ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Любоў, Міласэрнасць, Вялікдзень

Слова рэдактара

 “Паразмаўляем аб тым, што можа ў нас уваскрэснуць”, – неспадзявана прапанаваў тата падчас велікоднага абеду. “Пан Езус!” – адразу выкрыкнуў Пятрусь, прыгадваючы, хіба, сённяшняе казанне ксяндза пробашча. Размаўляючы пра Уваскрасенне, варта прыгадаць сабе некалькі фундаментальных, але вельмі простых пытанняў нашых адносін з Богам, пра якія мы, на жаль, часта забываемся. І робім гэта якраз у найважнейшыя для гісторыі збаўлення чалавека і свету дні – у Вялікі тыдзень. Сярод нас, напэўна, ёсць хрысціяне, якія, на дзіва, не чулі Добрай Навіны аб тым, што Бог любіць і бласлаўляе кожнага чалавека. Для такіх людзей святасць здаецца нейкай далёкай, яна не з’яўляецца стандартам іх штодзённасці. У такім выпадку варта паразважаць пра ўваскрасенне надзеі, любові, сяброўства і многіх іншых каштоўнасцей, якіх нам так не хапае. Каб чалавек быў сталым хрысціянінам, неабходна вера. Вера, якая дадае нам бадзёрасці і надае сэнс і правільны напрамак нашаму жыццю, якім з’яўляецца Уваскрослы Хрыстос.
   Першым момантам, які вынікае з факта Уваскрасення, з’яўляецца любоў. Бог любіць мяне проста так, таму што я Яго дзіця. Цяжка ўявіць сабе гэтую любоў. Яна настолькі вялікая, што ўсе намаганні, якія мы робім у сваім жыцці, становяцца для нас нашмат лягчэйшымі.
Калі Езус памёр і ўваскрос, нам быў адкрыты шлях да трона ласкі. Езус робіць нас годнымі ўсяго гэтага. Варта паспрабаваць яшчэ раз падпарадкаваць сваё жыццё Богу. Бог глядзіць на вялікасць нашага сэрца, а не нашых учынкаў. Мы ў кожную хвіліну можам навярнуцца. Бог дзейнічае і бласлаўляе нас няспынна, усміхаецца кожнаму з нас, калі мы робім нешта, што дапамагае нам духоўна развівацца, калі мы ўзрастаем у ласцы. Езус памёр за ўсе нашыя грахі, якія мы ўжо здзейснілі і якія яшчэ здзейснім, а Неба заўсёды адкрыта для кожнага з нас.
   Яшчэ адзін момант – гэта асуджэнне. Мы павінны адкінуць гэта. Божая міласэрнасць настолькі вялікая і даступная для нас, што мы заўсёды здолеем перамагчы свой грэх і слабасць. Бог знайшоў спосаб, каб справіцца з нашай грэшнасцю і нягоднасцю, з нашымі слабасцямі. Гэты спосаб – гэта Езус і тое, што Ён здзейсніў на крыжы. “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3, 16).

   Дарагія Чытачы і Сябры нашай газеты!
   Дазвольце ад свайго імя, а таксама ад імя ўсяго рэдакцыйнага калектыва скласці Вам сардэчныя велікодныя пажаданні. У першую чаргу жадаю, каб кожны з Вас, сустракаючыся з Уваскрослым Хрыстом, атрымаў тое бласлаўленне, якое зменіць штодзённасць да лепшага. Жадаю таксама, каб гэтыя Святы сталі нагодай да сустрэчы з самымі блізкімі, часам будавання сапраўднай супольнасці, часам сапраўднай радасці, якая ідзе з сэрца. Каб так стала, няхай сэрца кожнага з Вас будзе шчырым і заўсёды адкрытым на Бога, які і сёння прыходзіць да нас. Давайце пажадаем адзін аднаму, каб у нас уваскрэслі найлепшыя Божыя жаданні і спадзяванні. Велікодныя святы дапамагаюць нам “не загінуць” у той час, у якім мы жывём. Уваскрослы Хрыстос надае сэнс нашаму жыццю. Уваскрасенне Езуса адкрывае для кожнага з нас брамы Неба. Варта пайсці ў касцёл, аддаючыся розным цудоўным жаданням. Бо для гэтага і існуе Вялікдзень!
   Алелюя! Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.