ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Кс. Антанэла Кадэду: “Мне заўсёды вельмі хацелася прапаведаваць у Беларусі”

На шляху да святасці

кс. Антанэла Кадэду14 верасня скончыліся рэкалекцыі з кс. Антанэла Кадэду, які прыехаў у Масты, каб наблізіць людзям Бога, каб паказаць жывога Госпада, які ёсць сярод нас. Два дні шчырай малітвы, адарацыя, простыя, поўныя энтузіязму канферэнцыі. Кс. Антанэла – італьянскі харызматык, які мае за сабой 30 гадоў святарства. Ён жыве разам з беднымі ў Сан-Паўлу, што ў Бразіліі. Штодзень ён нясе Евангелле наркадылерам, прастытуткам і заблукалым душам. Аб знаёмстве з Беларуссю, Святым Духу і служэнні з кс. Антанэла размаўлялі Яна Ткачук і кс. Юрый Жэгарын.
– Ксёндз Антанэла, як Вы атрымалі запрашэнне ў Беларусь і чаму згадзіліся?
    – Пачалося ўсё з таго, што святар з Беларусі папрасіў адну з місіянерак нашага таварыства запытацца ў мяне, ці магу я прыехаць. Я нават не ведаю, які гэта быў святар. Я проста згадзіўся. Мне заўсёды вельмі хацелася прапаведаваць у Беларусі – краіне, дзе яшчэ застаецца вялікі ўплыў Расіі.

    – З якім паведамленнем Вы прыехалі да беларусаў?
    – Мне падаецца, што Беларусь – гэта менавіта тая краіна, для якой больш за ўсіх трэба прасіць Святога Духа. Таму што там, дзе каталіцтва не прысутнічае ў грамадстве на 100 працэнтаў, мы перажываем досвед першых хрысціянскіх супольнасцей, якія калісьці маглі ўваходзіць у Рымскую імперыю толькі праз уздзеянне Святога Духа. І менавіта тут, у такой краіне як Беларусь, мы можам назіраць за тым, як Святы Дух адкрывае новыя гарызонты і шляхі.
   
    – У чым адметнасць заснаванай Вамі супольнасці “Запавет Міласэрнасці”?
    – Для таго, каб пазнаёміцца з нашым таварыствам, можна зазірнуць на нашу старонку ў інтэрнэце www.misericordia.com.br. Там можна прачытаць, як мы развіваліся з 2000 года і як наша таварыства прыходзіла з Бразіліі ў іншыя краіны.
    Калі мы пачалі распаў­сюджвацца ў Польшчы, падчас адной сустрэчы да мяне падышла дзяўчына з Беларусі, са Свіслачы, яе звалі Аня, – вось менавіта ад яе мы і даведаліся пра Беларусь. Цяпер яна ў нашай супольнасці, і праз яе мы падтрымліваем сувязь з вашай краінай.
   
    – Ці шмат перашкод для служэння сустракаецца на Вашым шляху?
    – Менавіта ў Бразіліі мы пачыналі і працягваем сваю працу з людзьмі, якія жывуць на вуліцы, а таксама з наркадылерамі. У такой працы, вядома, няма нічога лёгкага, наадварот – адны складанасці. Можаце сабе ўявіць, што мы займаемся тымі, хто прадае наркотыкі, прастытуткамі, якія ўжо не адзін год гэтым займаюцца, дзецьмі, якія нарадзіліся на вуліцы. Яны ўжо не вераць ні ў каго, ненавідзяць усіх, іх вельмі цяжка пераканаць у чымсьці іншым. Таму мы знаходзім такіх людзей, прыводзім іх у дамы, якія будуем, каб яны маглі адчуць сябе як у сям’і, адчуць, што іх нехта любіць проста так: за тое, што яны ёсць. Менавіта тут пачынаецца той момант, калі мы чакаем дзеяння Святога Духа, бо толькі сваімі намаганнямі мы нічога не зможам зрабіць.
    Калі ж мы прыехалі ў Еўропу, мы ўбачылі, што тут ёсць бедната, не матэрыяльная, а духоўная. У Еўропе людзі не хочуць гаварыць аб тым, як цудоўна жыць верай, і слухаць цудоўныя рэчы пра веру, яны хочуць бачыць сведкаў, якія пакажуць сапраўднае жыццё, даверанае Госпаду.
   
