ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Бясконцы хлеб

Дзіцячы куточак

Прывітанне, Маленькі Сябар! Спадзяёмся, Табе спадабалася шукаць сэнс у простай, на першы погляд, прыпавесці. Упэўнены, да нашчупвання сутнасці далучаліся Твае бацькі і сябры. Бо не так і проста распазнаць, што тоіцца за займальным сюжэтам і ўчынкамі герояў. Але, прыклаўшы некаторыя намаганні і адказаўшы на пытанні пасля прачытання прыпавесці, Ты здабываеш зерне мудрасці. Яно будзе наспяваць у Тваёй душы і праз некаторы час дасць добры плён. Можаш не сумнявацца, у патрэбны час яно закаласіцца прыгожай рунню.
Сёння прапануем Табе паразважаць над прыпавесцю пра тое, як у добрай бабулькі не пераводзіўся хлеб.
    Жыла-была бедная старая. Такая яна была бедная, што часам ёй нават не было з чаго хлеба спячы.
    І была ў яе суседка, якая гэтую бабульку няспынна беднасцю дакарала.
    Ды аднойчы заўважыла суседка: як толькі яна збіраецца хлеб пячы, у бабулькі таксама з трубы дым ідзе, быццам хлеб пячэцца.
    – Няўжо гэтая жабрачка разбагацела? – дзівілася суседка.
    – Трэба было б зазірнуць да яе, праверыць.
    Заходзіць яна да бабулькі, а тая сапраўды каравай з печы вымае.
    Пасадзіла суседку за стол, хлебам свежым частуе.
    – Адкуль жа ў цябе хлеб? – пытаецца суседка.
    – Нядаўна была бядней беднага, а цяпер кожны дзень хлеб пячэш?
І расказала ёй старая, што стамілася яна ад папрокаў у беднасці. І каб сорамна не было, стала галавешку, што дымілася, у печ падкладваць, калі суседка прымалася хлеб пячы. Тыдзень так праходзіць, другі, вось бабулька і прыдумала: “А дай-ка я буду Бога аб літасці прасіць кожны раз, як галавешку ў печку кладу”.
    Так і пачала рабіць. Кладзе галавешку ў печ і моліцца. Раптам нехта стукае ў акенца. Глядзіць бабулька – стаіць стары жабрак у лахманах, хлеба просіць. А хлебца ў доме ні кавалка. Аддала яна незнаёмаму апошнюю сваю бульбіну.
    Той яе з’еў і зноў хлеба просіць.
    – Адкуль жа я табе, дзядуля, хлеба вазьму? – пытаецца бабуля.
    – А ты з печы дастань, – адказвае дзядок.
    Зазірнула бабулька ў печ, а там і сапраўды гатовы каравай ляжыць.
    Войкнула яна, дастала яго і стала дзядка карміць. Ён з’еў увесь каравай і яшчэ просіць.
    – Няма ў мяне больш хлеба, – кажа бабуля.
    – А ты зноў з печы дастань, – кажа дзядок.
    Глядзіць бабуля – а там зноў каравай ляжыць. Дастае яго з печы, а сама ўслых дзівіцца:
    – Да якога ж часу Бог хлеб мне будзе дараваць?
    – А да таго часу, пакуль з чыстым сэрцам будзеш дзяліцца з усімі галоднымі, – адказаў стары.
    Вось з таго часу і не пераводзіцца ніколі ў хаце ў добрай бабулькі хлеб.
   
    Якім чынам бабуля хацела вырашыць сваю праблему?
    Хто пастукаўся да яе ў дзверы?
    Чым старая пачаставала госця?
    Хто падкладваў караваі ў печ?
    Наколькі шчодры Бог?

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.