ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Бп Аляксандр Кашкевіч: Будучыня нашай семінарыі залежыць ад будучыні пакліканняў у нашым Касцёле

Інтэрв'ю

Кс. бп Аляксандр Кашкевіч і кс. д-р Раман Рачко, рэктар семінарыі

З біскупам Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандрам Кашкевічам на тэму паклікання, неабходнасці семінарыі ў дыяцэзіі, пасвячэнняў дыяканату і прэзбітэрату, а таксама выхавання будучых святароў размаўляў кс. Павел Салабуда, галоўны рэдактар.
– Ксёндз Біскуп, калі Вы адкрылі ў сабе пакліканне і якім чынам?
    – Святы Айцец Ян Павел ІІ назваў свае ўспаміны і разважанні на тэму паклікання вельмі красамоўна: “Дар і Таямніца”. Гэтая назва паказвае, што пакліканне з’яўляецца ў пэўным сэнсе таямніцай нават для самога пакліканага. Гэтую таямніцу паклікання мы адкрываем на працягу ўсяго свайго жыцця: думаем пра яе, разважаем, а яна ўсё роўна застаецца для нас таямніцай. Маё пакліканне выспявала паступова з ранняга дзяцінства. Магу сказаць, што, колькі сябе памятаю, я прагнуў быць ксяндзом. З вялікай удзячнасцю і сентыментам думаю пра бацькоў, родных, пра цудоўную атмасферу роднага дома, прасякнутую духам малітвы, традыцыі, простай і адначасова глыбокай і сапраўднай набожнасцю. Я заўсёды ахвотна хадзіў у касцёл, з захапленнем удзельнічаў у набажэнствах, любіў асабістую малітву. У значнай ступені я абавязаны сваім пакліканнем таксама ксяндзам, якія служылі ў маёй роднай парафіі. Звычайна бывае так, што малады чалавек шукае аўтарытэтаў, яму неабходны асабовыя прыклады, жыццёвыя арыенціры. Ксяндзы, якіх я сустрэў у маладосці, змаглі зрабіць на мяне ўражанне (у добрым і глыбокім значэнні гэтых слоў) сваёй паставай, набожнасцю, культурай, эрудыцыяй, стылем жыцця, што без сумненняў паўплывала на фарміраванне майго паклікання. Спачатку гэта былі, канешне, толькі дзіцячыя мары, потым яны станавіліся ўсё больш свядомымі, сталымі і з часам пераўтварыліся ў рашучую пастанову пайсці ў семінарыю.

    – Ці памятаеце Вы сваю семінарыю? Што найбольш запомнілася з часоў навучання?
    – Я лічу, што семінарыя – гэта такое месца і такі досвед, які адкладваецца ў памяці на ўсё жыццё. Для кожнага клерыка семінарыйныя гады – гэта перш за ўсё час падрыхтоўкі да прыняцця самага вялікага дару, якім з’яўляецца святарства. Усведамленне таго, што з кожным годам, месяцам, днём гэтая мэта становіцца ўсё бліжэй, жаданне як мага лепш падрыхтавацца да заданняў, якія чакаюць цябе зусім не ў далёкай будучыні, пачуццё ўласнай адказнасці перад Богам і Касцёлам, радасць ад прыняцця чарговых паслуг у дарозе да пасвячэння – усё гэта вельмі мабілізуе і застаецца ў памяці назаўсёды. Я вельмі часта вяртаюся думкамі ў семінарыю ў Коўне. З удзячнасцю думаю пра выхавацеляў і выкладчыкаў, якія не толькі перадавалі нам веды, не толькі дзяліліся сваім багатым жыццёвым вопытам, але і давалі цудоўны асабісты прыклад святарства і чалавечнасці. Я таксама вельмі ўдзячны ксяндзу, у парафіі якога я праводзіў летнія канікулы. Яму была ўласціва аўтэнтычная набожнасць, высокая асабістая культура, вялікая жыццёвая мудрасць, сапраўдная любоў да Касцёла. Побыт у яго парафіі быў гарманічным дапаўненнем семінарыйнай фармацыі: мы разам маліліся, разважалі, размаўлялі на духоўныя тэмы, з вялікай тактоўнасцю і павагай ксёндз пробашч знаёміў мяне са спецыфікай парафіяльнага душпастарства. Пасля кожнага побыту ў парафіі я вяртаўся ў семінарыю духоўна ўзбагачаны і яшчэ больш упэўнены ў пакліканні. Да сённяшняга дня я вельмі часта ўзгадваю, безумоўна, братоў клерыкаў, з якімі мы дзялілі нашу семінарыйную штодзённасць. А калі мы сустракаемся з даўнімі сябрамі з семінарыі, вельмі любім дзяліцца ўспамінамі з клерыцкіх гадоў, асабліва аб вясёлых, забаўных выпадках, якіх у нашай Альма-матэр таксама хапала.
   
