ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

“Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць”

З жыцця Касцёла

Супольны здымак на заканчэнне Дзён моладзі ў Смаргоні

Ад 1 па 3 мая ў Смаргоні адбыліся XXII Дыяцэзіяльныя дні моладзі. У гэты час горад выглядаў не так, як звычайна, паколькі ў парафіі св. Міхала Арханёла сабралася каля двух тысяч маладых людзей з Гродзенскай дыяцэзіі і з-за яе межаў, якія прыбылі сюды, каб супольна праслаўляць Бога малітвай, спевам і танцам, разважаючы над дарам чыстага сэрца.
Усё распачалося ў пятніцу 1 мая, калі на чыгуначным вакзале ў Гродне сабралася моладзь з гродзенскіх і навакольных парафій, каб спецыяльна падрыхтаваным цягніком вырушыць у Смаргонь на чарговыя Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Але яшчэ больш маладых людзей чакала на вакзале ў Лідзе, дзе цягнік затрымаўся, каб прыняць чарговых пасажыраў, якія накіроўваліся на гэтую вялікую і важную падзею ў жыцці гродзенскага Касцёла. Час падарожжа праляцеў вельмі хутка, і маладыя людзі аказаліся ў Смаргоні, дзе іх чакалі жыхары горада разам са сваімі душпастарамі. Цікава было назіраць за рэакцыяй многіх людзей, якія, здавалася, не былі ў курсе і не маглі зразумець, адкуль прыехала так шмат моладзі і якая мэта іх прыезду.
Спачатку рассяленне ў людзей з добрым сэрцам, якія адчынілі дзверы сваіх дамоў і кватэр для такой вялікай колькасці моладзі. Затым супольная адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту на прыкасцёльным пляцы і супольная Эўхарыстыя на распачацце Дзён моладзі, якую ўзначаліў Яго Эксцэленцыя кс. бп Юзаф Станеўскі, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі, які таксама скіраваў да маладых вернікаў Божае слова. Важнай падзеяй першага дня гэтай сустрэчы была таксама канферэнцыя на тэму: “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць” (Мц 5, 8), у якой была асаблівым чынам звернута ўвага на чысціню ўчынкаў, вачэй і мовы, а таксама на тое, што толькі той, хто мае чыстае сэрца, можа любіць Бога і іншага чалавека. Праграму працягнуў пагодны вечар і забавы, завяршэннем якіх была супольная малітва і пастарскае бласлаўленне, што ўдзяліў ксёндз біскуп Юзаф.
    ДПадарунак для нунцыя ад маладых людзейругі дзень быў яшчэ больш інтэнсіўным. Спачатку ранішнія малітвы, затым тэматычныя катэхезы, якія датычылі чысціні ў жыцці кансэкраваных асоб, святароў, сужэнцаў, нарачоных, а таксама хлопцаў і дзяўчат. Пасля кожная група мела магчымасць прадставіць найважнейшыя пункты і праблемы, якія закраналіся падчас катэхез. Важнай падзеяй другога дня была Эўхарыстыя, якую ўзначаліў Яго Эксцэленцыя кс. абп Клаўдыа Гуджэроці, Апостальскі нунцый у Беларусі, разам з Яго Эксцэленцыяй кс. б-пам Аляксандрам Кашкевічам, ардынарыем Гродзенскай дыяцэзіі, і Яго Эксцэленцыяй кс. б-пам Юзафам Станеўскім. Прадстаўнік Святога Айца звярнуўся да моладзі з гаміліяй, у якой заахвоціў маладых людзей не саромецца і не баяцца сваёй прыналежнасці да Хрыста. Цікава таксама тое, што на канец св. Імшы моладзь пачала разам ускрыкваць, што чакае Папу ў нашай краіне, на што ксёндз арцыбіскуп адказаў, што Святы Айцец вельмі хоча наведаць Беларусь, а мы павінны яшчэ больш маліцца ў гэтай інтэнцыі.
    У гэты дзень кожная парафіяльная група мела магчымасць прадставіцца, паказваючы важнасць чысціні сэрца ў жыцці кожнага чалавека. Чарговым пунктам быў канцэрт семінарыйнага гурта “AVE” і гурта моладзевага душпастарства “OPEN”. Важнай падзеяй гэтага дня, як і ўсёй сустрэчы моладзі, была эўхарыстычная адарацыя, якую правяла моладзь з евангелічнага праекта “РЫБЫ”, а таксама сакрамант споведзі. На вачах многіх маладых людзей можна было ўбачыць слёзы радасці ад сустрэчы з Хрыстом у сакраманце пакаяння. А кульмінацыяй дня стала далучэнне многіх удзельнікаў да РУХУ ЧЫСТЫХ СЭРЦАЎ, падчас чаго маладыя людзі абавязаліся захоўваць чысціню сваіх сэрцаў. Канцэрт гурта “CROSSWAY” з Пінскай дыяцэзіі стаў падсумаваннем чарговага дня.
    У нядзелю, нягледзячы на холад і няпэўнае надвор’е, маладыя людзі сабраліся на супольнай Эўхарыстыі на заканчэнне Дзён мола-дзі. Святую Імшу ўзначаліў кс. Антоній Грэмза, душ-пастар моладзі і галоўны арганізатар гэтай сустрэчы. Пасля атрымання блаславення і разаслання адбыўся канцэрт гурта “МІЛАСЦЬ” з парафіі Ліда-Фара. Пасля моладзь чакала супольная дарога на вакзал, цягнік, ад’езд дамоў і абяцанне сустрэцца на чарговых Дыяцэзіяльных днях моладзі. Нягледзячы на тое, што XXII сустрэча маладых людзей нашай дыяцэзіі стала ўжо гісторыяй, з вуснаў многіх хлопцаў і дзяўчат усё яшчэ можна было пачуць дэвіз гэтай сустрэчы: “Чыстыя сэрцы Богу прыносім. Сёння Табе іх даверыць хочам. Аздараві нашу душу і цела, каб усё жыццё да цябе прамянела”.
   
