ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Што мы чакаем ад Года міласэрнасці?

Слова рэдактара

Міласэрнасць робіць чалавека “здаровым”, а свет – прыгожым.
 Што Вы чакаеце ад Года міласэрнасці? Такое пытанне пачуў папа Францішак ад аднаго з журналістаў афіцыйнага часопіса на Год міласэрнасці “Верыць”. Святы Айцец расказаў, што рашэнне аб абвяшчэнні гэтага года Годам міласэрнасці не было раптоўным. Такія Папы як Павел VI і Ян Павел ІІ вельмі многа зрабілі за свой пантыфікат, каб развіваць справу міласэрнасці. Францішак прыгадаў, як на пачатку яго папскай паслугі кардынал Вальтэр Каспер з Германіі падарыў новаму Папу некалькі кніг на тэму міласэрнасці. Першае казанне і папскае разважанне падчас малітвы “Анёл Панскі” былі менавіта на тэму міласэрнасці. Папа Францішак ужо даўно разумеў, што сённяшні свет патрабуе міласэрнасці, што гэта адзіная дарога, каб вывесці яго з хаосу. Падчас інтэрв’ю Папа дакладна сказаў, што свет сёння прызвычаены да дрэнных навін і вялікіх злачынстваў. Затым Святы Айцец распавёў такі момант, калі ў яго галаве склаўся вобраз Касцёла, які з’яўляецца своеасаблівым шпіталем на полі бітвы. “Ёсць вельмі шмат параненых людзей, – сказаў Папа, – якім неабходна «лячэнне»”. На думку Папы, Юбілейны год міласэрнасці будзе часам прабачэння і паяднання.
Варта і нам задумацца, якім часам стане для нас Год міласэрнасці. Ці хопіць нам сіл і веры для сустрэчы з міласэрным Айцом, бо ўсе мы адчуваем сваю грэшнасць і патрабуем такой сустрэчы з Богам. На кожнага з нас Бог Айцец заўсёды глядзіць з вялікай міласэрнасцю. Здаецца, што сённяшні свет пра гэта ўвогуле забыўся. Чалавек жыве з перакананнем, што міласэрнасць робіць яго слабым. Але ж гэта не так. Міласэрнасць робіць чалавека “здаровым”, а свет – прыгожым. Здаровы чалавек – гэта духоўны чалавек, гэта той, хто клапоціцца аб сваёй душы, а свет дзякуючы гэтаму становіцца прыгожым. Думаю, што людзі ХХІ стагоддзя зараз пра гэта забудуцца. Бог не міліцыянер ці пракурор, а справядлівы Суддзя поўны міласэрнасці. Мы нават не можам сабе ўявіць, колькі дабрыні ў Богу. Варта пакаштаваць міласэрнасць пры кратках канфесіянала, пры малітоўным позірку ў бок Бога, пры дзяленні апошнім з тымі, хто знаходзіцца ў патрэбе. Вялікае мноства падказак аб бязмежнай крыніцы Божай міласэрнасці перадае сястра Фаустына, якая чуе навуку Хрыста на тэму міласэрнасці. Узяць хаця б словы: “Скажы, што міласэрнасць з’яўляецца найважнейшай рысай Бога. Усе справы Маіх рук увенчаны міласэрнасцю”, альбо “Я даю лю-дзям посуд, з якім яны павінны прыходзіць за ласкамі да крыніцы міласэрнасці. Гэтым посудам з’яўляецца абраз з подпісам: «Езу, давяраю Табе»”. Варта задумацца над гэтым яшчэ раз. Падчас Года міласэрнасці мы на старонках нашай газеты хочам дапамагчы Вам, дарагія Чытачы, перажыць гэты час лепш, пастарацца зразумець, наколькі вялікая Божая міласэрнасць да кожнага з нас. Неаднаразова мы будзем звяртацца да разважанняў святых Яна Паўла ІІ, сястры Фаустыны і іншых. Яшчэ раз паразважаем над сакрамантам споведзі і падрыхтоўкай да гэтага вялікага акту міласэрнасці Бога адносна нашых душ. Варта таксама асвяжыць у памяці ўчынкі міласэрнасці для душы і цела.
   
    Хачу пажадаць кожнаму з Вас асабіста сустракацца з Айцом Міласэрнасці ў кожны дзень жыцця, дзяліцца гэтай міласэрнасцю асабліва з тымі, хто яе патрабуе. Пачынаючы з сябе, мы можам напоўніць свет міласэрнасцю. Варта задумацца над гэтым і хутка пачаць штосьці рабіць. Няхай міласэрнасць адносна нас, нашых сем’яў і ўсяго свету будзе нашай дарогай жыцця.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.