ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Кс. бп Юзаф Станеўскі: Мы павінны змяняць аблічча гэтай зямлі

З жыцця Касцёла

З ксяндзом біскупам Юзафам Станеўскім аб сустрэчы з Папам, магчымасці яго прыезду ў нашу краіну, падрыхтоўцы біскупаў да паслугі, а таксама аб Касцёле ў Беларусі размаўляў галоўны рэдактар кс. Павел Салабуда.
– На пачатку верасня Ваша Эксцэленцыя на некалькі тыдняў выязджаў у Рым на спецыяльны курс для маладых біскупаў. Навошта патрэбны такі курс?
    – Ініцыятарам сустрэч маладых біскупаў у Рыме, а менавіта “Пілігрымкі новапасвечаных біскупаў да гроба святога апостала Пятра” (Pellegrinaggio alla tomba di san Pietro), з’яўляецца святы папа Ян Павел II. Відавочна, што такі курс мае мноства заданняў і чаканняў, але, безумоўна, галоўнай яго мэтай з’яўляецца сустрэча з Пятром нашага часу, папам Францішкам, каб падзякаваць яму за давер і біскупскую намінацыю, а будучы з іншымі біскупамі свету, адчуць калегіяльнасць – адзінства з галавой каталіцкага Касцёла. Некалі хтосьці сказаў, што ўсе дарогі вядуць у Рым. Так было і ў нашым выпадку.
Біскупы з усіх кантынентаў свету, з асобных краін і народаў прыбылі ў цэнтр хрысціянства. Мы ўсе разам стаялі пры гробе св. апостала Пятра, нібы на скале, фундаменце нашага Касцёла, каб не пахіснулася наша вера і біскупская паслуга. З такой жа мэтай мы стаялі ў малітве пры алтары св. Яна Паўла II, каб прасіць яго аб заступніцтве і перажыць урок поўнага аддання сябе пад апеку Маці Касцёла – Найсвяцейшай Панне Марыі – па прыкладзе святога Папы.
    Наша сустрэча была адначасова фарміраваннем духа біскупаў, як і нагодай пазнаёміцца з працай кангрэгацый і дыкастэрыі Рым­скай курыі. Гэтае знаёмства адбывалася і непасрэдна падчас наведвання гэтых устаноў, і падчас лекцый кардыналаў – прэфектаў розных кангрэгацый Рымскай курыі – аб актуальным становішчы Касцёла, аб задачах, якія мы павінны ад імя Касцёла рэалізаваць у сённяшнім свеце.
   
    – Ваша Эксцэленцыя, больш за 200 біскупаў з усяго свету прымала ўдзел у курсе. Што на гэтай сустрэчы перажылі асабіста Вы?
    – Па дакладных звестках удзельнікамі сустрэчы ў Рыме былі 95 біскупаў з афрыканскага кантынента і 146 біскупаў з астатніх кантынентаў. У гэтай сустрэчы ўдзельнічалі біскупы каталіцкага Касцёла – Паўсюднага, а значыць прадстаўнікі як усходняга каталіцкага абраду, так і заходняга; узрост “маладых біскупаў” вагаўся ад 40 да 70 гадоў.
    Што перажыў асабіста я? Св. Ян Павел II, звяртаючыся ці да Міжнароднай Асамблеі, ці да прадстаўнікоў розных канфесій часта паўтараў: “адзінства ў разнастайнасці”.
    Пасля спаслання Святога Духа Апосталы выйшлі з Вячэрніка і абвяшчалі Евангелле такім чынам і на такіх мовах, каб яго зразумелі ўсе. На гэтай сустрэчы я перажыў нешта падобнае: адзінства ў разуменні Евангелля разам з моўнай разнастайнасцю яго абвяшчэння. Задавальненнем для нас і навіной гэтай сустрэчы было тое, што дзякуючы ўдзелу біскупаў з Беларусі – б-па Алега Буткевіча, б-па Юрыя Касабуцкага і мяне – адзінства Касцёла ў абвяшчэнні Евангелля было ўзбагачана яшчэ адной мовай.
   
    – Ці змянілася Вашае жыц­цё за некалькі апошніх месяцаў? Што новага Вас сустрэла ў біскупскім служэнні?
    – З 29 лістапада 2013 года, калі прагучала рашэнне папы Францішка аб удзяленні мне паўнаты святарства, змянілася многае. І не столькі ў знешнім выглядзе, колькі ў заданні, якое мне даручыў Касцёл – заданні навучання, асвячэння і кіравання Божым людам, каб ён змог дасягнуць збаўлення. На працягу 15-ці гадоў я быў выхавацелем у семінарыі, а цяпер я сустракаю сваіх выхаванцаў, занятых душпастарствам у парафіях нашай дыяцэзіі, падчас удзялення сакраманту канфірмацыі. Мяне ахінае вялікая радасць, таму што абвяшчэнне Евангелля з’яўляецца радасцю іх жыцця. Я таксама сустракаюся непасрэдна з нашай моладдзю. Праз маю пастарскую паслугу ў сталае рэлігійнае жыццё ўвайшло ўжо больш за 1500 чалавек. Гэта тыя, хто не толькі будзе вызнаваць веру, але і адважна яе абараняць.
   
