ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Футбалісты ў сутанах зайгралі на Чэмпіянаце Еўропы

З жыцця Касцёла

Ксяндзы з Польшчы ўжо ў пяты раз становяцца чэмпіёнамі Еўропы па міні-футболе

Чэмпіёнамі Еўропы па міні-футболе сталі ксяндзы з Польшчы: на шляху да залатога медаля яны не прайгралі ніводнага матча. Святары з Беларусі здабылі чацвёртае месца.
VIII Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод ксяндзоў адбываўся ў Лідзе 24–28 лютага. Каля 170 ксяндзоў з трынаццаці краін у зацятых і эмацыйных матчах змагаліся за залаты медаль.
    Каманда польскіх ксяндзоў заваявала тытул чэмпіёнаў Еўропы, перамогшы ў групавых матчах Партугалію і Аўстрыю, у чвэрцьфінале Румынію, а ў паўфінале Беларусь. У фінальным матчы каманда Польшчы здолела перамагчы Харватыю з лікам 2:1. Гэта быў ужо пяты трыумф польскіх святароў у гісторыі Чэмпіянату Еўропы.
“Мы вельмы ўсцешаны, што абаранілі тытул чэмпіёнаў Еўропы, здабыты ў мінулым годзе ў Славеніі, – кажа кс. Эдвард Гемза з польскай каманды. – Мы заўсёды стаім на п’едыстале: мы пяцікратныя чэмпіёны Еўропы, двухкратныя віцэ-чэмпіёны, і адзін раз мы здабылі трэцяе месца. Сёлетні Чэмпіянат не быў для нас лёгкім, мы прыклалі шмат намаганняў, каб перамагчы ў гэтай барацьбе. Гуляючы ў футбол, мы клапоцімся не толькі пра цела, але і пра дух. Падчас такіх спаборніцтваў патрэбна супрацоўніцтва і пабудова ўзаемасувязі паміж ігракамі. У душпастарскай працы гэта таксама карысна, бо ў нас шмат міністрантаў, якія, пазіраючы на сваіх душпастараў у спартыўнай зале, вучацца, і гэта прыцягвае іх у касцёл. Я лічу, што евангелізацыя праз спорт – гэта добры спосаб «дастукацца» да маладых людзей. У Лідзе нас вельмі міла і гасцінна прынялі, і гаспадарам належаць апладысменты за арганізацыю цудоўнага турніру”.
    Каманда Беларусі прымала ўдзел у Чэмпіянаце Еўропы ў чацвёрты раз. Як адзначыў капітан каманды кс. Павел Салабуда, чацвёртае месца – гэта вялікае дасягненне беларускіх ксяндзоў-футбалістаў. “Беларускія ксяндзы толькі ў чацвёрты раз прымаюць удзел у такім турніры, і бясспрэчна, гэты чэмпіянат стаў вялікім крокам наперад, аб чым сведчыць хаця б вынік: нашы папярэднія выступленні на еўрапейскіх турнірах заканчваліся на 12-ым, 9-ым і 8-ым месцы”.
    Кс. Павел таксама адзначае, што большасць удзельнікаў турніру была ў Беларусі ўпершыню, і дзякуючы сустрэчы ў Лідзе, ксяндзы з розных краін адкрылі для сябе цікавую і прыгожую краіну ў цэнтры Еўропы. “Многія лічаць, што Беларусь – закрытая краіна, аднак гэты турнір даказаў процілеглае: гэта адкрытая краіна, і тут жывуць вельмі адкрытыя і зычлівыя людзі. Адзін з партугальцаў нават сказаў, што Лондан – яго першы любімы горад, а Ліда будзе другім”, – падкрэсліў кс. Павел Салабуда.
    Варта таксама адзначыць, што адной з неардынарных падзей стаў удзел у адным з матчаў Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які адзначыў, што дзякуючы такому турніру і футболу Касцёл нясе Евангелле людзям. “Мы можам з упэўненасцю сказаць, што Касцёл стаіць на нагах, калі можа арганізаваць такія спаборніцтвы. Вынікам сустрэчы ў Лідзе з’яўляецца пашырэнне кантактаў каталіцкага Касцёла ў Беларусі з каталіцкім Касцёлам з розных краін свету. Важна таксама тое, што нашы людзі сустрэліся з футбалістамі, якія адначасова з’яўляюцца ксяндзамі. Безумоўна, раней цяжка было ўявіць, што святар грае ў футбол. Сёння трэба шукаць новыя магчымасці і спосабы, каб несці Евангелле, таму гэтыя спартыўныя сустрэчы можна назваць адказам на заклік і пасланне Езуса, каб абвяшчаць Евангелле ажно па край зямлі. А дзе гэты край сёння? Можа, менавіта на стадыёнах. Яны часта становяцца свайго тыпу святынямі, але, на жаль, там не хапае Бога. А мы стараемся, каб ён там пасяліўся праз сумленную гульню, прабачэнне адзін аднаму, уменне прайграць і не ўпасці духам, а таксама праз гатоўнасць салідарнасці адзін з адным”, – сказаў арцыбіскуп.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.