ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

З Маці Божай Тракельскай – у новы навучальны год

З жыцця Касцёла


Св. Імшу ў межах сустрэчы ўзначаліў кс. бп Юзаф СтанеўскіПятая юбілейная сустрэча душпастарства настаўнікаў, выкладчыкаў і выхавацеляў адбылася сёлета ў Тракелях. Маці Божая Тракельская з усёй моцаю мацярынскай любові дазволіла тым, хто сёння фарміруе маладое пакаленне, тым, хто больш за іншых адказвае за наша будучае, сустрэцца ў гэтым месцы, дзе Яна, наша Каралева, здзяйсняла цуды. Здзяйсняла, каб мы моцна ў Яе паверылі, каб прыходзілі і прасілі, бо праз Яе заступніцтва можна выпрасіць шматлікія ласкі ў нашага Збаўцы Езуса Хрыста.
Сёлетняя сустрэча сабрала з усіх куткоў Гродзенскай дыяцэзіі тых аднадумцаў, хто перш за ўсё прыехаў падзякаваць за ўсё тое, што было ў мінулым навучальным го-дзе, за поспехі і здабыткі, за радасць і смутак, за ўзлёты і падзенні. Усе мы цудоўна разумеем, што ў нашым жыцці не бывае нічога выпадковага, што ўсё тое, што сустракаецца на шляху выхавання маладога пакалення, звязана з Божай воляй. Каму як не настаўнікам варта яшчэ і яшчэ раз звяртацца да Той, якая выслухае і абавязкова дапаможа. Таму і сабралася ўся педагагічная супольнасць тут, каб прасіць у Божай Маці аб Яе няспыннай апецы, аб дапамозе ў выхаванні падрастаючага пакалення ў такі няпросты час, аб вырашэнні тых складаных задач, з якімі так часта даводзіцца сутыкацца, працуючы з моладдзю. Сёння ўвесь свет ахутаны спакусамі. Не абмінаюць яны і маладое пакаленне. Як дапамагчы ім разабрацца ў тым, што добрае, а што злое, што варта ўвагі, а што трэба адкінуць, што каштоўнае, а што нізкапробнае. На гэта накіравана праца настаўніка, складаная, але такая неабходная.
Праграма спаткання сапраўды дазволіла ўсім прысутным акунуцца ў незвычайную атмасферу еднасці, супакою, цішыні, любові. Тут сабралася сям’я настаўнікаў-аднадумцаў, якія не толькі імкнуцца перадаваць веды маладому пакаленню, а перш за ўсё выхоўваць яго на аснове сапраўдных хрысціянскіх каштоўнасцей. Напачатку сустрэчы ўсіх прысутных прывітаў кіраўнік душпастарства кс. Антоній Грэмза, які адзначыў, што праца настаўніка патрабуе ахвярнасці, цярпення і здароўя. Таму і сабраліся мы тут, каб прасіць у Маці Божай Тракельскай бласлаўлення на цэлы навучальны год. Прывітальнае слова скіраваў да ўсіх таксама дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі, які сказаў, што гэта вельмі добры знак таго, што мы сабраліся тут, у школе Марыі, каб вучыцца ад Яе, задаць Ёй пытанні і разам шукаць адказы на іх. І вельмі важна, каб не толькі прысутныя тут настаўнікі, але і ўсе тыя, хто мае дачыненне да адукацыі, былі ахоплены малітвай на распачацце навучальнага года.
    Пасля адбылася канферэнцыя на тэму “Пакліканне настаўніка ў адносінах да Бога, сябе і грамадства”, якую правёў кс. Антоній Грэмза. У сваім выступленні ён звярнуў увагу на тое, што ў ацэнцы Касцёла ёсць розныя тыпы настаўнікаў: настаўнік-рэаліст, настаўнік-педагог, настаўнік-выхавацель, настаўнік-сведка, настаўнік-тэрапеўт, настаўнік-майстар, настаўнік-кіраўнік. Вельмі важна ўмець спалучаць у сабе ўсе гэтыя рысы, але перш за ўсё сучасны настаўнік павінен быць адкрытым і сумленным, паказваць якасці, годныя для пераймання, умець аптымістычна глядзець у будучыню.
Выкладчыкі і выхавацелі сабраліся каля трона Маці Божай, каб у супольнай малітве папрасіць аб патрэбных ласках    Падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, якую арганізавала настаўніцкая супольнасць са Шчучына разам з а. Вітольдам, словы просьбы і падзякі былі скіраваны да Езуса Хрыста, нашага Настаўніка, які з’яўляецца крыніцай радасці, натхнення. Толькі моцная вера ў Яго дазваляе нам чэрпаць тыя сілы, якія неабходны сапраўднаму настаўніку. Таму і звяртаемся мы да жывога ў Найсвяцейшым Сакраманце Езуса, каб уваходзіў у нашы сэрцы, каб дапамагаў пераадольваць слабасці і недахопы і выхоўваць моладзь у адпаведнасці з Божымі наказамі.
