ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Каманда Гродзенскай дыяцэзіі ў трэці раз выйграла футбольны чэмпіянат Беларусі сярод святароў

З жыцця Касцёла

Пераможная каманда Гродзенскай дыяцэзіі з кс. аб-пам Тадэвушам Кандрусевічам

Галоўная інтрыга сёлетняга чэмпіяната заключалася, бадай, у тым, каб прадугадаць, ці здолеюць каманды скласці годную канкурэнцыю гродзенцам і перарваць іх бяспройгрышную серыю на двух чэмпіянатах запар.
Маладзечна-2014
    Найбольш рэальнымі прэтэндэнтамі на змяшчэнне лідара былі каманды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Віцебскай дыяцэзіі, – заваяваць кубак у папярэдніх чэмпіянатах ім перашкаджалі толькі паражэнні ад гродзенцаў. Гульня праходзіла па схеме: 2 таймы па 12 хвілін. У спаборніцтвах бралі ўдзел чатыры каманды – па адной ад дыяцэзіі, таму кожная каманда згуляла па тры матчы. Адкрываў чэмпіянат матч святароў з Гродна і Віцебска. З першых хвілін абедзве каманды рынуліся ў атаку, задаўшы высокі тэмп гульні. У выніку ўжо на 4-й хвіліне “бліцкрыг” гродзенцаў прынёс плён – 1:0. Каманда Віцебскай дыяцэзіі старалася не адставаць, але больш тэхнічныя гродзенцы літаральна праз хвіліну зноў пакарылі вароты сапернікаў – голам завяршылася імклівая контратака кс. Яна Кузюка. Віцебчане кінуліся адыгрывацца, і ў адведзены час першага тайма вароты сапернікаў сапраўды ўздрыгнулі. Але больш лік не змяняўся – 2:1 на карысць гродзенцаў.
Другім запускам паміж сабой гулялі каманды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі. Вельмі актыўна ў наступленні пачалі мінчане. У параўнанні з Пінскам іх гульня выглядала куды больш “свежай” і камбінацыйнай. За каманду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі гуляў таксама Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. 75 працэнтаў матча футбалісты правялі на гульнявой палове Пінска. Мінскія святары гулялі ў хуткі футбол, і гэтая схема цалкам апраўдвала сябе. Сапернік яўна прайграваў апанентам у хуткасці, таму чатыры забітыя галы ў вароты пінчан не сталі нечаканасцю. Выніковы лік матча – 4:1.
   
    Барацьба хуткасцей
    Далей паміж сабой гулялі каманды-пераможцы папярэдніх матчаў. Каманда Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі мела толькі 10 хвілін для аднаўлення, але гэта не перашкодзіла ім актыўна распачаць матч супраць гродзенцаў. Гульня, тым не менш, праходзіла пад націскам святароў з Гродна. Прарывы футбалістаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў штрафную зону сапернікаў таксама былі, але мінчан падводзіла тэхніка. Як і чакалася, гульня абедзвюх каманд стала бітвай хуткасцей. Але і першыя, і другія выдатна гулялі ў абароне. Мінчанам не ставала, хіба што, правільных рашэнняў у вострыя моманты. Гэта і выкарысталі сапернікі. Гол з правага фланга ў самую дзявятку варот мінчан ужо ў сярэдзіне першага тайма. Мінчане кінуліся ў контратаку і амаль забілі: моцны ўдар нападаючага кс. Рамана Сушы спыніў толькі галкіпер гродзенцаў кс. Юрый Гурскі, якому мяч трапіў у нос – патрабавалася замена варатара. Пасля перапынку мінчане з новымі сіламі кінуліся атакаваць і былі нават блізкія да рэваншу. Але гродзенцы выстаялі. Вынік гульні – 1:0.
    Зусім па-іншаму выглядала супрацьстаянне футбольных каманд Віцебскай і Пінскай дыяцэзій. Іх атакі не вызначаліся надзвычайнымі хуткасцямі, часам наадварот – гэта была барацьба тактык. Абедзве каманды практыкавалі “спакойны” футбол з камбінацыямі ў некалькі перадач. Больш актыўнымі былі віцебскія святары, якія ўжо ў першым тайме забілі тры галы. Другі тайм падарыў шэраг цікавых момантаў – матч завяршыўся не на карысць пінчан 2:4.
   
