ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Гродзенскі хор “Cantate Domino” адзначыў сваё 15-годдзе

З жыцця Касцёла

Хор “Cantate Domino” падчас выступлення ў гродзенскай катэдры

Гэтую значную падзею калектыў адзначыў урачыстым канцэртам у касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Юбілейнае выступленне адбылося 22 лістапада, у дзень успаміну св. Цэцыліі, панны і мучаніцы, заступніцы касцёльнай музыкі і спеваў.
На пачатку адбылася ўрачыстая св. Імша ў інтэнцыі хору “Cantate Domino”, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі адзначыў, што ўспамін св. Цэцыліі – добрая нагода для таго, каб выказаць удзячнасць Богу за ўсіх, хто разумее словы св. Аўгустына: “Qui cantat bene, bis orat”, што азначае: “Хто добра спявае, моліцца двойчы”.
    Кажучы пра св. Цэцылію, заступніцу арганістаў, ха­рыс­таў і тых, хто стварае касцёльную музыку, іерарх наблізіў удзельнікам Імшы постаць той, для якой “смерць дзеля Хрыста была звычайным і натуральным вызнаннем веры”.
    “Святая Цэцылія не была толькі слухачом слоў Праўды: яна будавала свой дом на скале – на Евангеллі, на Хрысце”, – адзначыў біскуп.
Пасля Імшы адбыўся юбі­лейны канцэрт, які саб­раў шматлікіх слухачоў з уся­го горада. На канцэрце прысутнічалі таксама родныя і сябры ўдзельнікаў хору. Падчас канцэрта прагучала шмат твораў. Праз спеў удзельнікі хору хацелі данесці да прысутных Бога, да якога можна звяртацца таксама з дапамогай музыкі.
    Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім тым, хто праз спеў спрыяе будаванню Валадарства Божага на зямлі, за час, які ўдзельнікі хору прысвячаюць на рэпетыцыі і выступленні, і папрасіў іх і далей дадаваць сваім спевам прыгажосці касцёльным урачыстасцям у дыяцэзіі і далёка за яе межамі. Іерарх заахвоціў харыстаў не марнаваць талентаў, атрыманых ад Бога, а ўмела і з радасцю выкарыстоўваць іх на хвалу Пана.
    Хор “Cantate Domino” пачаў сваё існаванне амаль з часам заснавання парафіі Божай Міласэрнасці ў гродзенскім мікрараёне Вішнявец. Менавіта ў гэтай парафіі адбылося дэбютнае выступленне хору ў 1999 г. Цяпер калектыў налічвае 43 удзельнікі, а яго нязменным кіраўніком і дыры­жорам з’яўляецца Генрых Давідовіч. У выкананні хору можна пачуць спевы на трох мовах: беларускай, польскай і рускай. У рэпертуары калектыва як літургічныя спевы, так і творы вядомых кампазітараў класічнай музыкі – Баха і Моцарта. Хор аздабляе сваім спевам важныя парафіяльныя і дыяцэзіяльныя ўрачыстасці, выступае з канцэртамі ў розных гарадах Беларусі і Польшчы.
    Музычны кіраўнік Генрых Давідовіч прыгадвае, што для хора найбольш ганаровым быў удзел у святой Імшы ў гродзенскай катэдры, калі Эўхарыстыю цэлебраваў дзяр­жсакратар Ватыкана кардынал Тарчызіа Бертонэ.
    Першым творам, які выка­наў хор, была рэлігійная кампазіцыя Франца Шуберта “Святы”. Нягледзячы на тое, што кожны з харыстаў мае свой любімы твор, усе ўдзельнікі хору агулам вылучаюць у лік любімых спеў “Дай нам адшукаць сляды Божыя”. Выконваючы кожны твор, харысты ўкладаюць у гэта душу і сэрца, маючы надзею, што дзякуючы гэтаму слухачы набліжаюцца да Бога.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.