ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Калі не маеш часу, вазьмі ружанец

Слова рэдактара

 Я дазволіў сабе трохі спарафразаваць у назве выказванне пэўнага ксяндза. Некалькі дзён таму я пачуў ад знаёмых падобныя словы. На маё тлумачэнне, што не заўсёды ёсць час, і часцей за ўсё бывае так, што гэтага часу мне ў жыцці не хапае, яны працытавалі словы свайго пробашча, які заўсёды гаворыць сваім парафіянам, якія не маюць часу на жыццё, прыходзіць у касцёл. Гэтыя словы адразу пасяліліся ў маім сэрцы, паколькі на самой справе ў простым выказванні заключана важная думка для большасці з нас.
    Некалькі гадоў таму я натрапіў на даследаванні пэўнага псіхолага, які вырашыў прааналізаваць вельмі цікавую тэму – чаго больш за ўсё не хапае сучаснаму чалавеку. Хтосьці адразу падумае, што грошай, а аказваецца, што не грошай і нават не здароўя. Часцей за ўсё сучаснаму чалавеку не хапае часу. А з гэтым звязана і астатняе: калі б быў час, было б больш матэрыяльных сродкаў, здароўе было б лепшым, бо быў бы час заняцца ім. Таму часцей за ўсё нам усім не хапае часу.
    Мы жывём у эпоху спешкі. Чым большы горад, тым больш забеганы чалавек. Гэта дрэнна, бо ў такой спешцы нам на ўсё не хапае часу.
Давайце цяпер прыгадаем словы гэтага пробашча, што становяцца вельмі актуальнымі. Калі табе не хапае часу, пайдзі ў касцёл. Уваходзячы ў намоленыя і святыя парафіяльныя сцены, заўсёды знаходзіш час на малітву, засяроджанне, на асабістае “жыццё”. Хвіліны, праведзеныя ў касцёле, дазволяць кожнаму з нас яшчэ больш зразумець вялікую любоў Бога да кожнага з нас, а таксама ўбачыць, наколькі вялікія Яго справы ў нашай штодзённай мітусні. Варта ўсё гэта захацець заўважыць і не правароніць свой шанс.
    У кастрычніку мы можам зрабіць нашмат больш: у гэтую складаную эпоху спешкі мы можам знайсці сябе, жыццё і, што самае галоўнае, Божую прысутнасць у сваім жыцці дзякуючы ружанцовай малітве. Сёння часта адзначаюць, што больш за ўсё на ружанцы моляцца жанчыны, і гэта праўда. У нашым беларускім грамадстве жанчына больш за ўсіх занятая, гэта ёй часцей за ўсё не хапае часу на простыя, штодзённыя абавязкі. Але менавіта гэтая наша простая жанчына дзякуючы ружанцу знаходзіць час на Бога, на блізкіх і на жыццё. Я хачу пажадаць усім мужчынам знайсці пасля працы час не на розныя “цікавінкі” сучаснага мужчынскага жыцця, а ў першую чаргу на тое, каб узяць у рукі ружанец, адчуць сваю мужнасць і знайсці месца каля Бога і блізкіх. Маладым людзям, якія хаваюцца ў інтэрнэце, варта замест клавіятуры ўзяць у рукі ружанец, каб з кожнай “Вітай, Марыя” здолець пазнаць сэнс жыцця. Варта ісці з ружанцам па жыцці.
    У Беларусі ружанец павінен перажыць новую эпоху. Кожны чалавек, беручы ў рукі ружанец, у кожнай таямніцы мае прыклад таго, як жыць. Ружанцовая малітва становіцца сёння спосабам для жыцця і вялікай дапамогай для сучаснасці. Гэта асаблівы дар Бога, дадзены кожнаму з нас Марыяй.
    У кастрычніку ў кожнай дыяцэзіі нашай краіны адбудзецца вялікая ружанцовая навэнна. Разам з Марыяй мы крочым да Хрыста, які запрашае нас у неба. Давайце знойдзем час для неба ўжо тут, на зямлі. Кожнаму я хачу пажадаць толькі аднаго: калі не маеш часу, вазьмі ружанец, і ўсё будзе добра.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.