ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Святло для свету

На шляху да святасці

Каталіцкі Касцёл на Гродзеншчыне і ва ўсім свеце 2 лютага адзначае ўрачыстасць Ахвяравання Пана.
Гэтае свята на працягу стагоддзяў змяніла не толькі сваю назву, але і характар. Раней літургія дня гаварыла аб ачышчэнні Найсвяцейшай Панны Марыі. Сёння ж у гэты дзень акцэнт робіцца на асобу Езуса Хрыста, які з’яўляецца “святлом свету” і “святлом для асвятлення язычнікаў”, як назваў Яго старац Сімяон. Ці як гаворыць у Евангеллі св. Ян, Хрыстос – “святло праўдзівае, якое асвячае кожнага чалавека, які прыходзіць на свет” (Ян 1, 9).
    Святло існуе не для таго, каб глядзець на яго, бо можна аслепнуць, вочы баляць і слязяцца, а пасля такога сеанса ўзірання ў святло, чалавек нічога не бачыць. Святло існуе для таго, каб асвячаць нам усё навокал, каб з яго дапамогай мы маглі выразна бачыць, рухацца, чытаць, выконваць нашы штодзённыя заняткі, жыць нармальна. Без святла мы жывём у цемры і нічога не бачым. Нават самыя прыгожыя прадметы не могуць быць успрыняты, імі нельга палюбавацца, яны гінуць у цемры. Святло існуе для таго, каб я лепш бачыў, каб лепш і разумней жыў. Каб мае вочы ўбачылі сэнс і значэнне майго жыцця і маёй смерці, каб я ўбачыў, што я не адзін у свеце, што ў ім ёсць яшчэ іншыя людзі, мае браты. Але святло існуе і для таго, каб я заўважыў, дзе знаходзіцца канчатковая мэта і сэнс майго жыцця, каб пры дапамозе гэтага ж святла “мае вочы ўбачылі Збаўленне”. Каб яно асвяціла мяне і я не быў цёмным і адсталым, бо інакш я буду блукаць навобмацак і жыць у змроку.
Касцёл, паводле паданняў, адзначаў гэтае свята ўжо ў IV стагоддзі. У нашай традыцыі яно называлася, а многія і цяпер яго так называюць, святам Маці Божай Грамнічнай. Пачынаючы з IX стагоддзя, вернікі ў гэты дзень прыносяць у касцёл свечкі для бласлаўлення, якія называюць грамнічнымі. Працэсія з запаленымі свечкамі на пачатку літургіі з’яўляецца знакам новага руху праз жыццё ў адзінстве з Езусам. Некалі грамнічныя свечкі абавязкова рабілі з пчалінага воску, і пасля таго, як іх запальвалі, дом напаўняўся цудоўным пахам. Асвечаную ў касцёле запаленую грамніцу стараліся занесці дадому, каб ад яе распаліць агонь, які павінен быў абвяшчаць згоду і любоў у сям’і. З запаленай свечкай абыходзілі ўсю гаспадарку, каб адпалохаць зло. Асвечаную свечку, як знак Божага святла, запальвалі ў складаныя моманты: падчас буры яе ставілі на акне, ёй адпалохвалі град, яе дымам крэслілі знак крыжа на дзвярах, печы і вокнах, што павінна было стаць “заслонай” супраць няшчасцяў і зла. Запальванне грамніцы і ўкладванне яе ў рукі паміраючага азначала, што па прыкладзе “мудрых паннаў” ён з запаленым светачам выходзіць насустрач свайму Абранніку. Грамнічныя свечкі захоўвалі ў годным месцы і выкарыстоўвалі толькі для рэлігійных мэт.
    Са святам Маці Божай Грамнічнай звязана таксама легенда, якая расказвае пра тое, як Маці Божая адганяла святлом грамніцы чараду ваўкоў ад дамоў. Такі сюжэт мы можам сустрэць на старых абразах ці свечках. У народнай традыцыі разам з урачыстасцю Маці Божай Грамнічнай заканчваецца спеў калядак, разбіраюць шопкі і ёлкі. Літургічны перыяд Божага Нараджэння заканчваецца раней, у свята Хросту Пана, аднак гэты звычай мае сваё пацвярджэнне не толькі ў традыцыі, але і ў тым, што ва ўрачыстасць Ахвяравання Пана Езус яшчэ Дзіцяткам быў прадстаўлены ў святыні.
    Традыцыя гэтага свята з’яўляецца прыкладам вернасці ў нашых сем’ях. Звышнатуральная сфера застаецца для людзей жывой, а асвечаныя прадметы прыгадваюць, што ўсё чалавечае жыццё праходзіць пад позіркам Бога. Святло грамнічнай свечкі павінна спадарожнічаць чалавеку ажно да смерці, калі за парогам зямнога жыцця ён сустрэнецца са Стварыцелем – Хрыстом.
    Таму просім Бога, каб святло нашай веры было як святло гэтых свечак, якія мы будзем трымаць у руках. Каб яно асвячала нашае жыццё і ззяла іншым, каб, ідучы за ім, мы дайшлі да Хрыста.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.