ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

У Бога няма памылак

На службе Богу

Сёння сваю гісторыю распавядае ксёндз Мар’ян Хаменя з Кангрэгацыі святога Арханёла Міхала.
Марыў стаць місіянерам
    Ксёндз Мар’ян паходзіць з Ваўкавышчыны. Нарадзіўся ў вёсцы Сямёнава, быў ахрышчаны ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Шылавічах. У канцы 1950-х гадоў сям’я выехала з Беларусі і пасялілася паміж Мальбаркам і Штумам у вёсцы Гасцішава.
    “Нас было чацвёра дзяцей. У нядзелю, памятаю, прачыналіся, калі маці спявала Гадзінкі да Маці Божай. Спявала і гатавала сняданак”.
    Пасля школы малады хлопец вучыўся ў ліцэі ў Штуме. А затым уступіў у манаскі ордэн вербістаў у Пененжне. “Я з дзяцінства хацеў стаць ксяндзом. Гэтае жаданне было ўва мне заўсёды. Я пайшоў да вербістаў, марыў выехаць на місіі ў Папуа–Новую Гвінею”.
    Пасля чатырох гадоў побыту ў вербістаў падчас футбольнага матча сур’ёзна траўміраваў нагу. Перанёс аперацыю, доўгі час не мог хадзіць. А затым была працяглая рэабілітацыя, фізіятэрапія... У ордэне палічылі, што юнак не зможа стаць місіянерам: занадта моцна ўсё перажывае, не хопіць сіл для такой цяжкай працы.
    Пачаў працаваць кіраўніком склада ў Гданьску.

   У міхалітаў
    Малады чалавек не быў згодны развітацца са сваімі жаданнямі. Два гады ён стукаўся ў дзверы розных ордэнаў. Прынялі яго ксяндзы міхаліты.
    “Я ўступіў у Кангрэгацыю святога Арханёла Міхала. Скончыў семінарыю ў Кракаве і быў пасвечаны ў святары святым Янам Паўлам II 9 чэрвеня 1987 года ў Любліне. Мне было тады 30 гадоў”.
    Пасля ксёндз Мар’ян працаваў у Торуні катэхетам – вучыў дзяцей. Затым быў накіраваны на навучанне ў Рым, дзе скончыў дагматыку.
    “Генерал ордэна якраз думаў направіць людзей на працу ў Беларусь. А я марыў аб гэтым... І вось я ў Шылавічах. Працую тут ужо больш за 25 гадоў”.
   
    Святарскія пасвячэнні кс. Мар’яна ў ЛюблінеЗ Божай дапамогай
    Ксёндз Мар’ян трапіў у парафію, калі касцёл быў моцна пашкоджаны. Спатрэбілася шмат часу і сіл, каб аднавіць святыню.
    “Ордэн дапамагаў, людзі, арганізацыі, калгасы. Я тады ў большай ступені займаўся не святарскай працай, а прарабскай – будоўля, рамонт...”.
    З Божай дапамогай пабудавалі таксама плябанію, капліцу ў Вердамічах, невялікі касцёл святой Фаўстыны Кавальскай у Субачах.
    “Я абслугоўваў дзве парафіі – Шылавічы і Мсцібава. Да сённяшняга дня памятаю гэтыя мукі. Ездзіў па хворых, а калі вяртаўся ў касцёл, мяне чакалі доўгія чэргі да споведзі. Гэта сёння мы маем яшчэ аднаго ксяндза – тады я быў адзін”.
    Паступова ксёндз Мар’ян губляў здароўе. Да таго ж, у 1996 годзе з ім здарылася страшная аварыя. На верталёце святара перавезлі ў Варшаву.
    “Тут мяне ратавалі ад смерці, там – ад калецтва. Перанёс яшчэ 4 аперацыі. Сёння ў маёй назе ад калена да сцягна ў сярэдзіне косці стаіць жалязяка”.
    Кожную першую суботу месяца ксёндз Мар’ян адпраўляе двухгадзіннае набажэнства. Арганізаваў таксама набажэнства Апостальства дапамогі чыстцовым душам, якое добра развіваецца.
    “Літаральна некалькі гадоў таму вербісты перадалі мне, што шмат гадоў таму здарылася памылка. Нехта іншы павінен быў сысці з ордэна. Але я ўпэўнены, што ў Бога няма памылак (усміхаецца – заўв. аўт.)”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.