    Так, гэта праўда, што “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць” (Мц 5, 8)
   
    Аня Барысевіч
    Душпастарства моладзі “OPEN”, Гродна
    Мне ўсё вельмі спадабалася. Я засталася пад вялікім уражаннем. Асабліва спадабалася тое, што кс. Антоній Грэмза дапамог нам стаць членамі Руху чыстых сэрцаў. Мы гэтага сапраўды доўга чакалі. Я ведаю мноства людзей, якія даўно прагнулі далучыцца да гэтага руху. Хацелася б адзначыць таксама высокі ўзровень арганізацыі ўсяго мерапрыемства, добразычлівыя адносіны людзей адзін да аднаго. У ДДМ я ўдзельнічаю другі раз. Сустрэча ў Смаргоні мне спадабалася больш, чым леташняя ў маім родным Гродне.
   
    Наташа Катушонак
    Парафія св. Францішка Ксаверыя, Гродна
    Я ўжо трэці раз удзельнічаю ў Дыяцэзіяльных днях моладзі. Мне вельмі падабаецца. Добра, калі на Дні моладзі едзеш у іншы горад, а не калі яны праходзяць у тваёй роднай мясцовасці. Бо калі сустрэча адбываюцца ў тваім горадзе, ты ўсё роўна на штосьці адрываешся – на вучобу, працу і г.д. Але калі даводзіцца выязджаць некуды, ты забываешся пра ўсе свае справы і цалкам аддаеш сябе таму, што адбываецца: супольнай малітве, кантакту з людзьмі і г.д.
   
    Віталій Снапко
    Парафія Унебаўзяцця НПМ, Жалудок
    Больш за ўсё мне запомнілася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту – як для мяне, самая важная частка ДДМ. Спадабался катэхеза на тэму чысціні ў жыцці святара, якую прамовіў кс. Валерый Быкоўскі. Кс. Валерый вельмі файна і зразумела ўсё растлумачыў. Запалі ў душу ягоныя словы: “Калі святар дае зарок бясшлюбнасці – не можа мець жонкі і дзяцей, – ён адначасова дае зарок нараджаць новых людзей для жыцця вечнага, жыцця з Богам”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.