ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Лясная гісторыя

Дзіцячы куточак

“Бо ўвесь закон у адзін сказ укладваецца: любі бліжняга твайго, як самога сябе” (Гал 5, 14)
У адным лесе жылі ваверчаня Філя і зайчаня Кузя. Кожны меў свой любімы занятак: ваверчаня цэлымі днямі скакала па галінках дрэў, а зайчаня бегала па лесе і ласавалася заечай капустай. Яны не былі знаёмыя адзін з адным і, магчыма, ніколі б не пазнаёміліся, каб не здарылася з імі адна гісторыя.
    Аднойчы раніцай, калі сонца толькі выходзіла з-за гарызонта, Філя вылез з дупла вялікага дрэва, каб паснедаць. Ён сядзеў, абапіраючыся на свой пухнаты рыжы хвост, і трымаў у пярэдніх лапах вялікую кедравую шышку. Кедравыя шышкі запоўнены смачнымі гарэшкамі, якімі вельмі любяць ласавацца вавёркі. Вось наш Філя як раз гэтым і займаўся.
Ваверчаня так захапілася, што не заўважыла варону Клару, якая сядзела вышэй на дрэве.
    – Смачна есці! – сказала Клара.
    Філя падскочыў ад нечаканасці, і шышка выпала ў яго з лапак.
    – Гэй, хто там шышкамі кідаецца? – пачуўся знізу чыйсьці абураны голас. – Ледзь гуз мне не набіў сваёй шышкай.
    Філя паглядзеў уніз і ўбачыў шэрага зайчыка, што ляжаў у траве пад дрэвам. Як вы ўжо здагадаліся, гэта быў Кузя, які адпачываў пасля ранішняй прабежкі.
    – Прабач, – збянтэжана сказала ваверчаня. – Я не ўдарыў цябе?
    – Не, – буркнуў Кузя, здзіўлены выхаванасцю Філі.
    – Мяне Філя завуць, – сказала ваверчаня. – Давай пагуляем, калі ты на мяне не пакрыўдзіўся.
    – А я – Кузя, – адказала зайчаня. – А ў што мы будзем гуляць?
    – У даганялкі, – прапанаваў Філя. – Заскоквай на дрэва, і будзем даганяць адзін аднаго.
    – На дрэва? – перапытаў Кузя. – Я не ўмею скакаць па дрэвах. Лепш спускайся ўніз, пабяжым навыперадкі да таго старога дуба.
    – Я дрэнна бегаю па зямлі, – сказала засмучанае ваверчаня, – мне перашкаджае мой хвост.
    Кузя азадачана пачухаў лапай за вухам і сказаў з расчараваннем:
    – Як шкада, што мы з табой не зможам пасябраваць.
    – І мне вельмі шкада, – сумна адказала ваверчаня. – Мне б так хацелася мець сябра.
    На гэтым яны разышліся, і, здавалася, абодва забыліся адзін пра аднаго. Але чамусьці кожны раз, прабягаючы міма знаёмага дрэва, Кузя падымаў вочы ўверх, выглядваючы кагосьці ў густых галінках. А Філя, скачучы па дрэвах, глядзеў уніз, нібы кагосьці шукаў.
    Прайшла палова лета, для Філі надышла пара нарыхтоўваць корм на зіму. Вавёркі звычайна запасаюцца грыбамі і гарэхамі.
    А Кузя працягваў бесклапотна насіцца па лесе, бо зайцы зімой сілкуюцца сухой травой і карой маладых дрэў, а гэтага дабра ў лесе заўсёды ўдосталь.
    Аднойчы Філя скакаў па дрэвах і глядзеў уніз, шукаючы грыбы. Вядома, не толькі грыбы, бо ён увесь час памятаў пра Кузю. Скочыўшы на чарговае дрэва, Філя стукнуўся галавой аб нешта мяккае, якое спачатку ўскрыкнула: “Ой!”, а потым стукнула ваверчаня нечым цвёрдым па галаве і прабурчала: “Разбегаліся тут, ледзь з галінкі мяне не скінуў”. Гэта была варона Клара.
    – Ты чаго гэта ўвесь час уніз глядзіш? – спытала яна.
    – Ды гэта я... так, грыбы шукаю, – адказаў Філя.
    – Грыбы? – усміхаючыся перапытала варона. – Ці не шэрыя, выпадкова, з доўгімі вушамі і кароткім хвастом?
    – А ты адкуль ведаеш? – яшчэ больш збянтэжылася ваверчаня.
    – Я ведаю пра ўсё, што адбываецца ў лесе, – важна адказала Клара.
    – Тады, – вырашыўся Філя, – можа, ты ведаеш, дзе знайсці Кузю?
    – Можа, і ведаю, – сказала варона.
    – А можа, ты ведаеш, як нам пасябраваць? – З нясмелай надзеяй спытала ваверчаня.
    – Эх, ну што бы вы рабілі без старой Клары. Пачакай мяне тут, я хутка буду, – сказала варона і паляцела да ўскрайку лесу.
    На ўскрайку пад вялікім кустом маліны спаў стомлены Кузя.
    – Бачыш ты, разлёгся тут, – закаркала над яго галавой, сеўшы на куст, Клара. – Ён, бачыце, спіць, а ваверчаня мне ледзь галаву не скруціла.
    – А якое ваверчаня? – схапіўся ад шуму Кузя.
    – Давай, бяжы за мной, я вас сяброўству вучыць буду, – сказала варона і паляцела да дрэва, дзе засталося ваверчаня.
    – Ой, Філя! – узрадавана закрычаў Кузя, калі прыбег да дрэва.
    – Кузя, я так рады цябе зноў бачыць, – адказаў яму Філя.
    – Слухайце мяне ўважліва, – строга пракаркала Клара.
    – Ты, зайчаня, будзеш шукаць грыбы і насіць іх ваверчаняці, хай раскладвае іх для сушкі на дрэве. А ты, Філя, будзеш дапамагаць Кузьме, бо зверху лепш відаць.
    – І гэта ўсё? – спытаў здзіўлены Філя.
    – А дзе ж сяброўства? – здзівілася зайчаня.
    – Рабіце, што я вам кажу, – прыкрыкнула Клара і села вышэй, каб назіраць.
    Што тут пачалося. Носіцца Кузя, падскокваючы, па лесе, пад кожны куст зазірае, самыя лепшыя грыбы шукае. А Філя скача па дрэвах і падказвае: “Вунь, пад тым кустом, бачыш, там баравік, цягні яго сюды. Малайчына, дзякуй, а вось яшчэ адзін”.
    Так працавалі яны разам да самага вечара, стаміліся абодва і селі адпачыць.
    – А цяпер было б добра паабедаць, – сказаў Філя.
    – Ага, а заадно і павячэраць, – пагадзіўся Кузя. – Зараз перадыхну і пайду траўку пажую, капуста наша ўжо ўся скончылася.
    – Пасядзі тут, я цябе пачастую, – сказаў Філя і скінуў уніз цэлы пучок сушанай заечай капусты.
    – Адкуль у цябе капуста, вавёркі ж капусту не ядуць? – азадачана спытаў Кузя.
    – Я ведаў, што калі-небудзь мы зноў сустрэнемся і пасябруем, – адказаў Філя.
    Сядзяць веверчаня і зайчаня побач – адзін гарэх грызе, а другі капусту.
    Паглядзела на іх мудрая Клара, падняла ўверх правае крыло і прамовіла павучальна:
    – Зусім няважна, што вы розныя. Калі адзін дапамагае другому, калі адзін думае пра другога – гэта і ёсць сапраўднае сяброўства.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.