  Падчас урачыстасцей 25-годдзя заснавання ВДС у Гродне  – Ваша Эксцэленцыя, Вы цяпер апекуецеся семінарыяй у Гродне. Чым для Вас з’яўляецца семінарыя?
    – Апека над семінарыяй – гэта штосьці відавочнае для кожнага біскупа, гэта, згодна з кананічным правам, нават яго абавязак. Я ўсведамляю, што сённяшнія клерыкі – гэта будучыя святары, маі супрацоўнікі, якія будуць несці паслугу ў нашым партыкулярным Касцёле на карысць вернага люду. Чым лепш яны выкарыстаюць час семінарыйнай фармацыі, тым лепшымі будуць святарамі, тым больш плённым будзе іх служэнне ў Касцёле, тым больш яны змогуць даць Божаму люду. Таму пры розных нагодах я прыгадваю клерыкам пра адказнасць, якая ўжо цяпер на іх ускладзена – адказнасць за іх будучае святарства, заахвочваю да таго, каб яны як мага лепш выкарысталі час семінарыйнага навучання, каб з удзячнасцю і адкрытасцю прымалі ўсё, што семінарыя ім прапануе ў межах усебаковай фармацыі, бо гэта безумоўна будзе ім неабходна ў будучыні як святарам.
   
    – Кажуць, што семінарыя – гэта сэрца дыяцэзіі. Ці з’яўляецца Гродзенская ВДС такім сэрцам, і як, на Вашу думку, яно пульсуе?
    – Мне вельмі падабаецца гэты тэрмін – “сэрца дыяцэзіі”. Ён незвычайна прыгожы і трапны. Падобна як сэрца ў арганізме размяркоўвае кроў і забяспечвае жыццё, так і семінарыя, рыхтуючы маладых людзей да святарства, забяспечвае жыццё дыяцэзіі. Нашы вернікі старэйшага і сярэдняга пакалення добра памятаюць часы, калі не хапала святароў, калі ў большасці парафій не было душпастара. Што з таго, што быў касцёл, калі ў ім не было святара? На шчасце, сёння мы знаходзімся ў непараўнальна лепшай сітуацыі. За 25 гадоў свайго існавання наша семінарыя выпусціла больш за 200 ксяндзоў, якія працуюць не толькі ў нашай дыяцэзіі, але і ў іншых дыяцэзіях Беларусі, а таксама за яе межамі. Кожны год некалькі выпускнікоў семінарыі прымаюць святарскае пасвячэнне. На сённяшні дзень у семінарыі рыхтуюцца 33 кандыдаты да святарства. У бягучым 2015 годзе на першы год навучання было прынята 6 алюмнаў. У нас поўны штат выкладчыкаў і выхавацеляў, добра ўкамплектаваная бібліятэка, адпаведныя жыллёвыя ўмовы... На маю думку, можна смела сказаць, што сэрца Гродзенскай дыяцэзіі пульсуе нармальным, здаровым рытмам.
   
