ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Бог вучыць адкрытасці на людзей

На службе Богу

айцец Антоній ПажэцкіСёння сваю гісторыю распавядае айцец Антоній Пажэцкі з Ордэна Братоў Меншых Канвентуальных.
Прыклад веры бацькоў
    Нарадзіўся айцец Антоній у Гродне. У францішканскім касцёле атрымаў першыя сакраманты: быў ахрышчаны і праз 10 гадоў прыступіў да Першай святой Камуніі.
    “Мае бацькі жылі верай: гэта адчувалася. Я бачыў прыклад іх сумеснай малітвы. І хоць часта яны прыходзілі з працы стомленыя, усё роўна знаходзілі час, каб памаліцца. Рэгулярна прысутнічалі ў касцёле на Імшы. У нядзелю – нават размова не вялася. Стараліся прыйсці і ў буднія дні… Дзякуючы ім, атрымаў тое, што маю зараз”.
   
    Жаданне прамаўляць да людзей Божае слова
    Айцец Антоній гадаваўся разам з трыма братамі і сястрой. Любіў спорт, наведваў розныя секцыі. Часта прыходзіў у касцёл. Прыслужваў пры алтары як міністрант.
    “Вельмі хацеў чытаць на Імшы Божае слова. Таму паставіў перад сабой мэту і самастойна вывучыў польскую мову”.
    Перачытаў шмат рэлігійнай літаратуры, якая раней была ў большасці польскамоўная. Сярод кніг траплялася шмат асобнікаў, выдадзеных францішканцамі.
“Адчуваў моцнае жаданне развівацца далей. Хацелася трымацца прыкладаў святога Максімільяна Кольбэ, які працаваў у францішканскім касцёле ў Гродне, святога Антонія Падуанскага, майго заступніка…”.
    І паступова малады чалавек пранікся глыбокім і шчырым жаданнем служыць Богу. У свой час на яго станоўча паўплываў ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч, які працаваў у парафіі.
    “Я бачыў яго стаўленне да малітвы, да выканання службы. Бачыў прыклад іншых святароў і хацеў зрабіць штосьці большае для духоўнага жыцця людзей. Прагнуў адпраўляць святую Імшу, каб прамаўляць да вернікаў Божае слова. Гэтае жаданне, як зерне, кінутае ў жыватворную глебу, паціху прарастала. Урэшце я зразумеў: Пан кліча мяне”.
    Сумневаў на гэты конт не ўзнікала ніколі. Адзінае, хлопец раздумваў: быць дыяцэзіяльным святаром або ўступіць у манаскі ордэн. Пасля некаторых разважанняў малады чалавек вырашыў далучыцца да францішканцаў.
   
    Адкрытасць на людзей
    Пасля школы трэба было канчаткова вызначыцца. Сябар прапанаваў паступаць у Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў. Але жаданне стаць святаром было мацнейшым, таму адразу пасля выпускных экзаменаў хлопец паступіў у ордэн францішканцаў.
    “Не хацелася адцягваць: адчувалася глыбіня паклікання”.
    Спачатку была фармацыя, падрыхтоўка да пастулата, затым навіцыят. Увесь гэты час хлопец знаходзіўся ў Смардзэвіцах у Польшчы. Непасрэдна саму вучобу малады чалавек распачаў у семінарыі ў Лодзі.
    Першы раз прыехаў дадому пасля двух гадоў адсутнасці. За гэты час з блізкімі амаль не кантактаваў. Бацькі атрымлівалі ад сына вестку ўсяго раз на месяц.
    “Гэты перыяд быў няпростым, але цікавым. Ён шмат чаму мяне навучыў, прымусіў глыбока задумацца над сваім далейшым жыццёвым шляхам”.
    Хутка францішканская семінарыя адкрылася ў Пецярбургу. З’явілася магчымасць працягваць вучобу там.
    “Мы прыехалі ў Пецярбург у сярэдзіне восені. Умовы былі вельмі цяжкімі. Стары будынак, у якім некалі размяшчалася фабрыка, ужо некалькі гадоў пуставаў. Усё вакол было запоўнена непатрэбнымі металамі. Не было ацяплення. На працягу трох гадоў тапілі печку-буржуйку. Даводзілася спаць у абутку, цёплай куртцы і шапцы. Не было вады, не было нават вокнаў! Вось у такіх умовах мы пачыналі”.
    Але сёння айцец Антоній дзякуе Богу за такі вопыт. Нягледзячы на цяжкія знешнія ўмовы, супольнасць была згуртаваная. Мела сілы і канкрэтныя задачы. Таму хутка пры кляштары была створана сталоўка. Туды прыходзілі дзеці з недабрабытных сямей, людзі, якія не мелі даха над галавой.
    Ім аказвалася простая пасільная дапамога.
    “Бог вучыў нас быць адкрытымі на людзей, якія да нас прыходзілі”.
    Акрамя таго, трэба было вучыцца. На шчасце, праца ніяк не замінала інтэлектуальнаму развіццю.
    “Мы наведвалі адзіную ў Расіі Каталіцкую вышэйшую духоўную семінарыю «Марыя – Каралева Апосталаў», дзе выкладалі прафесары з розных краін свету. Для нас гэта было вялікім багаццем. Мы даведаліся пра Касцёл у Амерыцы, Канадзе, Германіі, Аргентыне, Італіі, Іспаніі і іншых краінах. Ды і сам Пецярбург пакінуў у душы добры адбітак: усё ж культурная сталіца Расіі…”.
   
    Праца ў парафіі
    У 2000 годзе 17 верасня ў Гродне айцец Антоній склаў вечныя шлюбы. Праз год 14 кастрычніка ў Маскве адбылося яго святарскае пасвячэнне. Пасля заканчэння семінарыі айцец Антоній застаўся працаваць у Пецярбургу. Быў адказным за будаўніцтва манастыра, касцёла і дабрачыннага цэнтра. Даводзіў да належнага стану распачатыя яшчэ раней будаўнічыя справы. Адказваў за супольнасць колькасцю каля 20 чалавек. Паспяваў кіраваць будоўляй і прысутнічаць на ўсіх малітвах.
    “Канешне, было няпроста. Але гэта такі багаты вопыт! Мабыць, на ўсё жыццё. Дзякую Богу”.
    Пазней чатыры с паловай гады айцец Антоній вывучаў у Рыме хрысталогію. Пасля прыехаў у Беларусь.
    “Калі я пасля 10 гадоў вярнуўся на Радзіму, быў прыемна здзіўлены колькасцю нашых вернікаў. У Расіі такога не назіраў”.
    Некаторы час айцец працаваў вікарыем у роднай парафіі ў Гродне. Зараз з’яўляецца настаяцелем кляштара францішканцаў і парафіі Маці Божай Анёльскай.
    “Мне вельмі падабаецца працаваць у парафіі, быць з людзьмі. Я з задавальненнем аказваю ім духоўную дапамогу праз споведзь, адпраўленне святой Імшы. У дадзены момант не бачу нейкіх звышнатуральных задач па рэалізацыі паклікання. Яно, мне здаецца, палягае на тым, каб імкнуцца сумленна выконваць свае абавязкі. У маім выпадку – як святара і настаяцеля. Гэта значыць, дзяліцца Божымі дарамі і весці людзей да вечнага жыцця”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.