    Кульмінацыйным момантам сустрэчы стала святая Імша, якую цэлебраваў кс. біскуп Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх адзначыў, што настаўнікі – гэта не толькі тыя, хто перадае веды па розных дысцыплінах. Гэта перш за ўсё асобы, якія выхоўваюць маладое пакаленне, вучаць, як жыць, як рабіць правільны выбар. І гэта вельмі адказна, бо ад іх працы шмат у чым залежыць наша будучае. Яны, як і Ян Хрысціцель, павінны пратоптваць сцежкі і весці за сабой. Як адзначыў біскуп, настаўнікі сабраліся тут не для таго, каб стаць мудрэйшымі ў сваіх прадметах, а каб вучыцца ў Бога і на сваім месцы працы быць перш за ўсё чалавекам, які мае аўтарытэт, вучыць жыць і з’яўляцца прыкладам для сваіх вучняў. Вельмі важна, каб настаўнік прадстаўляў свет такім, якім хацеў стварыць яго Бог, дзе ўсе жывуць у згодзе і міры. Напрыканцы кс. біскуп пажадаў усім настаўнікам, каб яны імкнуліся да лепшага, каб будавалі сапраўдны Божы свет. Таму просім нашу Маці, каб дапамагла вытрымаць у веры, быць праўдзівымі, вучыць той міласці, згодзе, якую нёс людзям наш Збаўца.
    Пасля перапынку на абед перад цудоўным абразом настаўніцкая сям’я прадставіла акт аддання навучальнага года пад абарону Божай Маці. Усе прысутныя настаўнікі аддалі ў Яе распараджэнне моладзь, вучняў, студэнтаў, бацькоў, педагогаў, выхавацеляў, кіраўнікоў школ і папрасілі, каб пад Яе апекай школа стала той супольнасцю, дзе ўсе будуць узрастаць да паўнаты чалавечнасці паводле ўзору Езуса Хрыста.
    Цікавай і павучальнай аказалася і праца ў арганізаваных чатырох групах, дзе разглядаліся аспекты працы настаўніка: праца як дар, як сустрэча, як шлях, як будаванне. Развагі па пастаўленых пытаннях не толькі дазволілі сумесна шукаць адказы на іх, але і перш за ўсё зблізіць настаўнікаў, даць зразумець, што падчас такіх сустрэч шліфуецца асоба сапраўднага педагога-хрысціяніна.
    Сёлетняе спатканне сапраўды незвычайнае. І не толькі таму, што яно адбылося ў пачатку навучальнага года, а не напрыканцы яго, як гэта было раней. Маці Божая Тракельская здзейсніла чарговы цуд, бо хвіліны, праведзеныя ў гэтым санктуарыі, сталі бальзамам на сэрца кожнаму настаўніку. Гэта хвіліны сапраўднай радасці, душэўнай раўнавагі, сямейнай утульнасці, хвіліны, праведзеныя разам з нашай Нябеснай Заступніцай у роздуме над тым, хто мы і ў чым наша місія.
    Марыя, наша Маці, мы ўдзячны Табе, што дала магчымасць пачаць новы навучальны год разам з Табой, адкрыць свае сэрцы, даверыць свае планы і задумы і разам з Табой вучыць і выхоўваць маладое пакаленне так, як гэта рабіў вышэйшы Настаўнік – Езус Хрыстус. Вядзі нас за сабой, аберагай і дапамагай у адказнай справе выхавання маладога пакалення.
   
    P.S. Душпастарства настаўнікаў, выкладчыкаў і выхавацеляў бясконца ўдзячна ўсім тым, хто прыняў удзел у гэтым спатканні: кс. біскупу Юзафу Станеўскаму не толькі за скіраванае да нас Божае слова, але і за прыклад сапраўднай веры, добразычлівасць, адкрытасць сэрца, сціпласць, за тое, што знайшоў час правесці з намі цэлы дзень; кусташу санктуарыя кс. Аляксандру Рудзевічу за гасцінны прыём, за смачны пачастунак; кс. Вітольду Пяцельчыцу, а. Андрэю Агелю, кс. Андрэю Роўбу і, безумоўна, кіраўніку душпастарства кс. Антонію за арганізацыю такой незабыўнай сустрэчы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.