ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Адна вясна

Дзіцячы куточак

“Служыце адно аднаму, кожны тым дарам, які атрымаў, як добрыя дойліды разнастайнай ласкі Божай. (1 П 4, 10)
Вясна ў гэтым годзе прыйшла ранняя, цёплая і нейкая дзіўна радасная. Але больш за ўсё яе прыходу цешыліся дзеці, бо яны маглі цэлымі днямі гуляць на вуліцы. Усё было напоўнена вясеннім настроем, нават хадзіць у школу было весялей і лягчэй. І калі настаўніца сказала дзецям намаляваць вясну, усе з радасцю прыняліся за справу.
    Жэнька вельмі любіў маляваць. Ён узяў алоўкі і пачаў думаць пра вясну. Ён успомніў, як у мінулую нядзелю яны з мамай і татам паехалі за горад. Гэта было якраз у самым пачатку вясны. Яны ішлі па лесе. Снег толькі пачынаў раставаць, і зямля яшчэ была вільготнай. Неба было блакітнае і халоднае. Але ўсё ж адчуваўся прыход вясны: дзе-нідзе ўжо прабівалася свежая зялёная траўка, весела гаманілі птушкі, нібы цешачыся хуткаму цяплу і раздоллю. Іх радасць перадалася Жэньцы: ён радасна бегаў па лесе і крычаў на ўсё горла: “Вясна прыйшла! Вясна прыйшла!”. А потым, калі яны ўжо збіраліся ехаць дахаты, пайшоў першы веснавы дожджык.
Гэты цудоўны дзень, які прынёс столькі радасці, так яскрава ўявіўся яму, што ён вырашыў тут жа перанесці свае ўражанні на паперу. Ён не проста маляваў, а як бы ажыўляў карціну, паступова пракручваючы ўсё, што з’яўлялася ў яго памяці. Гэты занятак цалкам паглынуў яго ўвагу, і калі празвінеў званок, малюнак быў скончаны.
    – Малюнкі абмяркуем на наступным уроку, – сказала настаўніца.
    Пасля перапынку шум у класе стаяў неверагодны. Усе наперабой крычалі, імкнучыся прыцягнуць увагу настаўніцы да сябе.
    – Цішэй, цішэй, дзеці, супакойцеся, – сказала настаўніца. – Мы паглядзім усе малюнкі па чарзе.
    Яна прапанавала ўсім па чарзе выйсці да дошкі і павесіць свой малюнак. Калі мітусня вакол малюнкаў улеглася, настаўніца падышла да дошкі.
    – Вы выдатна справіліся з працай! Як непаўторна кожны з вас перадаў дэталі і адценні вясны! У аднаго яна атрымалася радаснай і вясёлай, напоўненай цяплом і кветкамі, у другога – трохі сумнай і халоднай. Вы, напэўна, звярнулі ўвагу, што кожны малюнак нібы мае сваю гісторыю. Думаю, што вам хацелася б пачуць яе. Ну, хто жадае падзяліцца з намі?
    Галінка расказала, як яна разам з бацькамі ездзіла нядаўна ў Іспанію, таму на яе малюнку вясна была вельмі яркая, уся ў кветках і нават з морам. Дзімка, майстар на ўсякага роду гісторыі і аматар прыгод, які вельмі любіць бегаць у парк і гуляць там з сябрамі ў індзейцаў, намаляваў акружанае дрэвамі возера, па якім плыве пірога з двума хлапчукамі-індзейцамі, адным з якіх, напэўна, з’яўляецца ён сам...
    Так кожны падыходзіў да свайго малюнка і расказваў сваю гісторыю.
    Падышла чарга Жэні. Не паспеў ён пачаць, як некалькі дзяцей расчаравана працягнулі:
    – А дзе ж тут вясна? Гэта восень нейкая!
    – Ты што, усё пераблытаў? Глядзіце, ідзе дождж, і з дрэў ужо абляцела ўсё лісце.
    – Не, гэта зусім не восень – гэта вясна, самая сапраўдная вясна! Вы што, не бачыце? – крыкнуў Жэнька.
    – Жэня, растлумач, калі ласка, – сказала настаўніца. – Твая гісторыя, вядома ж, пра вясну, проста не ўсе яе зразумелі.
    – Лістоў на дрэвах няма, таму што зіма толькі-толькі скончылася. Снег растаў, але цяпло яшчэ не прыйшло. Глядзіце, на галінках дрэў можна ўбачыць набрынялыя пупышкі, у іх спяць лісточкі, таму што ім яшчэ холадна. Сонца няма, ідзе першы веснавы дожджык, а пасля яго абавязкова пацяплее, менавіта тады лісточкі і раскрыюцца. А тут, бачыце, дзве птушачкі сядзяць. Яны шукалі месца для гнязда, але пачаўся дождж. Сядзяць, прыціснуўшыся адна да адной, і грэюцца, чакаюць, калі ён скончыцца.
    – Дзякуй, Жэня. У цябе атрымалася прыгожая і трохі сумная гісторыя. Вось бачыце дзеці, як па-рознаму могуць успрымацца намі адны і тыя ж рэчы. Хоць мы ўсе думалі пра адно і тое ж, але кожны перадаў сваё адчуванне вясны так, як ён яе бачыць і разумее. А як вы думаеце, чаму?
    – У нас вочы розныя, ці што? – здзівіліся дзеці.
    – Вочы ва ўсіх нас уладкаваны аднолькава. Проста на тыя ж рэчы мы глядзім па-рознаму. Ва ўсім свеце вы не знойдзеце і двух аднолькавых людзей, а значыць, і ўспрымаюць яны ўсё не зусім аднолькава. Таму малюнкі ў вас атрымаліся такія непадобныя, – растлумачыла настаўніца.
    Усе намалявалі правільна – у нас ва ўсіх адна вясна. І выходзіць, што тыя, у каго было жаданне зразумець іншага, змаглі ўбачыць у кожным малюнку вясну!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  259

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.