ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Змяніць сэрца гэтай зямлі

Слова рэдактара

 Ва ўрачыстасць Спаслання Святога Духа на памяць прыходзяць словы святога папы Яна Паўла II, які прамовіў іх падчас першай пілігрымкі ў Польшчу: “Няхай сыдзе Дух Твой і адновіць аблічча зямлі! Гэтай зямлі!”. Абліччам зямлі з’яўляецца чалавек. Менавіта чалавеку Езус аб’явіў паўнату сваёй любові і загадаў дзяліцца ёй з кожным. Дзякуючы сакраментальнай дзейнасці Касцёла Ён дае гэтай “зямлі” найбольшы дар – магчымасць збаўлення чалавечай душы. Спасылаючы Святога Духа на Апосталаў, Пан Бог распачынае жыццё Касцёла, распачынае дарогу чалавека ў Касцёле. Варта разам з Апосталамі, якія не баяцца атрымаць дар моў і веды, неабходныя для абвяшчэння Божага слова, рэалізаваць найважнейшую мэту ў жыцці – абвяшчаць Уваскрослага Хрыста. Каб аднавіць нашу зямлю, трэба пачаць ажыццяўляць гэтую мэту. Напаўняючыся Святым Духам, давайце будзем старацца рабіць гэта, абвяшчаючы Евангелле. Беларусь павінна змяняцца не толькі архітэктурна, але, перш за ўсё, духоўна. Святы Дух прыходзіць і робіць сваё, калі толькі мы Яго прагнем. Святы Дух вельмі патрэбны, Ён быў патрэбны калісьці, але сёння, асмелюся сказаць, Ён патрэбны яшчэ больш.
Чалавек, які з’яўляецца “абліччам” гэтай зямлі, заўсёды будзе спакушацца, але гэты самы чалавек заўсёды будзе верны Хрысту, адкрываючыся на Яго ласку, каб зноў адгарадзіцца ад свету. Нягледзячы на тое, што звонку дзьме вецер супраціўлення, мы павінны памятаць словы Езуса: “Я не пакіну вас сіротамі. Я застануся з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку”. Бог з намі не толькі ў нядзелю, на гадзіну: Суцяшыцель прыходзіць да кожнага з нас, а мы, застаючыся ў парафіяльным вячэрніку да моманту, “пакуль не апранемся моцай з вышыні”, напаўняемся Святым Духам.
    Сёння вельмі цяжка арыентавацца ў тым, што добра, а што дрэнна, бо зло прымае розныя ўтоеныя формы, якія цяжка распазнаць. Людзі ўспамінаюць пра Бога толькі тады, калі маюць пэўную справу, і ім зусім не перашкаджае тое, што яны могуць у любы момант перакрэсліць усе хрысціянскія каштоўнасці. Цяжка адрозніць зло ад дабра, лёгка ва ўсім гэтым згубіцца, таму нам неабходна святло Святога Духа, каб Ён ясна нам паказваў, што з’яўляецца грахом, а што дабром, каб Ён даў нам сілу выбіраць дабро і адкідваць зло.
    Заклікайма Святога Духа. У Секвенцыі да Святога Духа перад Алелюя спяваем: “Прыйдзі!” як “Айцец убогіх, Даўца дароў, Святло душ, Госць наймілейшы, Радасць сэрцаў, Прахалода, Адпачынак, Вада жывая, Суцяшэнне ў плачы, Магутнасць і Дыханне”. Мы чакаем Яго прыходу. Калі мы папросім, каб Ён напоўніў нас і пакіраваў намі, наша жыццё бясспрэчна будзе ўдалым, плённым і цікавейшым. Святы Дух нястомна працуе ў сэрцы кожнага чалавека, каб асвяціць яго, асвятліць, узмацніць і суцешыць.
    Яну Паўлу II дзякуючы ласцы Святога Духа ўдалося змяніць сваё сэрца і сэрцы мільёнаў людзей. А ці ўдасца нам змяніць свае сэрцы і сэрцы іншых людзей?

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.