    – Папа Францішак падчас аўдыенцыі сказаў новым біскупам: “Не марнуйце энергіі для процідзеяння і супрацьстаяння, выкарыстайце яе для стварэння і любові”. Як гэтае павучанне Папы Вы рэалізуеце ў сваёй паслузе? Як гэта можа рабіць кожны хрысціянін?
    – Бясспрэчна, гэта нялёгкае заданне. Здавалася б, што на зло ці несумленнасць, якія нас акружаюць, мы не павінны рэагаваць. Але з іншага боку, паводле слоў папы Францішка, мы павінны выкарыстоўваць энергію, каб ствараць у свеце дабрыню і атмасферу сапраўднай хрысціянскай любові. На маю думку, чалавеку, які дзейнічае нязгодна з Божым і натуральным законам, я павінен сказаць: я цябе не асуджаю, але паглядзі, як належыць дзейнічаць і жыць. А затым я павінен падаць яму прыклад правільных учынкаў, згодных з Божым і натуральным законам, што сапраўды патрабуе шмат энергіі.
    Бласлаўлёны кс. Ежы Папялушка казаў: “Зло перамагай дабром”. Таму заданне маё як біскупа, а таксама кожнага хрысціяніна – рабіць дабро: заўсёды, усюды, адносна кожнага чалавека.
   
    – 18 верасня Вы сустрэліся са Святым Айцом. Якой была гэтая сустрэча?
    – Дзень 18 верасня будзе залатой ніццю ўпісаны ў гісторыю майго жыцця. Гэтая сустрэча была запланавана ў праграме нашага побыту ў Рыме, а таму мы рыхтаваліся да яе. Я бачыў, як біскупы пішуць, завучваюць тэкст прамовы да Папы. Але калі надышоў момант сустрэчы, мы казалі тое, што было на сэрцы. Таму я перадаў Святому Айцу прывітанне ад католікаў Беларусі і папрасіў аб бласлаўленні для ўсіх жыхароў нашай краіны.
   
    – Які наш Папа пры такім блізкім кантакце?
    – Тое, што мы чытаем пра Папу са сведчанняў людзей, якія ўжо з ім сустракаліся, тое, якім яго паказвае свет СМІ, а таксама тое, якім мы бачым яго на здымках, – праўда. Але я магу з упэўненасцю сцвярджаць, што пацалаваць пярсцёнак Рыбака на далоні Святога Айца, зазірнуць яму ў вочы і ўбачыць яго спакойную і натуральную ўсмешку можна толькі падчас асабістай сустрэчы, толькі ў блізкасці Папы.
   
    – Ці ведае Папа аб тым, які Касцёл у Беларусі?
    – Думаю, так. Папа добра праінфармаваны аб Касцёле ў Беларусі. Адразу пасля нашай сустрэчы, як я пазней даведаўся з інтэрнэта, з Папам сустракаўся Апостальскі нунцый у нашай краіне кс. абп Клаўдыа Гуджэроці. У дадатку да яго справаздачы аб дзейнасці Касцёла ў Беларусі, кожныя пяць гадоў да Папы прыязджаюць біскупы з розных дыяцэзій нашай краіны, шчасце сустрэцца з ім маюць нашы пілігрымы, што наведваюць Вечны Горад, дзейнічаюць інтэрнэт-старонкі, а таксама выдаюцца каталіцкія часопісы і газеты, якія добра прэзентуюць сітуацыю нашага Касцёла.
   
    – Ці можам мы разлічваць на тое, што папа Францішак наведае нашу краіну?
    – Так, адназначна можам. Гэтага прагнем як мы, так і сам Папа. Каталіцкі Касцёл у Беларусі мае, чым падзяліцца з Паўсюдным Касцёлам праз Пятра нашага часу.
    Але перш чым гэта адбудзецца, мы павінны зрабіць усё, што ў нашых сілах, каб гэтая сустрэча была годнай такога высокага госця. Мы павінны яшчэ больш змяняць аблічча гэтай зямлі да лепшага, дзякуючы нашаму штодзённаму жыццю паводле евангельскіх парад.
    Карыстаючыся нагодай, усім людзям добрай волі – жыхарам Беларусі – хачу перадаць бласлаўленне папы Францішка ў імя Айца і Сына, і Духа Святога.
   
    – Дзякуй Вашай Эксцэленцыі за размову.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.