    – Удзяляючы чарговыя пасвячэнні дыяканату і прэзбітэрату ў гродзенскай катэдры, што Вы думаеце пра маладых святароў і дыяканаў? Ці добра яны падрыхтаваны для працы ў дыяцэзіі?
    – Перш за ўсё, кожныя чарговыя святарскія ці дыяканскія пасвячэнні – гэта вялікая радасць для мяне, бо прыбывае работнікаў у вінаградніку Пана. І хоць наша дыяцэзія цяпер не адчувае такога вострага недахопу святароў, як было яшчэ некалькі гадоў таму, гэта зусім не азначае, што нам больш не патрэбны святары. Кожны наступны святар – гэта большы патэнцыял нашага Касцёла, большыя магчымасці службы Божаму люду, большы шанс дайсці з пасланнем Евангелля да тых, хто яшчэ не сустрэў Езуса ў сваім жыцці. У маладых святароў і дыяканаў я бачу шмат стараннасці, аўтэнтычнага энтузіязму, шчырага жадання абвяшчаць Хрыста словам і ўчынкам. Гэта вельмі важна як задатак іх плённай, адданай паслугі ў Касцёле. Калі казаць пра іх падрыхтоўку да працы ў дыяцэзіі, магу яе ацаніць як добрую: і з тэарэтычнага боку, і з практычнага. У святарскай паслузе важную ролю адыгрывае таксама асабісты вопыт, але гэтаму, канешне, не ўдасца навучыць у семінарыі – ён прыходзіць з часам, і гэта заданне на ўсё жыццё.
   
    – Ваша Эксцэленцыя, што сёння, на Вашу думку, трэба зрабіць, каб добра выхаваць будучага святара?
    – Выхаванне – працэс надзвычай складаны і мнагамерны. У афіцыйных дакументах Касцёла, прысвечаных праблематыцы падрыхтоўкі да святарства, ідзе гаворка пра чатыры аспекты фармацыі кандыдатаў: людскі, духоўны, інтэлектуальны і пастаральны. У семінарыйным выхаванні бяруцца пад увагу ўсе гэтыя аспекты, бо інакш святар, які пакідае семінарыю, проста не быў бы здольны добра і адказна рэалізаваць сваю місію ў Касцёле. Не трэба, аднак, забывацца, што ў выхаваўчым працэсе клерыка ўдзельнічае не толькі кола выхавацеляў і выкладчыкаў семінарыі. Іншыя людзі таксама аказваюць уплыў на фарміраванне асобы будучага святара: бацькі, родныя, сябры, калегі, святары па-за семінарыяй... Перш за ўсё, трэба памятаць, што семінарыйнае выхаванне з’яўляецца ў вялікай ступені самавыхаваннем, гэта значыць свядомым і дабравольным супрацоўніцтвам алюмна з асобамі, адказнымі за яго фармацыю. Урэшце, ад кожнага кандыдата больш за ўсё залежыць, наколькі ён адкрыецца і выкарыстае тыя магчымасці, якія яму даюць гады побыту ў семінарыі.
   
    – Якое значэнне мае семінарыя ў дыяцэзіі?
    – Семінарыя – гэта вельмі важная ўстанова, паколькі яна рыхтуе святароў – пастараў, праваднікоў у веры, настаўнікаў Божага люду. Невыпадкова кананічнае права наказвае, каб біскупы – там, дзе гэта магчыма, – паклапаціліся аб стварэнні духоўных семінарый ва ўласных дыяцэзіях. У дыяцэзіяльных семінарыях ужо на этапе фармацыі да святарства будучыя ксяндзы бліжэй знаёмяцца з рэчаіснасцю ўласнага мясцовага Касцёла, яго спецыфікай, душпастарскімі праблемамі, яшчэ больш інтэгруюцца з дыяцэзіяльнай супольнасцю, да якой належаць і ў якой пасля атрымання пасвячэння будуць выконваць святарскую паслугу. Такім чынам ствараецца таксама пэўная традыцыя, бесперапыннасць, спецыфічная сувязь паміж ксяндзамі рознага ўзросту і з розным святарскім “стажам”. Усё гэта з’яўляецца вялікім багаццем мясцовага Касцёла і пазітыўна ўплывае на якасць святарскай паслугі. Канешне, не ўсе дыяцэзіі маюць магчымасць мець уласныя семінарыі. У Касцёле існуюць таксама іншыя рашэнні, напрыклад, міждыяцэзіяльныя семінарыі, рэгіянальныя, місійныя. Аднак не выклікае сумненняў, што лепш за ўсё, калі адукацыя будучых святароў адбываецца ва ўласнай дыяцэзіі.
   