    Разгром пінчан і чарговы трыумф гродзенцаў
    Пасля дзвюх пераможаных гульняў футбалістам з Гродзенскай дыяцэзіі заставалася зрабіць апошні крок да кубка пераможцаў. Для гэтага ім трэба было абыграць пінчан. Пінчане ў выпадку перамогі над гродзенцамі давалі б тэарэтычны шанс для каманды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якая абыграла віцебчан з мінімальным лікам 0:1. Матч распачаўся з уласцівым гродзенскім святарам-футбалістам націскам. І ўжо на першых хвілінах лік гульні быў адкрыты. 1:0. Пінская каманда не падала духам і працягвала супраціўляцца. Але можна было заўважыць, што яны крыху “падселі”, прайграючы сапернікам у спрытнасці. Гродзенцы абыгралі камбінацыю ў некалькі перадач і павялічылі лік на табло.
    Нападаючыя кс. Ян Кузюк і а. Віталій Бандаронак OFMCap былі галоўным ядром гродзенскай каманды. Належнае варта аддаць і гродзенскім варатарам: кс. Артуру Малафею і кс. Юрыю Гурскаму. Гульня амаль цалкам пераносіцца ў штрафную пінчан з іх рэдкімі контратакамі. Але гродзенцаў было не стрымаць. На перапынак каманды сыходзілі пры ліку 4:0. Калі ў першай партыі яшчэ адчувалася барацьба пінчан, то другая частка гульні прайшла цалкам пад дыктоўку леташніх чэмпіёнаў. Галы забіваліся хутка і камбінацыйна. У выніку пінская каманда атрымала “баранку” – выніковы лік 8:0.
   
    Хто спыніць гродзенцаў?
    III Чэмпіянат па міні-футболе сярод святароў паказаў, што трывалым лідарам сёння з’яўляецца каманда Гродзенскай дыяцэзіі. І барацьба за першы радок калі і магчыма, то найбольшыя шансы адваяваць лідарства ў каманды Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. “Асноўная праблема святароў-футбалістаў Беларусі – фактычна поўная адсутнасць базавай футбольнай падрыхтоўкі”, – прызнаўся ў гутарцы з карэспандэнтам Catholic.by трэнер каманды Гродзенскай дыяцэзіі Яўген Сакалоўскі, які трэніруе і зборную святароў Беларусі па міні-футболе. “Свае трэніроўкі мы пачыналі за месяц, больш актыўна займаліся ўжо бліжэй да чэмпіянату. На трэніроўцы адпрацоўваем не толькі тэхніку, але і шмат размаўляем аб стратэгіі. Канешне, гэта не проста, бо не ўсе святары могуць прыехаць на трэніроўку, але я задаволены, што сёння мы згулялі на ўзроўні”.
    Яўген Сакалоўкі дадаў, што лічыць наяўнасць у камандзе свецкага трэнера плюсам. “Калі каманду трэніруе святар – свой сярод сваіх – у камандзе могуць з’яўляцца любімчыкі, ды і стаўленне да ўсіх можа быць суб’ектыўным. Са свецкім трэнерам такога няма. На сваім прыкладзе магу засведчыць: каманда паважае трэнера як аўтарытэт у футбольнай справе і прыслухоўваецца да яго парад”. Яшчэ адной праблемай святарскага футбола трэнер Сакалоўскі назваў вялікую ратацыю ў складзе каманд. “Футбол – камандная гульня. І, каб дабіцца ў ёй поспеху, неабходна найперш зыгранасць ігракоў. А калі склад каманд змяняецца з кожным годам больш чым на 50 працэнтаў, то спадзявацца на поспех становіцца цяжэй”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.