў намаляваны ў канцы XV ст. і ў 1595 г. прывезены з Вільні. Пазней, магчыма, пры аднаўленні кас-цёла ў 1680 г., абраз быў дапоўнены выявай св. Казіміра, які кленчыў на малітве (у 1782 г. пашкоджаны абраз быў падноўлены і наклеены на новае палатно; апошняя рэстаўрацыя адбылася ў 1991 г. у Варшаве). Шматлікія цуды перад абразом – ацаленне ад хвароб, вызваленне ад алкагалізму, дапамога ў цяжкіх справах – запісаныя з XVIII ст., адбываюцца і сёння. Паміж набажэнствамі цудадзейны абраз засланяецца абразом св. Ізідара. У другім ярусе галоўнага алтара знаходзіцца абраз Адведзінаў Паннай Марыяй св. Альжбеты. Левы бакавы алтар прысвечаны св. Каятану з абразом св. Тэрэзы ў другім ярусе. Правы бакавы алтар – св. Юзафа, у другім ярусе змешчаны абраз Маці Божай Балеснай. Амаль цалкам захавалася гістарычнае размяшчэнне алтароў, нават з тых часоў, калі яны яшчэ былі аптычна намаляваны на сценах, толькі правы алтар да 1850 г. быў прысвечаны Езусу Бічаванаму.
    Асобна ад касцёла пабудавана драўляная двух’ярусная каркасная званіца. Тут па-ранейшаму змешчаны старажытны звон, адліты ў 1754 г. майстрам Густавам Мёркам з Вільні. Побач з касцёлам, насупраць брамы, стаіць і капліца-пахавальня Брыгіты Шукевіч (+1803) з роду Пяніцкіх – васьмігранная, цагляная і атынкаваная святыня з рысамі класічнага стылю, перакрытая цыліндрычным скляпеннем і накрытая шатровым дахам. У нішы алтара змешчана Укрыжаванне. Капліцу ўлады загадалі зачыніць у 1870 г. Напрыканцы ХХ ст. яна выкарыстоўвалася як старожка, была зроблена нават грубка з трубой, сёння ў капліцы проста склад. У 1997 г. перад касцёлам пабудаваны навес для вулічных набажэнстваў падчас пілігрымак. Комплекс абнесены невысокай бутавай агароджай з невялікай аднапралётнай уваходнай брамай з цэглы пад тынкам.
    Да тракельскай парафіі з ХVIII ст. адносіліся капліцы ў Гімбутах, Дворышчы (абедзве вёскі сёння ў Лідскім р-не) і на мясцовых парафіяльных могілках. Апошняя, драўляная васьмігранная з абразом Маці Божай у алтары, знікла прыкладна ў сярэдзіне ХІХ ст. Затое капліца ў Дворышчы у часы польскай улады атрымала статус філіяльнага касцёла. Звесткі пра капліцу ў в. Утрышкі хутчэй за ўсё памылковыя (верагодна паблытана з капліцай у Урцішках іўеўскай парафіі), таму што нават такога тапоніма ў наваколіцах не існуе. У ХVIII–ХІХ стст. пры парафіі дзейнічалі шпіталь і школка.
    Пасля Другой сусветнай вайны савецкія ўлады не аднойчы спрабавалі зачыніць касцёл. У 1968 г. парафію знялі з рэгістрацыі (у 1961–1975 гг. касцёл стаяў зачынены), але вернікі змаглі абараніць святыню. Дваццаць гадоў ішло супрацьстаянне, рэгулярна служылася святая Імша, больш таго, парафіяне адрамантавалі касцёл. Нарэшце, у жніўні 1988 г. тракельская парафія ізноў была афіцыйна зарэгістравана.
    Раней тракельская парафія ўваходзіла ў склад Лідскага дэканата, з 1991 г. знаходзіцца ў Радунскім дэканаце. У 1994 г. касцёл у Тракелях атрымаў статус дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай (фэст – першая субота ліпеня). З 1970-х гг. занесены ў спіс помнікаў архітэктуры.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2021

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2021 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  66

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.