ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

“Варта жыць для Хрыста”

З жыцця Касцёла

Злева на права: кс. бп Казімір Велікаселец і кс. прэл. Вінцэнт Лісоўскі33 гады з моманту прэзбітэрскіх пасвячэнняў адзначыў 12 верасня ксёндз прэлат Вінцэнт Лісоўскі, пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе і дэкан Лідскі.
Як заўважыў сам святар, гэтая дата для яго вык­лючная і адрозніваецца ад тых, што ён адзначаў раней: яна нагадвае ўзрост зямнога жыцця Езуса Хрыста, i ў гэты дзень ён асабліва яднаецца з асобай Найвышэйшага і Вечнага Святара.
    Радасць кс. Вінцэнта прыйшлі падзяліць шматлікія госці. Святую Імшу ў лідскім касцёле, дзе святар служыць ужо шмат гадоў, узначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, з якім юбіляр разам вучыўся ў падпольнай семінарыі ў кс. інфулата Вацлава Пянткоўскага ў Мядзведзічах. Прыбылі святары, якіх яднаюць повязі сяброўства з кс. Лісоўскім, тыя, хто супрацоўнічаў з ім у парафіі, а таксама яго выхаванцы. Парафіяльная супольнасць, якой служыць юбіляр, таксама агарнула яго ў гэты дзень сваёй малітвай. Біскуп Казімір Велікаселец нагадаў сабраным пра тое, як яны разам з юбілярам пачыналі вучобу ў семінарыі ў кс. Пянткоўскага. Ксёндз Вацлаў Пянткоўскі, былы Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі, вязень ГУЛАГа, быў выхавацелем маладых святароў. У часы ганенняў на Касцёл ён арганізаваў падпольную семінарыю, дзе рыхтаваў кандыдатаў да святарства. Два з іх – Антоній Дзям’янка і Казімір Велікаселец – сталі біскупамі. Сярод былых вучняў кс. Пянткоўскага таксама кс. прэлат Антоній Гей з Брэста, кс. прэлат Вінцэнт Лісоўскі з Ліды, кс. Генрых Акалатовіч з Валожына і многія іншыя святары.
Ксёндз Вінцэнт Лісоўскі падчас Імшы маліўся асаблівым чынам за ўсіх тых, хто паспрыяў яго прыходу да алтара Пана; за сваю спачылую маці, за бацьку, найбліжэйшых родных, выхавацеляў і святароў, дзякуючы якім рэалізавалася яго пакліканне.
    Былі таксама агучаны віншаванні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.
    Абп Тадэвуш Кандрусевіч у віншаванні адзначыў: “Гледзячы на пройдзены Табой шлях у служэнні Богу, Крыжу, Евангеллю і Касцёлу, я павінен падкрэсліць, што з поўнай адданасцю і руплівасцю Ты адказваў і працягваеш адказваць на заданні, якія ставіць перад Табой Божы Провід”. Арцыпастыр падзякаваў кс. Лісоўскаму за клопат аб парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе і аб усіх яе верніках.
    Бп Аляксандр Кашкевіч заўважыў: “З гэтай нагоды мы чарговы раз можам стаць перад Богам з удзячнасцю за ўсё дабро, якое стала ўдзелам столькіх людзей праз Тваё служэнне. Гэтая выключная гадавіна Твайго прэзбітэрскага пасвячэння яшчэ раз дапамагае нам усвядоміць таямніцу Божага паклікання. Сведчанне Твайго святарскага служэння на працягу гэтых гадоў адкрывае значэнне слоў Хрыста: «Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў»”.
    Падсумоўваючы 33 га­ды святарскага служэння ў Хрыстовым Касцёле, кс. Вінцэнт Лісоўскі напрыканцы Імшы сказаў коратка: “Варта жыць для Хрыста!”.
    Гледзячы на пройдзены шлях, на плён сваёй працы, узгадваючы ўсе месцы свайго служэння, а таксама Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне, дзе адразу пасля яе адкрыцця ў 1990 г. ён быў першым пракуратарам (эканомам), святар падзякаваў Божаму Провіду за ўсіх, каго спаткаў у сваім служэнні. За гэтыя гады ў жыцці ксяндза Вінцэнта Лісоўскага была незлічоная колькасць ахрышчаных, сужэнстваў, якія ён блаславіў, тых, хто паяднаўся з Богам у сакраманце пакаяння. Застаецца пажадаць ксяндзу прэлату, каб ён мог яшчэ доўгія гады быць слугой у Хрыстовым Касцёле.

Крыніца: catholic.by

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.