ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў 25 гадоў біскупскага служэння

З жыцця Касцёла

Жыхары Адэльска з вялікай радасцю віталі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, свайго земляка

З гэтай нагоды іерарх цэлебраваў урачыстую літургію ў сваёй роднай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску. Падчас св. Імшы падзякі за 25 гадоў біскупскага служэння Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі маліўся таксама за свайго былога пробашча ксяндза прэлата Пятра Барташэвіча.
Жыхары Адэльска з вялікай радасцю сустрэлі шаноўнага госця: маленькія вернікі правялі архіпастыра да парафіяльнай святыні, дзе на пачатку св. Імшы адбылося асвячэнне памятнай табліцы, прысвечанай былому пробашчу мясцовай парафіі кс. Пятру Барташэвічу, выхаванцам якога з’яўляецца абп Тадэвуш Кандрусевіч.
    Падчас Эўхарыстыі, удзел у якой прынялі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, а таксама шматлікія святары, манаскія сёстры, семінарысты і мясцовыя вернікі, архіпастыр асаблівым чынам маліўся за сваіх бацькоў Ігната і Ганну – першых і найважнейшых выхавацеляў, а таксама за ўсіх тых, хто падтрымліваў яго малітвай і сваім жыццёвым прыкладам на шляху святарства.
“Божы Провід сёння дазваляе мне ў сваёй роднай адэльскай парафіі адзначаць сярэбраны юбілей біскупскай сакры. Я хачу адзначаць яго разам з вамі, дарагія адэльчане, з тымі, сярод каго я нарадзіўся, з кім узрастаў і фарміраваўся. Найперш хачу падзякаваць за дар жыцця Богу і бацькам, якія мне яго перадалі і былі першымі маімі выхавацелямі. Гэта яны разам з бабуляй у цяжкія часы ганенняў прывілі мне любоў да Бога і Касцёла, вучылі жыць згодна з Божымі запаведзямі, любіць бліжняга як самога сябе. Дзякую трагічна памерлай сястры за яе прыклад веры і клопат аб сваёй сям’і і аба мне. Колькі ёй, як настаўніцы, трэба было знесці здзекаў з-за таго, што яе брат быў святаром! Але яна не паддалася і вытрывала. Дзякую ўсім блізкім, аднакласнікам і ўсім адэльчанам, усім, хто падтрымліваў мяне малітвай і прыкладам”, – падкрэсліў архіпастыр.
    Дзякуючы Найвышэйшаму за дар паклікання, іерарх узгадаў 1989 год, калі ў базіліцы св. Пятра ў Рыме папа Ян Павел II менаваў яго біскупам і сказаў: “Не бойся, я за цябе малюся”.
    “Прызначэнне біскупа ў Беларусі пасля 60 гадоў – гэта знак павагі Апостальскага Пасаду і Папы да Касцёла ў нашай краіне, які так шмат выцерпеў, захаваў веру і заслужыў нармальнае жыццё і дзейнасць. Гэта таксама знак павагі да Беларусі. Дзякуючы гэтаму прызначэнню таксама і Адэльск стаў вядомым ва ўсім свеце. У тыя складаныя часы Папа даверыў мне спачатку Касцёл у Беларусі, потым у Еўрапейскай частцы Расіі і цяпер зноў у маёй Айчыне. Мінулыя чвэрць стагоддзя былі часам адраджэння Касцёла ў былым Савецкім Саюзе пасля трох пакаленняў ганенняў. І Бог паслаў мяне быць не толькі сведкам, але і ўдзельнікам гэтага працэсу”, – падкрэсліў абп Тадэвуш Кандрусевіч. Пасля набажэнства да юбіляра з віншаваннямі звярнуліся ўдзячныя вернікі – жахары Адэльска і суседніх вёсак, аднакласнікі, прадстаўнікі дзяржаўнай улады. З іх вуснаў прагучалі прыгожыя віншаванні, між іншым Божага бласлаўлення ў пераадольванні шматлікіх цяжкасцей і суправаджэння Святога Духа ў прыняцці важных рашэнняў.
    У сваю чаргу кс. бп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што 25-гадовы юбілей біскупскай сакры іерарха непарыўна звязаны з 25-годдзем адраджэння каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Пра гэта сведчыць заснаванне Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, вяртанне і адкрыццё больш як 100 храмаў і інш.
    Кс. бп Аляксандр таксама падкрэсліў, што Касцёл на Гродзеншчыне памятае ў малітвах пра першага біскупа, прызначанага для Беларусі, і пажадаў архіпастыру трываласці на шляху служэння Касцёлу, Богу і людзям.
    Пасля св. Імшы ўрачыстасці з нагоды 25-годдзя біскупскага пасвячэння працягваліся ў мясцовым Доме культуры. Там адбыўся святочны канцэрт, падчас якога моладзь прадставіла старонкі з жыцця і дзейнасці Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, а таксама адкрылася выстава фотаздымкаў, прысвечаных архіпастыру.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.