ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Кансэкраванае жыццё – гэта скарб, а не адмова ад чагосьці

З жыцця Касцёла

Мінск. 27 лістапада. Малітва святароў на распачацце Года кансэкраванага жыцця

27 лістапада ў мінскім архі­катэд­ральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылося адкрыццё Года кансэкраванага жыцця ў Беларусі.
Айцы, браты і сёстры ў манастве, якія нясуць служэнне ў Касцёле ў Беларусі, сустрэліся на малітве перад Найсвяцейшым Сакрамантам. Адарацыя папярэднічала святой Імшы, якую цэлебраваў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці. У Эўха­рыстыі ўдзельнічалі біс­куп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, біскуп Пінскай дыя­­цэзіі Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
    Звяртаючыся да прысутных, Апостальскі нунцый ад імя Касцёла падзякаваў кансэкраваным асобам за тое, што рашыліся адказаць на голас Божага паклікання і зрабілі кансэкраванае жыццё сваім жыццём.

   У чым багацце Касцёла?
    Пакліканне, яго праяў­ленне, якім і з’яўляюцца прысутныя ў гэты дзень у катэдры асобы, іерарх назваў багаццем Касцёла. Таксама арцыбіскуп прыгадаў казанне, якое прамаўлялася падчас складання манаскіх шлюбаў і ў якім узгадваўся фрагмент Евангелля пра купца, што знайшоў цудоўную пярліну і прадаў усё, каб купіць яе.
    Прыгадваючы той момант, арцыбіскуп адзначыў, што аснова кансэкраванага жыцця – гэта якраз гэтая пярліна, найвялікшы скарб, які знаходзяць, а зусім не адмова ад чагосьці.
    Іерарх адзначыў, што “таму гэты год і прысвечаны кансэкраваным асобам, каб узмацніць агонь кансэкраванага жыцця, каб ён быў больш моцны, больш гарачы, і каб яго полымя сагравала тых, хто навокал”.
    У гаміліі арцыбіскуп заклікаў не заставацца на адным месцы, а заўсёды шукаць шляхоў развіцця і больш дасканалай рэалізацыі свайго паклікання.
   
    “Кансэкраванае жыццё – не курорт!”
    Прадстаўнік Папы звярнуў увагу на тое, што рэлігійнае жыццё не павінна стаць лаўкай, дзе можна набыць касметыку, з дапамогай якой людзі хаваюць недахопы свайго твару, недахопы сваёй асобы. Таксама іерарх сказаў, што кансэкраванае жыццё нельга параўноўваць са спартыўнай залай, дзе людзі трэніруюць сваё цела, каб яно стала як мага больш прыгожым і дасканалым, як таксама нельга параўноўваць з вязніцай, дзе людзі пакутуюць, хоць элемент цярпення павінен прысутнічаць у манаскім жыцці.
    “Кансэкраванае жыццё – гэта не курорт! – адзначыў іерарх. – Ёсць шмат неза­даволеных манаскіх асоб, якія задаюць пытанні самім сабе: Навошта? Хто прымусіў мяне выбраць такое жыццё? Яны з жалем пазіраюць назад, за спінаю нібыта спалены ўсе масты і няма дарогі, каб вярнуцца”.
   
    Ці гатовы ты распачаць нанова?
    Але арцыбіскуп прыгадаў, што нават у такія хвіліны роспачы ёсць надзея: “Бог можа з нічога стварыць прыгожую кветку і гісторыя любові можа пачацца нават заўтра. [...] Таму не трэба баяцца, бо незалежна ад нашага душэўнага і псіхічнага стану Бог заўсёды трымае нас за руку і пытаецца: «Ці гатовы ты распачаць нанова? Я гатовы, – кажа Бог, – а ты?»”
    Іерарх заклікаў зноў адкрыць “мацярынскі аспект” Бога і Божай міласэрнасці, якая праяўляецца ў набліжэнні Бога да чалавека, у блізкасці, якую можна параўнаць з блізкасцю і любоўю маці да свайго дзіцяці.
    Пасля Эўхарыстыі з канферэнцыяй на тэму кансэкраванага жыцця выступіў сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі монс. Філіпа Чампанэлі. У дачыненні да тых, хто абірае манаскае жыццё, сакратар нунцыятуры адзначыў, што ў гэтай справе мала быць проста добрымі хрысціянамі, трэба быць святымі. “Вы пакліканы праявіць усе здольнасці, памятаючы, што кансэкраванае жыццё для тых, хто прагне большага”, – сказаў монс. Чампанэлі.
    Убоства, чыстасць, паслухмянасць – тры спосабы, дзякуючы якім кансэкраваная асоба здольна глыбей зразумець сябе, адкрыцца на адносіны з іншымі людзьмі і з Богам.
   
    Свет збаўляецца не цудамі, а прыкладам жыцця
    Монс. Філіпа Чампанэлі адзначыў, што манаскае жыццё мае тыя эфекты, што і жыццё Хрыста – яно збаўляе іншых і збаўляе свет. “Свет збаўляецца не казаннямі, не цудамі, а прыкладам жыцця. Менавіта таму кансэкраванае жыццё актыўнае, яно распаўсюджваецца і ўплывае на іншых, яно як таленты, якімі трэба дзяліцца і з якімі трэба рухацца наперад”, – падсумаваў святар.
   
    Чацвёрты манаскі шлюб
    Разважаючы ў канферэнцыі над трыма шлюбамі, якія складаюць кансэкраваныя асобы, святар прыгадаў пра чацвёрты шлюб – “шлюб радасці”.
    “У чым ён заключаецца? У тым, каб ніколі не быць сумнымі!”. У сувязі з гэтым монс. Філіпа Чампанэлі заклікаў памятаць, што любоў Божая мацнейшая за наш смутак.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.