    – 10 лістапада 2015 года ксёндз біскуп Аляксандр Яшэўскі выказаўся для “Каталіцкага Весніка” (газета Віцебскай дыяцэзіі), што “ў каталіцкіх семінарыях Беларусі чакаюцца перамены і мадыфікацыя”. Пра якія перамены, на Вашу думку, ідзе гаворка?
    – Я не хацеў бы спасылацца на выказванне ксяндза біскупа Аляксандра Яшэўскага, паколькі я не ведаю, якія канкрэтна перамены ён меў на ўвазе. На маю думку, кожная духоўная семінарыя ёсць і павінна быць дынамічнай установай, здольнай хутка рэагаваць на змены, што адбываюцца ў свеце і ў грамадстве, каб святары, пакідаючы сцены Альма-матэр, былі адпаведным чынам падрыхтаваны да душпастарскіх праблем, якія іх чакаюць. Таму перад кожнай семінарыяй стаіць вельмі важная задача пастаяннага ўдасканальвання ўласнай фармацыйнай праграмы ва ўсіх чатырох сферах, пра якія я ўжо прыгадваў. Я ўпэўнены, што дзякуючы супольнаму высілку ксяндза рэктара, кола выкладчыкаў і выхавацеляў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі такое ўдасканальванне фармацыі будучых святароў адбываецца ў нас безупынна і мае эвалюцыйны характар.
   
    – Ці будзе зачынена семінарыя ў Гродне? Якая будучыня чакае нашу семінарыю?
    – Асабіста я не бачу прычыны, па якой гродзенская семінарыя магла б быць зачынена. Наша дыяцэзія характарызуецца адносна высокай – як на сённяшні час – і ў меру стабільнай колькасцю пакліканняў да святарства. Маладыя лю-дзі, якія чуюць голас паклікання і прагнуць пайсці за ім, выбіраючы дарогу святарскага жыцця, маюць магчымасць поўнай і ўсебаковай фармацыі ў нашай дыяцэзіі пад кіраўніцтвам кампетэнтных і вопытных выхавацеляў і выкладчыкаў. Таксама з матэрыяльнага боку семінарыя ў Гродне здольна забяспечыць ім добрыя бытавыя ўмовы. Таму, на маю думку, не існуе ніякіх рацыянальных перадумоў, каб Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя была зачынена ці радыкальна змяніла прынцыпы свайго функцыянавання. Што ж датычыцца будучыні, усё будзе залежаць ад колькасці пакліканняў. У многіх заходніх краінах біскупы былі вымушаны закрываць семінарыі з-за адсутнасці пакліканняў да святарства. Я спадзяюся, што такая сумная перспектыва не стане рэчаіснасцю ў нашай дыяцэзіі. Таму я таксама прашу ўсіх вернікаў, у тым ліку шаноўных Чытачоў “Слова Жыцця”, аб малітве ў інтэнцыі пакліканняў. “Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё” (Лк 10, 2), – гэтыя словы Езуса заўсёды будуць актуальнымі. Будучыня нашай семінарыі залежыць ад будучыні пакліканняў у нашым мясцовым Касцёле.
   
    – Ваша Эксцэленцыя, што Вы можаце пажадаць новым дыяканам і святару?
    – Я паўтару тое, што казаў падчас урачыстасці пасвячэння: жадаю ім, каб былі вернымі, стараннымі, святымі святарамі, каб з самаадданасцю і запалам служылі людзям, да якіх яны будуць пасланыя, а таксама каб памяталі, што Езус Хрыстус заўсёды з імі. Няхай адчуваюць глыбока ў сваіх сэрцах любоў Хрыста, і тады яны змогуць несці гэтую любоў іншым.
   
    – Дзякуй за размову.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.