ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Распачаўся Год міласэрнасці

З жыцця Касцёла

Святыя Дзверы адчынены ў 50-ю гадавіну завяршэння ІІ Ватыканскага сабора

Ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі папа Францішак урачыста адкрыў Святыя Дзверы галоўнай ватыканскай базілікі – сабора Святога Пятра. Тым самым Пантыфік афіцыйна распачаў надзвычайны Юбілейны год міласэрнасці. У Касцёле ў Беларусі Святы год распачнецца з адкрыцця Святых Дзвярэй у галоўных святынях краіны 13 снежня.
Міласэрнасць – другое імя любові
    Тэма міласэрнасці ў жыцці Касцёла пачала вылучацца яшчэ ў часы пантыфікату Паўла VI. Яе значнасць яшчэ больш падкрэсліў Ян Павел ІІ. Аб рашэнні правядзення Юбілейнага года міласэрнасці папа Францішак абвясціў 13 сакавіка 2015 года. Праз месяц, у Нядзелю Божай міласэрнасці, была зачытана папская була “Misericordiae Vultus”, якая ўрачыста аб’явіла Святы год. У ёй Францішак растлумачыў матывы і мэту абвяшчэння Года міласэрнасці. “Касцёл адчувае пільную патрэбу абвяшчаць міласэрнасць Бога. Яго жыццё з’яўляецца сапраўдным і праўдзівым, калі ён робіць міласэрнасць сваім пераканаўчым пасланнем”, – сказаў Папа.
У час эпахальных змен Касцёл асаблівым чынам пакліканы да выразнай дэманстрацыі знакаў прысутнасці Бога. Папа заклікае вернікаў не быць абыякавымі, прызвычаенымі і цынічнымі, а адкрыць вочы, каб заўважыць шматлікія няшчасці свету. Сведчанні павінны быць больш моцнымі і плённымі. Надзвычайны Святы год неабходны, каб кожнаму ўказаць шлях да паяднання і прабачэння, прасякнуць штодзённасць міласэрнасцю, якая з’яўляецца ўмовай збаўлення.
    Дэвіз Святога года – “Міласэрныя, як Айцец”. Пантыфік падкрэслівае, што гэтая праграма жыцця “наколькі цяжкая, настолькі і поўная радасці і спакою”. Абліччам Божай міласэрнасці з’яўляецца Хрыстос, які быў укрыжаваны за грахі чалавецтва. Гэта найбольшая ахвяра і доказ бязмежнай любові Найвышэйшага, які аддае ўсяго сябе, не просячы нічога ўзамен. Дарэчы, тэма міласэрнасці – адна з самых любімых у навучанні папы Францішка. Як паведамляе Ватыканскае радыё, у змесце яго апостальскай адгартацыі “Evangelii Gaudium” слова “міласэрнасць” сустракаецца 31 раз. Папа тлумачыць, што міласэрнасць – гэта сутнасць хрысціянскай веры, другое імя любові, што выражаецца праз канкрэтныя шчодрыя жэсты ў адносінах да іншых. І ўсюды, дзе ёсць хрысціяне, павінен быць “аазіс міласэрнасці”.
   
    Спосабы ажыццяўлення міласэрнасці
    Пантыфік горача жадае, каб падчас Святога года хрысціяне ўважліва задумаліся над учынкамі міласэрнасці адносна цела і адносна душы бліжняга. “Гэта стане нагодай абудзіць нашае сумленне, якое часта спіць перад абліччам драмы ўбоства, і заглыбіцца яшчэ больш у сэрца Евангелля, дзе ўбогія маюць прывілей у Божай міласэрнасці”.
    Сярод учынкаў міласэрнасці адносна цела Катэхізіс Каталіцкага Касцёла выдзяляе наступныя: накарміць галодных, напаіць сасмаглых, адзець нагіх, прыняць у дом падарожных, адведаць хворых, суцешыць вязняў, пахаваць памерлых. Учынкі міласэрнасці адносна душы – раіць тым, хто сумняваецца, вучыць тых, хто не ведае, настаўляць грэшнікаў, суцяшаць засмучаных, дараваць ахвотна крыўду, зносіць цярпліва знявагу, маліцца за жывых і памерлых. У наступных нумарах газеты “Слова Жыцця” Вы пазнаёміцеся з цыклам артыкулаў на гэтую тэматыку. Падчас Юбілею Святы Айцец раіць разважаць над Божым словам. “Дзякуючы гэтаму стане магчымым сузіранне міласэрнасці Бога і прыняцце яе як уласнага стылю жыцця”, – падкрэслівае Пантыфік.
    Падчас Святога года вельмі важна скіраваць свае малітвы да святых і бласлаўлёных, якія ўчынілі міласэрнасць місіяй свайго жыцця. Прыклады іх сапраўднага існавання ў Хрысце павінны абудзіць веру сучаснікаў, а малітва аб іх заступніцтве – дапамагчы на шляху да збаўлення.
    Варта памятаць пра Вяночак да Божай міласэрнасці, які Хрыстос наказаў свайму люду праз св. Фаустыну Кавальскую. “Якія вялікія міласці атрымаюць душы, што будуць чытаць гэты Вяночак; глыбіні Маёй міласэрнасці ўскалыхнуцца дзеля тых, хто будзе чытаць гэты Вяночак. Дачка Мая, запішы гэтыя словы, раскажы свету пра Маю міласэрнасць, хай усё чалавецтва сустрэне яе. Гэта знак апошняга часу, пасля яго наступіць Судны дзень. Пакуль ёсць час, хай людзі звяртаюцца да крыніцы Маёй міласэрнасці, хай шукаюць умацавання ў Крыві і Вадзе. О, чалавечыя душы, дзе вы схаваецеся ў дзень гневу Божага? Зараз звяртайцеся да крыніцы міласэрнасці Божай. О, я бачу, якую вялікую колькасць душ уславіла міласэрнасць Божая, яны будуць вечна спяваць песню славы. Я ўстану паміж Айцом і паміраючай душой не як справядлівы Суддзя, а як міласэрны Збаўца” (Дзённік, 848).
    Трэба штодзённа імкнуцца знаходзіць час на ўшанаванне Божай міласэрнасці ў гадзіну смерці Езуса, а менавіта а трэцяй гадзіне дня. “У гэты час, – як казаў Хрыстос пры аб’яўленні св. Фаустыне, – Я ні ў чым не адмоўлю душы, якая будзе прасіць Мяне дзеля Маёй Пакуты” (Дзённік, 1320). А другім разам дадаў: “У гэтую гадзіну ты выпрасіш усё для сябе, і для іншых” (Дзённік, 1572). Каб выкарыстаць час міласэрнасці, неабходна злучыць сваю малітву з пакутуючым Езусам і паразважаць над міласэрнасцю Айца, які ахвяраваў за чалавецтва свайго Сына.
   
