ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

20 год у служэнні бліжнім

З жыцця Касцёла

Кс. Віталій Дабраловіч падчас прэзентацыі дзейнасці “Карытас”

Урачыстасці з нагоды 20-годдзя дзейнасці Дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі прайшлі ў горадзе над Нёманам. У межах мерапрыемства, якое адбылося 5 мая ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі, дабрачынная арганізацыя прэзентавала сваю дзейнасць, а таксама выказала ўдзячнасць усім, хто спрычыніўся да высакароднай справы дапамогі людзям.
У юбілейных урачыстасцях дабрачыннай арганізацыі прынялі ўдзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі, дырэктар “Нацыянальнага Карытас” кс. Віктар Гайдукевіч, дырэктар “Карытас” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Аляксандр Фаміных, дырэктар “Карытас” Пінскай дыяцэзіі кс. Павел Халяўкін, партнёры арганізацыі з Германіі, валанцёры, спонсары, а таксама прадстаўнікі дзяржаўнай улады і дыпламатычнага корпуса.
На пачатку канфе­рэнцыі кс. Віталій Дабра­ловіч, дырэктар “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі, прывітаў прысутных і распавёў аб дзейнасці дабрачыннай арганізацыі: яе найважнейшых мэтах і дасягненнях.
    Кс. Віталій сказаў, што 20-годдзе дзейнасці “Карытас” у Гродзенскай дыяцэзіі – гэта радасць не толькі Касцёла на Гродзеншчыне, але і радасць кожнага чалавека, які прыняў удзел у дапамозе патрабуючым людзям. Дырэктар “Карытас” таксама падкрэсліў, што гэта не звычайная камерцыйная арганізацыя, і не фірма, якая працуе дзеля выгады; дзейнасць “Карытас” базуецца на словах Хрыста, таму асноўная яе мэта – несці сваё добрае сэрца і дапамогу кожнаму чалавеку на гэтай зямлі.
    Па словах кс. Віталія Дабра­ловіча, “Карытас” займаецца рэалізацыяй розных дабрачынных пректаў і праграм, якія павінны дапамагчы грамадзянам, што знаходзяцца ў сацыяльнай небяспецы, незалежна ад іх сямейнага стану, веравызнання ці нацыянальнасці. Аналізуючы дзейнасць арганізацыі за апошнія гады, можна заўважыць, што яшчэ чатыры гады таму “Карытас” займаўся рэалізацыяй 22 дабрачынных пректаў, а на сённяшні дзень іх ужо 36. Дзейнасць ажыццяўляецца ў шэрагу накірункаў: існуе пункт дапамогі бедным людзям, дзе сацыяльна неабароненыя грамадзяне могуць атрымаць ежу і ўжыванае адзенне, медыкаменты, сродкі гігіены. Вядзецца таксама праца з дзецьмі: у вёсцы Нецеч Лідскага раёна існуе дзіцячы летнік “Карытаса”, у парафіях праводзяцца “Рэкалекцыі з Богам”, арганізуюцца паездкі і адпачынак за мяжой.
    “Толькі ў Гродне штогод звяртаецца за дапамогай больш за 1000 чалавек, не ўлічваючы тых, хто звяртаецца праз “Карытас” парафіяльны, агулам жа праз сацыяльную кансультацыю праходзіць каля 20000 чалавек штогод”.
    Затым прагучала выступленне кс. Віктара Гайдукевіча, дырэктара “Нацыянальнага карытас”, які прадставіў даклад на тэму “«Карытас» – учора, сёння і заўтра”. Кс. Віктар адзначыў, што на пачатку сваёй дзейнасці супрацоўнікі “Карытас” разважалі выключна над тым, як дапамагчы патрабуючым, сёння ж усё больш актыўна абмяркоўваюцца пытанні таго, як зрабіць дабрачынную дзейнасць больш папулярнай, як змяніць ментальнасць сучаснага беларуса, як абудзіць у людзях жаданне, каб, нягледзячы на недахоп часу і фінансаў, яны мелі адкрытае сэрца для патрабуючага чалавека.
    “Сёння таксама паўстае праблема вылучэння адметнай рысы каталіцкай дабрачыннасці, якая павінна адрозніць нас ад іншых арганізацый, што займаюцца аказаннем сацыяльных паслуг, актуальным з’яўляецца таксама пытанне: што робіць дабрачынную дзейнасць каталіцкай”, – зазначыў кс. Віктар.
    Падчас канферэнцыі кіраў­ніцтва гродзенскага “Карытас” падзякавала асобам, якія прыкладаюць шмат намаганняў да таго, каб арганізацыя існавала і развівалася. Памятныя падарункі былі ўручаны ахвярадаўцам і валанцёрам, а таксама людзям добрай волі, якія аказваюць матэрыяльную дапамогу арганізацыі.
    Юбілейныя ўрачыстасці завяршыліся св. Імшой у гродзенскай катэдры, якую ўзначаліў кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч. Падчас Імшы іерах выказаў падзяку супрацоўнікам “Карытас”, якія сваёй працай і жыццёвай паставай нясуць міласэрнасць і дабрыню ў грамадства.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.