ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Дом, прыемны для душы

Слова рэдактара

 Нашы сустрэчы кож­ны другі тыдзень з’яў­ляюцца нагодай, каб пагаварыць аб Касцёле: гэта вялікая, шырокая і прыгожая тэма, якая павінна цікавіць кожнага з нас. Касцёл – гэта Божы дом. Мы з дзяцінства чуем гэтую катэхетычную праўду, якой вучымся з моманту Першай св. Камуніі, і спрабуем зразумець яе на працягу ўсяго нашага жыцця. Перш чым дом стаў сімвалам Касцёла, ён на працягу стагоддзяў быў сімвалам таго, што кожнаму чалавеку блізкае і дарагое. У Старым Запавеце “дом” разумеўся часта не як будынак, але, перш за ўсё, як сямейная, родавая і народная супольнасць. Гэтае значэнне заключае ў сябе абавязковасць узаемадзеяння чалавека з Богам, гэта значыць, заключэнне сужэнства, нараджэнне патомства, а таксама перадача дзецям рэлігійных каштоўнасцей і ўзорнае жыццё бацькоў. Новы Запавет разумее слова “дом” як Касцёл. Прыкладам хатняга Касцёла з’яўляецца дом Святой Сям’і з Назарэта, якая дазваляе зразумець, хто такі Езус Хрыстус.
    Касцёл – гэта менавіта такі дом, дзе мы духоўна можам адпачыць, адчуць сябе шчаслівымі. Цяпер, напэўна, гэта адчуваюць першакамунійныя дзеці разам са сваімі бацькамі, моладзь, якая ў нашай дыяцэзіі ў такой вялікай колькасці прыступае да сакраманту канфірмацыі, а таксама кожны з нас, калі накіроўваецца на нядзельную сустрэчу са Збаўцам у касцёл, каб пазнаць, кім з’яўляецца Езус Хрыстус.
У мінулым годзе падчас адной з аўдыенцый папа Францішак сказаў: “Пан хоча, каб мы былі часткай Касцёла, які ўмее раскрыць абдымкі, каб прыняць кожнага; Касцёл, які не з’яўляецца домам для нямногіх, але домам для ўсіх, дзе ўсе могуць быць адноўлены, пераўтвораны, асвечаны Яго любоўю: самыя моцныя і самыя слабыя, грэшнікі і абыякавыя, знеахвочаныя і тыя, хто пагубіўся”. Касцёл для грэшнікаў і для ўсіх. Святы Дух дзейнічае ў сэрцы Касцёла і ў сэрцы кожнага, хто прыходзіць у Божы дом. У Касцёле кожны любімы, чакаемы, прыняты, шануемы, павучаемы, акружаны клопатам, рыхтуемы да сустрэчы з Хрыстом, заклікаемы па імені. Касцёл – гэта дом і сям’я для ўсіх, у разнастайнасці і гармоніі пакліканняў, дом для самых адзінокіх і ўбогіх. Кожны раз, знаходзячыся ў святыні, мы можам з усёй упэўненасцю паўтараць разам з усімі словы: “Веру ў адзіны святы паўсюдны Касцёл...”. Вера ў Касцёл становіцца верай усяго нашага зямнога жыцця. Веруючаму чалавеку заўсёды хочацца вяртацца ў касцёл так сама, як заўсёды хочацца вяртацца ў родны дом, у якім бяспечна і добра.
    Сёння многім цяжка зразумець, што такое Касцёл; некаторыя маюць памылковае ці няяснае паняцце аб Касцёле; а яшчэ нехта лічыць, што Касцёл – гэта толькі месца ці будынак, у якім мы знаходзімся. Але ў першую чаргу, Касцёл з’яўляецца месцам нашай сустрэчы з Богам, Божым домам, дзе мы пачынаем разумець сваё жыццё з перспектывы Стварыцеля, які кожнага з нас адорвае гэтым найкаштоўнейшым дарам. Месца, якое мы займаем у гэтым асаблівым доме, павінна стаць для нас кавалкам неба, аб якім кожны хрысціянін павінен марыць. Наша любоў да Касцёла паспрыяе таму, што ён стане для кожнага з нас сям’ёй і домам, прыемным для душы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.