    Адпусты на Год Міласэрнасці
    Асаблівае значэнне ў Год міласэрнасці набывае адпуст – адпушчэнне кары за грахі. Каб атрымаць яго, у знак глыбокага імкнення да навяртання вернік павінен здзейсніць пілігрымку да Святых Дзвярэй, адчыненых у катэдры дыяцэзіі (гродзенскай базіліцы), або, калі ёсць магчымасць, у чатырох папскіх базіліках у Рыме. У Беларусі атрымаць адпуст можна таксама прайшоўшы праз Святыя Дзверы мінскай архікатэдры, віцебскай і пінскай катэдраў, касцёлаў Магілёва, Гомеля, Ліды, Брэста, Пінска, Баранавічаў, санктуарыяў у Будславе і Браславе. “Таму Юбілей будзе адзначацца як у Рыме, так і ў мясцовых Касцёлах як бачны знак еднасці ўсяго Касцёла”. Гэты момант павінен быць звязаны з сакрамантам паяднання і ўдзелам у св. Імшы. Варта паразважаць аб міласэрнасці, вызнаць веру і скіраваць свае малітвы ў інтэнцыях Папы.
    Хворыя і людзі пажылога ўзросту, якія не будуць мець магчымасці прайсці праз Святыя Дзверы, таксама могуць атрымаць адпуст. Для гэтага ім неабходна злучыцца з Хрыстом у св. Камуніі і прыняць удзел у св. Імшы або супольнай малітве, нават з дапамогай сродкаў камунікацыі, напрыклад, радыё і тэлебачання.
    Вялікай “амністыяй” назваў Папа Год міласэрнасці для зняволеных. Пантыфік падкрэсліў, што яны могуць атрымаць адпуст у турэмных капліцах. Калі будуць праходзіць праз дзверы сваёй камеры, павінны скіраваць свае думкі і малітвы да Айца. Гэты жэст павінен азначаць для іх праходжанне праз Святыя Дзверы, “таму што Божая міласэрнасць, якая можа змяняць сэрцы, таксама ў стане ператварыць краты ў досвед волі”.
    У Год міласэрнасці Пантыфік даў права кожнаму святару адпускаць грэх аборту. Папа аргументаваў сваё рашэнне тым, што ў Божым прабачэнні нельга адмовіць нікому, хто шкадуе, “асабліва калі са шчырым сэрцам прыступае да сакраманту пакаяння, каб прымірыцца з Айцом”.
    Прабачэнне грохоў Богам не мае межаў. Сакрамант паяднання дапамагае нам рэальна пераканацца ў велічы міласэрнасці Айца.
   
    Юбілеі Святога года
    Адной з першых буйных падзей Года міласэрнасці стане Юбілей сем’яў, які адбудзецца ў Ватыкане 27 снежня, у нядзелю Святой Сям’і. Падчас Святога года свае юбілеі адзначаць і іншыя групы вернікаў – члены шматлікіх рухаў, асацыяцый, манаскіх супольнасцей, якія грунтуюцца на Божай міласэрнасці, члены дабрачынных і валанцёрскіх аб’яднанняў, асобы, якія асаблівым чынам падзяляюць марыйную духоўнасць, моладзь, дыяканы, святары, катэхеты, хворыя, інваліды, вязні.
    Скончыцца Юбілейны год міласэрнасці ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету, 20 лістапада 2016 года.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.