    – Якія выразныя дары Вы атрымалі ад Святога Духа?
    – Першы дар, які вельмі моцна адчуваецца, гэта адпачынак у Святым Духу. Таксама даволі яскравым і моцным знакам з’яўляецца малітва аб аздараўленні. Людзі маюць вельмі шмат ран (духоўных, псіхічных, фізічных, – рэд.) па розных прычынах. І таму яны патрабуюць канкрэтнага аздараўлення, якое прыносіць Святы Дух, дакранаючыся да кожнага.
   
    – Якія найважнейшыя рэчы Святы Дух жадае бачыць у кожным чалавеку?
    – Самае галоўнае – жыць тым, што мы чытаем у Бібліі, жыць Езусам. Езусам, які аддаў усё дзеля нашага збаўлення. Найбольшая радасць для Святога Духа – бачыць чалавека, здольнага любіць іншага ажно да смерці.
   
    – На што сёння хварэе грамадства ў Еўропе? Якія грахі найбольш раняць Бога?
    – Найбольш сумныя рэчы ў Еўропе – гэта палітыка камунізму і кансьюмерызму, якія прывялі да апатыі ў грамадстве. Гэта самыя галоўныя наркотыкі. Каб перамагчы такія праблемы, трэба прасіць дапамогі праз заступніцтва Маці Бо­жай.
   
    – Распавядзіце, калі ласка, пра некалькі прыкладаў духоўнага і фізічнага аздараўлення.
    – На самой справе, была вялікая колькасць аздараўленняў: як фізічных, так і духоўных. Вельмі прыемна бачыць наркадылераў і прастытутак, якія змяняюць сваё жыццё і адмаўляюцца ад сваіх грахоў. Гэта сапраўды вельмі моцна ўражвае – калі мы бачым, як такія людзі, адчуўшы любоў Госпада, пачынаюць рабіць рэчы, якіх мы ніколі ад іх не чакалі.
    Што да фізічных азда­раўленняў, мне прыходзіць у галаву такі прыклад: адно дзіця было хворае на рак, у яго было 6 ачагоў раку ў мозгу, а пасля малітвы ўсё кудысьці падзелася, і ён стаў здаровы. І яшчэ адзін прыклад: дзяўчына выпіла атруту, каб забіць сябе, і мы ўсю ноч за яе маліліся. Урачы ўжо не давалі ніякай надзеі, бо ўнутры ў яе ўсё было выпалена. Нягледзячы на гэта, раніцай яна была поўнасцю здарова.
   
    – Якіх пладоў Вы чакаеце ад сустрэчы ў Мастах?
    – Калі я думаў і маліўся аб гэтай сустрэчы тут, мне прыйшло ў галаву паведамленне менавіта для вас, святароў, каб вы аддаліся пад апеку Сэрца Езуса і Марыі з Фацімы. Таму што з-за гістарычных перажыванняў тут, у Беларусі, людзі зачынілі свае сэрцы, і ім вельмі цяжка адкрыцца нанова. Каб сапраўды вялікія бласлаўленні сплылі на людзей з Беларусі, неабходна аддаць сябе пад апеку і памножыць малітву да Сэрца Езуса і Марыі з Фацімы.
   
    – Ці плануеце Вы вярнуцца сюды і заснаваць сваю супольнасць у нашай краіне?
    – Паглядзім, усё ў Божых руках! (усміхецца) Цудоўна было б, каб маладыя беларусы прыехалі на фармацыю да нас, а потым вярнуліся і самі заснавалі тут наша таварыства. Таму ўсім жадаю мужнасці. Не бойцеся!
   
    – Дзякуй за размову!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.