ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Палюбіць у сабе Божы “праект”

На скрыжаванні

Ангеліна  ПакачайлаХвала Хрысту!
   Вітаю я, вітае месяц ліпень. Наперадзе самы цёплы месяц лета. Сябры, жадаю Вам выкарыстаць яго на поўную моц! І адпачыць патрэбна, і папрацаваць. Як у народзе кажуць, не сякера корміць мужыка, а ліпеньская праца. Сёння разважаем аб тым, якога ўраджаю можна дачакацца, напаўняючы жыццёвы кошык рознымі скарбамі, чым прывабны спорт, а таксама ці патрэбна сачыць за сваёй знешнасцю.
    Адразу заахвочваю да каментарыяў у рубрыцы. Актыўныя чытачы будуць узнагароджаны разнастайнымі прызамі.
    З Богам!
ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць. Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і не крадуць. Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё” (Мц 6, 19–21).
   У той час, як мы збіраем у свой жыццёвы кошык самыя разнастайныя скарбы, Бог кажа нам аб тым, што станецца з імі пасля. Самы час спытаць у сябе: а ці на тым я засяроджваю ўвагу? Жыццё адно, і, адпаведна, жывём мы толькі адзін раз.
   
   ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА: каб спорт быў магчымасцю для ўмацавання братэрства і чалавечага развіцця

    Спартыўная дзейнасць развівае ў чалавеку фізічныя, псіхічныя і маральныя каштоўнасці. Калі з павагай адносіцца да гэтага занятку, можна ўдасканаліцца знешне і ўнутрана.
    Папа прапануе памаліцца ў ліпені аб тым, каб спорт утвараў садружнасць на аснове агульных мэт, поглядаў і прынцыпаў. Спорт павінен не раз’ядноўваць, а аб’ядноўваць людзей. Сэнс не толькі ў выніках, але і ў самой актыўнасці чалавека, а таксама ў адносінах, якія ўзнікаюць падчас гэтага працэсу паміж зацікаўленымі асобамі.  
        
    ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА: знешнасць

   У рубрыцы мы ўвесь час кажам аб унутраным свеце, духоўным удасканаленні асобы. Сёння незвычайны дзень – пагаворым аб знешнасці чалавека, яго вонкавым абліччы.
    Знешнасць – гэта фігура, твар, адзенне, паводзіны. Праз усё пералічанае навакольны свет пазнае асобу. Знешнасць здольна коратка ахарактарызаваць чалавека. Яна ўплывае і на першапачатковае ўражанне.
    Варта задумацца: а які пасыл “выпраменьвае” мая знешнасць? Як акружэнне счытвае інфармацыю па маім выглядзе, паводзінах? Можа, нешта трэба змяніць, удасканаліць?
   
  СПРАВА МЕСЯЦА: паспрабаваць выглядаць добра кожны дзень
   Галоўнае – разумець, што знешняя прыгажосць нішто без унутранай. Яна можа дапаўняць, прэзентаваць асобу, але раздзельнае існаванне пазбаўляе знешнюю прыгажосць сэнсу (у той жа час, заўважце, з унутранай прывабнасцю такога не адбываецца). Таму надаваць увагу свайму знешняму выгляду варта заўсёды, але ў меру, каб годна дапаўняць вобраз чалавечай асобы.
   
  МЭТА МЕСЯЦА: палюбіць у сабе Божы “праект”
   Няпраўду кажа той, хто сцвярджае, што клапаціцца патрэбна толькі пра ўнутраны свет. Калі б гэта было ісцінай, Бог стварыў бы нас нябачнымі зданямі. Але Ён “апрануў” нашу душу ў цела, якое прагне ўвагі і клопату. Таму варта любіць у сабе Божы “праект” (цялеснае ўвасабленне), быць акуратным да свайго знешняга аблічча.
    Што датычыць пастаяннага ўдасканалення знешнасці, то гэта, канешне, залішняя ўвага да сябе. Паўсюль павінна быць мера. Пірсінг ці ружовы колер валасоў сведчыць аб непавазе да Бога. Ён стварыў чалавека падобным сабе, а перайначванне знешнасці пад павевы сучаснасці – выклік Усявышняму, выказванне незадаволення сваёй знешнасцю. Вось чаму сёння ўсё больш і больш цэніцца натуральная прыгажосць: людзі пачынаюць усведамляць, што менавіта ў ёй закладзены сапраўдны ідэал.
     
