ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

На месцы Фары Вітаўта ўсталявалі памятны знак

З жыцця Касцёла

Падчас цырымоніі адкрыцця помніка: прамаўляе кс. бп Аляксандр КашкевічЦырымонія адкрыцця і асвячэння скульптурнай кампазіцыі на месцы зруйнаванага храма адбылася 7 чэрвеня, падчас Фестывалю нацыянальных культур.
Памятны знак уяўляе сабой дзве каменныя напаўразбураныя аркі з выяваю каталіцкага і праваслаўнага крыжаў. Аўтарамі кампазіцыі, якая будзе нагадваць гродзенцам і гасцям горада аб узарванай больш за 50 год таму галоўнай каталіцкай святыні горада над Нёманам, з’яўляюцца скульптар Сяргей Більдзюк і архітэктар Аляксандр Захарчук.
    На цырымоніі асвячэння памятнага знака сабраліся прадстаўнікі розных канфесій, дыпламатычнага корпусу, а таксама шматлікія гродзенцы. Многія з тых, хто прыйшоў на ўрачыстасць, памятаюць змрочны 1961 год, калі камуністы зруйнавалі адзін з найпрыгажэйшых храмаў нашага краю.
Помнік асвяцілі кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі і архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій.
    У сваёй прамове кс. бп Аляксандр адзначыў, што ўсё ў зямным жыцці мае свой пачатак і сваё заканчэнне, толькі Бог вечны. Іерах падкрэсліў, што ўсталяваны памятны знак з’ўляецца своеасаблівым сімвалам вечнасці. Святым з’яўляецца і месца, на якім некалі ўзвышаўся велічны храм.
    “Адвечны Бог у сваім неспазнаным Провідзе своеасаблівым чынам спалучыў у гэтай святыні дзве брацкія канфесіі: каталіцкую і праваслаўную. На працягу стагоддзяў тут адбываліся хрысціянскія набажэнствы і засяроджвалася жыццё першай у Гродне каталіцкай парафіі. Гісторыя гэтага месца дакладна адлюстроўвае змены, якія адбываліся ў жыцці нашага грамадства: росквіт, пажары, знішчэнні, пасля якіх ізноў прыходзілі часы супакою і адбудовы. Гэтае месца – месца памяці аб нашых хрысціянскіх каранях”, – падкрэсліў іерарх.
    Кс. бп Аляксандр таксама выказаў спадзяванні, што праз асвячэнне помніка-знака, месца, на якім некалі ўзвышалася святыня, будзе не толькі месцам успаміну, але і напаміну аб ушанаванні кожнага храма, аб узаемнай пашане вернікаў розных веравызнанняў.
    “Няхай гэты помнік-знак будзе заклікам для ўсіх нас да захавання вернасці Хрысту і яго запаведзям, – казаў іерарх. – Шчыра дзякую ініцыятарам, свецкім уладам і ўсім тым, хто спрычыніўся да ўрачыстасці. Будзем клапаціцца аб захаванні нашых традыцый, аб будучыні нашага горада і росквіце нашай роднай зямлі!”.
   
    Фара Вітаўта – сімвал горада над Нёманам
    Менавіта так гавораць аб страчаным славутым храме гродзенцы. На вялікі жаль, усё менш застаецца тых, хто бачыў, як выглядаў унікальны помнік мураванага летапісу нашай гісторыі, але разам з тым з’ўляюцца людзі, якія цікавяцца гісторыяй святыні, шануюць памяць аб ей.
    “Храм у розныя часы называўся па-рознаму: Фара Вітаўта, Сафійскі сабор, Гарнізонны касцёл, – распавядае Белавусава Тэрэза Іосіфаўна (дзявочае прозвішча Яскялевіч). – Мой бацька служыў у гэтай святыні пры алтары. Я тады была яшчэ дзіцём, але ў памяці захавалася выява Фары. Гэта быў прыгожы, велічны храм, які, здавалася, імкнецца да неба. Святыню ўзарвалі ўначы з 28 на 29 лістапада 1961 года, і я добра памятаю, што на наступны дзень мы пайшлі на гэтае месца і ўбачылі жудасную карціну: ад касцёла засталася толькі вялікая гара абломкаў, якія прыбіралі некалькі дзён. Мой бацька збіраў кавалкі цэглы, што засталася ад узарванага касцёла, пасля яна захоўвалася ў нас дома. Гэта быў невыносны боль для нашых бацькоў, а мы, малыя, плакалі разам з імі...”.
    Тэма шасцісотгадовай гісторыі Фары Вітаўта, якая перажыла пажары, войны, але стала ахвярай атэістычных улад, не губляе актуальнасці і на навуковым узроўні.
    У маі 2013 года гродзенцаў пазнаёмілі з цікавым мультымедыйным выданнем “Гародня. 50 год без Фары Вітаўта”, якое ўбачыла свет у кніжнай серыі “Гарадзенская Бібліятэка”. Пад адной вокладкай аўтары выдання аб’ядналі каляровую брашуру і дыск, дзе змешчаны ўнікальныя здымкі славутага храма, яго гісторыя і знішчэнне, успаміны гродзенцаў, а таксама грунтоўныя даследаванні беларускіх і літоўскіх гісторыкаў.
    Дзеля папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны была таксама рэалізавана ідэя стварэння папяровай складанкі касцёла Фара Вітаўта. Яе аўтары, Андрэй Шулаеў і Наталля Куц, графічна рэканструявалі святыню згодна існуючым гістрычным выявам, спадзеючыся, што такі спосаб інтэрпрэтацыі гісторыі дапаможа гродзенцам як малодшага, так і старэйшага пакалення пазнаёміцца з гісторыяй Фары Вітаўта і стаць большымі патрыётамі.
    А зусім нядаўна з’явілася першая 3D-рэканструкцыя Фары Вітаўта. Яе аўтарам з’яўляецца малады інжынер-будаўнік. У перспектыве ён плануе ўзяцца за стварэнне мадэляў іншых страчаных храмаў – найперш кармеліцкага і дамініканскага касцёлаў, а таксама кляштара бернардынак.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.