ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч: “Лёс Касцёла ў нашай краіне залежыць ад святарскай службы”

Інтэрв'ю

– Ваша Эксцэленцыя, у гэты асаблівы для гродзенскай семінарыі юбілейны год, што асабіста Вы перажываеце, вяртаючыся сюды як яе заснавальнік?
    – ВДС у Гродне – гэта як першае дзіця. Я заснаваў яе ў 1990 г., але ў сувязі з пераводам у Маскву мне не дадзена было доўга цешыцца такой важнай для жыцця Касцёла ўстановай. Але семінарыя засталася і дае свой плён, чым я вельмі ўсцешаны. Тым выразней гэтую радасць я адчуваю ў час, калі перажываю сярэбраны юбілей біскупскай сакры, бо калі б у Беларусі не было біскупа, не было б і семінарыі. Калі я прыязджаю ў Гродна ці нават проста праязджаю каля семінарыі, я заўсёды дзякую Богу за гэты вялікі дар для Касцёла Беларусі і не толькі, паколькі выпускнікі гэтай навучальнай установы працуюць таксама ва Украіне і ў Казахстане. Сёння я дзякую Богу за 25 гадоў існавання семінарыі і спяваю “Te Deum”.
   
    – З чаго Вы распачалі сваю працу 25 гадоў таму? Што тады было самым складаным?
    – Яшчэ да біскупскай намінацыі я глыбока перажываў праблему падрыхтоўкі мясцовых святароў і марыў пра стварэнне семінарыі. Пасля пасвячэння ў біскупы я рушыў наперад, каб рэалізаваць гэтую ідэю. Я разумеў, што гэта не будзе лёгка, але я верыў у Божы Провід і казаў сабе, што пад ляжачы камень вада не цячэ, што яго трэба перасоўваць. Самая вялікая праблема была з атрыманнем дазволу ад дзяржаўных улад, а потым з вызваленнем пабернардынскага кляштара, які тады займала судмедэкспертыза. Доўгія і марудныя размовы з уладамі ўвянчаліся поспехам і я атрымаў дазвол.
Наступная справа – выбар кіраўніцтва семінарыі і яе матэрыяльнае забеспячэнне. І тут трэба прывесці ў прыклад як старэйшых ксяндзоў – кс. прэл. Станіслава Кучынскага, прызначанага рэктарам семінарыі, кс. Міхала Варанецкага, прызначанага духоўным айцом, – якія на волю біскупа, нягледзячы на хваробы і пажылы ўзрост адказалі “так, калі Касцёл патрабуе, так павінна быць”, так і маладых – кс. Вінцэнта Лісоўскага і кс. Люцыяна Радомскага, – якія без нараканняў узялі на сябе абавязкі эканома і прэфекта. У справе матэрыяльнага забеспячэння семінарыі парафіі адказалі з вялікім энтузіязмам і дапамагалі хто чым мог. Ксяндзы з Польшчы таксама працягнулі руку дапамогі. Так распачалася справа заснавання і функцыянавання Гродзенскай ВДС, хоць многія лічылі гэтую ідэю ўтопіяй.
   
    – На што сёння варта звяртаць увагу ў падрыхтоўцы маладых святароў?
    – Сучасны свет патрабуе ўсебакова падрыхтаванага святара, чалавека адкрытага на іншых, не гаспадара, але слугу, які вядзе святое жыццё, мае высокі інтэлектуальны ўзровень, з’яўляецца добрым і чулым душпастарам. Людзі чакаюць ад святара адказаў на нестандартныя пытанні і нельга іх падвесці. Ад гэтага будзе залежаць лёс Касцёла ў нашай краіне.
   
    – Што Вы сёння хацелі б пажадаць алюмнам і прафесарам Гродзенскай ВДС?
    – Прафесарам і выхавацелям семінарыі я хачу пажадаць, каб яны заўсёды памяталі, што нясуць адказнасць за будучыню Касцёла ў Беларусі і так фарміравалі будучых святароў, каб яны на самой справе станавіліся спецыялістамі па сустрэчы чалавека з Богам. Гэта падобна на сітуацыю ў сям’і, калі ад выхавання дзіцяці залежыць яго будучыня. Алюмнам я жадаю, каб іх семінарыйныя гады сталі часам сапраўднай фармацыі: чалавечай, духоўнай, інтэлектуальнай і пастарскай, каб яны былі надзеяй і радасцю Касцёла ў Беларусі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.