  святы Аляксей Рымскі АСОБА МЕСЯЦА: святы Аляксей Рымскі

   Нарадзіўся Аляксей у канцы ІV стагоддзя. Аб ім вядома з жыційнай літаратуры. Рэальнае існаванне Аляксея не пацвярджаецца больш ніякімі крыніцамі, з-за чаго гістарычнасць яго асобы застаецца пад пытаннем. Выхоўваўся Аляксей у знатнай рымскай сям’і. Бацькі яго былі набожнымі хрысціянамі, дапамагалі абяздоленым і патрабуючым. Праз нейкі час яны знайшлі свайму сыну нявесту. У ноч пасля заручын Аляксей развітаўся з дзяўчынай, аддаўшы ёй свой пярсцёнак і спражку з пояса. Пасля гэтага ён пакінуў родны дом, адплыўшы на караблі ва ўсходнім накірунку.
    Прыбыў у Лаодзікею (месца ў сучаснай Сірыі), з пагоншчыкамі мулаў дабраўся да Эдэсы (зараз тэрыторыя Турцыі). Тут раздаў рэшткі маёмасці, апрануўся ў лахманы і пачаў прасіць міластыню. Наступныя 17 гадоў Аляксей жыў з міластыні, харчаваўся хлебам і вадою, ноччу чуваў і маліўся. Ён настолькі змяніўся за гэты час, што служкі, якіх бацька паслаў на пошукі сына, не пазнаўшы, таксама падалі яму міластыню.
    За гэты час Аляксей набыў вядомасць у Сірыі. Сарамлівы, ён збег. Але карабель, на якім Аляксей хацеў дабрацца да Тарса, трапіў у буру і яго прыбіла да італьянскіх астравоў. Будучы святы вырашыў вярнуцца дадому.
    Бацькі яго не пазналі, але дазволілі застацца ў доме. Доўгі час Аляксей жыў у каморцы пад лесвіцай і харчаваўся з гаспадарчага стала. Яго жыццё праходзіла ў няспынным посце і малітве. Такім чынам мінула яшчэ 17 гадоў.
    У 417 г. падчас нядзельнай літургіі ў саборы св. Пятра раздаўся голас Усявышняга: “Шукайце Божага чалавека, каб ён памаліўся аб Рыме і ўсім народзе яго”. У наступную нядзелю голас сказаў, дзе шукаць таго чалавека. Імператар Ганорый і папа Інакенцій І дарэмна пыталіся ў гаспадара дома пра праведніка, які нібы ў яго жыве. Але адзін са служкаў узгадаў пра падзвіжніцтва Аляксея. Гэта стала вырашальным момантам у доўгай гісторыі.
    Вярнуўшыся дадому, бацька не застаў Аляксея жывым. Твар яго ззяў, у руках быў скрутак, які сведчыў аб тым, кім ён быў на самой справе. Цела нябожчыка было выстаўлена на плошчы. Пры ім адбылося мноства аздараўленняў. Пахаваны Аляксей у царкве святога Баніфацыя на Авенцінскім узгорку ў Рыме.
    Ён з’яўляецца заступнікам ордэна алексіян (або цэлітаў), які ўзнік у Еўропе ў ХІV ст. для дапамогі хворым. Католікі ўспамінаюць св. Аляксея 17 ліпеня.
    Да якіх святых звяртацца з асаблівай просьбай аб заступніцтве ў ліпені?
    Св. Катрын Жарыж (4 ліпеня),
    св. Вівенціёл Ліёнскі (12 ліпеня),
    св. Аляксей Рымскі (17 ліпеня),
    св. Ганна (26 ліпеня).

    КНІГА МЕСЯЦА: “Непарушнасць шлюбу і разводы”, Юзаф Млынскі
   Выдавецтва “Pro Christo” прапануе кнігу, напісаную польскім святаром. У выданні “разглядаюцца фактары, якія падтрымліваюць адзінства шлюбных пар, і фактары, якія ўплываюць на распад шлюбных саюзаў. Аўтар аналізуе статыстыку і прычыны разводаў, якія набываюць усё большыя маштабы ў сучасным свеце, і прапануе паглядзець на шлюб, як на Божы дар, у якім чалавек набывае сваю паўнату і які варта берагчы”, – гаворыцца ў анатацыі да кнігі на сайце выдавецтва.

    ПЕСНЯ МЕСЯЦА: ““Чалавек”, гурт Message

   Пачынаецца песня са слоў: “Чалавек – Божае стварэнне, чалавек – падабенства Створцы”. Тое, аб чым мы з Вамі казалі напачатку. Чалавек створаны Богам, каб тварыць, “спадзявацца, верыць і любіць”. “Бог прагне зносін, адкрываючы свае нябёсы...”. А нябёсы гэтыя чалавек вольны сам стварыць на зямлі. Выканаўцы сцвярджаюць: “Там, дзе Бог, там заўсёды і ўсюды нябёсы”. З гэтым не паспрачаешся.
   
Дзяліцеся сваімі ўражаннямі ад планавання жыцця разам з рубрыкай “На скрыжаванні”. Ці даведаліся Вы аб нечым новым, ці адкрылі для сябе нешта – пішыце на адрас рэдакцыі або на электронны адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript . Да сустрэчы, Сябры!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.