ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

З Марыяй у новы навучальны год

З жыцця Касцёла

Пад такім дэвізам у трэцюю нядзелю верасня адбылася пешая пілігрымка дзяцей і моладзі, настаўнікаў і выхавацеляў, прафесараў і катэхетаў з Гродна і ваколіц у санктуарый Маці Божай Яснагорскай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы. У ёй прыняло ўдзел больш за тысячу вернікаў.
Перад распачаццем пілігрымкі яе ўдзельнікі прынялі ўдзел у святой Імшы. На пачатку Эўхарыстыі біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім настаўнікам, катэхетам, выхавацелям і сем’ям за выхаванне дзяцей у веры, а таксама за перадачу ведаў і жыццёвай мудрасці. Біскуп пажадаў, каб новы навучальны і катэхетычны год стаў багатым у плане вопыту і спрыяў узрастанню ў мудрасці і веры.
    У пілігрымцы ўдзельнічала шмат дзяцей і моладзі, якіх на шляху да Маці Божай суправаджалі бацькі, апекуны і катэхеты. На Узгорак надзеі ў Капцёўцы пілігрымавалі таксама клерыкі Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі. Пілігрымаў прывітаў кусташ санктуарыя кс. Міхал Ластоўскі, пасля чаго распачалася св. Імша з пасвячэннем школьных прылад. Варта заўважыць, што дзеці і моладзь прынеслі гэтыя рэчы ў школьных рукзаках.
Урачыстую святую Імшу ў акружэнні святароў цэлебраваў кс. Юрый Марціновіч, дырэктар інфармацыйнага бюро Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. У сваёй гаміліі кс. Юрый прыгадаў дзецям, што незалежна ад таго, колькі чалавеку гадоў, яго жыццё з’яўляецца пастаяннай школай, дзе ён увесь час вучыцца і пазнае нешта новае.
    “Праз сакрамант хросту нас запісалі ў школу Езуса Хрыста. Мы з’яўляемся Яго вучнямі. У гэтай школе мы вучымся, як трэба любіць Бога і іншага чалавека. Вучымся, як быць чалавекам і хрысціянінам, – адзначыў кс. Юрый Марціновіч. – Школа Хрыста ніколі не скончыцца. Яна працягваецца ўсё жыццё. У ёй ёсць мова любові. Канчатковы экзамен з усяго нашага жыцця мы здаём на Апошнім Судзе, дзе Пан кожнага з нас будзе судзіць па справядлівасці і запросіць на выпускны баль, які будзе доўжыцца бясконца”, – дадаў святар.
    На заканчэнне святой Імшы кс. Юрый Марціновіч асвяціў заплечнікі і школьныя прылады, якія дзеці прынеслі з сабою ў пілігрымцы. Пасля Імшы адбылася другая частка сустрэчы – прэзентацыя парафіяльных груп. Тут было шмат спеваў і радасці. Вясёлай забавай былі інтэграцыйныя танцы. Стварэнню радаснай атмасферы паспрыялі клерыкі духоўнай семінарыі і моладзь з акадэмічнага душпастарства “OPEN”, якія суправаджалі сустрэчу акампанементам і спевам.
    Дзеці і моладзь – удзельнікі пілігрымкі – вярталіся дадому, напоўненыя Божай энергіяй: каб здабываць жыццёвую мудрасць, каб вучыцца чалавечнасці, каб быць добрымі хрысціянамі, якіх так патрабуе сучасны свет. Яны вярнуліся дадому заахвочаныя даваць іншым сведчанне: дзяліцца досведам веры і несці Хрыста, а таксама распавядаць пра школу Хрыста, вучнямі якой яны сталі.
Крыніца: catholic.by

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.