ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Гродна з пашанай да святога Яна Паўла II

З жыцця Касцёла

Пробашч катэдры кс. Ян Кучынскі (справа) распачынае ўрачыстасць. Кс. Павел Салабуда з рэлікварыем св. Яна Паўла II

Habemus Sanctum! 27 красавіка, у Нядзелю Божай міласэрнасці, папа Францішак кананізаваў бласлаўлёнага Яна Паўла II. Гэтай гістарычнай падзеі чакаў увесь свет, паколькі Святы Айцец быў аўтарытэтам для кожнага з нас, а сваімі словамі, учынкамі і шчырай верай ён даваў прыклад для пераймання.
У дзень, калі Касцёл афі­цыйна абвясціў Яна Паўла II святым, у розных кутках зямнога шара адбываліся ўрачыстасці, што суправаджалі кананізацыю Папы паляка. Абвяшчэння Яна Паўла II святым чакалі таксама і ў Гродне. Перад урачыстасцю з нагоды кананізацыі Папы ў касцёле св. Францішка Ксаверыя адбылося начное малітоўнае чуванне, а апоўдні 27 красавіка ў горад над Нёманам прыбылі рэліквіі крыві святога Папы, падараваныя гродзенцам ад арцыбіскупа Кракава, былога асабістага сакратара Яна Паўла II, кардынала Станіслава Дзівіша.
Ва ўрачыстай працэсіі рэліквіі былі ўнесены ў катэдру. Потым была адкрыта і асвечана 237-сантыметровая фігура Яна Паўла II, усталяваная ў бакавой наве касцёла. Яна была выканана гродзенскім мастаком Васілём Мартыньчуком, які разам з сынам Арсеніем на працягу пяці месяцаў працаваў над фігурай, робячы такім чынам свой уклад ва ўвекавечванне Папы ўсіх часоў.
    Як адзначыў кс. Ян Кучынскі, пробашч катэдры, усталяванне фігуры Яна Паўла II у гродзенскай святыні з’яўляецца, перш за ўсё, выразам удзячнасці Вялікаму Папе, які змог дайсці да сэрца і розуму кожнага чалавека, навяртаў на правільны шлях і яднаў усіх людзей. “Дзякуючы Яну Паўлу II адрадзіўся Касцёл на Усходзе, у тым ліку і ў Беларусі. І хоць у яго не атрымалася сюды прыехаць, многія вернікі ездзілі і ў Польшчу, і ў Рым, каб сустрэцца з ім. Сёння плён Пантыфікату Яна Паўла II вельмі бачны на нашых тэрыторыях: тут пабудаваны новыя касцёлы, створаны новыя парафіі, функцыянуе Вышэйшая духоўная семінарыя. Ён як святы напэўна заступаецца за нас. Цяпер там, дзе ён не змог быць фізічна, ён прысутнічае духоўна, – адзначае кс. Ян Кучынскі. – Я таксама спадзяюся, што ў Гродне стане добрай традыцыяй ушанаванне рэліквій Святога Айца, якія ўвесь час будуць захоўвацца пры алтары Маці Божай Ружанцовай, паколькі яны з’яўляюцца сімвалам прысутнасці Яна Паўла II сярод нас”.
    Затым сем’і з малымі дзецьмі, старэйшыя людзі, моладзь – вернікі, якія ў вялікай колькасці прыбылі на ўрачыстасць, прынялі ўдзел у св. Імшы. Прамаўляючы гамілію, кс. Павел Салабуда спачатку прыгадаў сабраным аб цудах, якія здзейсніліся праз заступніцтва св. Яна Паўла II, а потым падкрэсліў, што ў гэты асаблівы дзень Святы Айцец прыбыў да кожнага з нас.
    “Ян Павел II быў тым Папам, якога – нягледзячы на тое, што сам ён ніколі не быў у Беларусі, – многія ведалі асабіста. Гэта чалавек, які добра ведаў нашу зямлю і народ, гэта святы, які сёння прыходзіць да нас, і ніхто ўжо не забароніць яму, яму не патрэбен нічый дазвол. Якая вялікая ласка ў тым, што мы ведалі гэтага святога чалавека. Хтосьці бачыў яго зблізку, хтосьці – здалёку, хтосьці па тэлебачанні, мы маліліся разам з ім. А сёння ён у небе і моліцца за кожнага з нас. Апостал міласэрнасці вучыць нас радасці, любові, вучыць нас быць блізка да Бога і крочыць сваёй дарогай да Неба. Сёння мы можам усклікаць: Ян Павел II, асвячай кожнага з нас, асвячай нашыя сем’і, моладзь і дзяцей, дапамажы, каб люд, які жыве ў Беларусі, быў верны Богу, навуцы Касцёла і Евангеллю міласэрнасці. Блаславі гэтай нашай простай зямлі, каб быў на ёй супакой”, – сказаў кс. Павел і на заканчэнне гаміліі заахвоціў усіх вернікаў: “Адчыніце дзверы Яну Паўлу II, святому Папу, які прывядзе нас да Хрыста!”.
    Пасля заканчэння ўрачыс­тай св. Імшы ўсе святары і вернікі ўшанавалі рэліквіі Яна Паўла II.
   
    “Пілігрым”
    Пад такой назвай у Гродне прайшла фотавыстава, прысвечаная Яну Паўлу II. Экспазіцыя была адкрыта ў сувязі з кананізацыяй Папы паляка і прадстаўляе здымкі з пілігрымкі Яна Паўла II у Польшчу ў 1991 годзе.
    Як адзначыў прысутны на адкрыцці выставы кс. бп Юзаф Станеўскі, у Беластоку Ян Павел II маліўся таксама са шматлікімі вернікамі з Беларусі, у тым ліку і з Гродзенскай дыяцэзіі, якія прыбылі на сустрэчу.
    “Гэта была вялікая радасць, бо Папа быў ужо зусім блізка да нашых межаў, – успамінае іерарх. – Тады яшчэ як семінарысты мы паехалі на гэтую сустрэчу. Я памятаю, што мы хацелі быць як мага бліжэй да Папы, і калі мы казалі, што прыехалі з Гродна, нам адчынялі ўсе брамы і прапускалі бліжэй наперад, так што мы мелі шчасце быць побач з Папам. Атмасфера з тых часоў, з той сустрэчы з Янам Паўлам II – тады з біскупам Рыма, а сёння са святым – заўсёды мне спадарожнічае. Я вельмі цешуся, што Касцёл, вера і святасць не маюць межаў, і кожны сёння можа гэта адчуць, гледзячы на здымкі св. Яна Паўла II”.
    Аўтарамі выстаўленых у Гродне здымкаў з’яўляюцца Пётр Савіцкі і Анджэй Сакульскі. Выстава была падрыхтавана Генеральным консульствам РП у Гродне ў супрацоўніцтве з Гарадскім урадам у Беластоку, уласнікам архіва прац.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.