ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Гнезна

Парафіі і святыні

Дэканат Ваўкавыск
Калі 6 чэрвеня 1877 г. наш знакаміты мастак Напалеон Орда намаляваў гнезненскі касцёл, ён падпісаў малюнак: “Касцёл святога Міхала. Касцёл вельмі старажытны, на вонкавым баку сцяны выціснута 1121, невядома, ці то згадка пра год”. І дагэтуль таямніца гэтай лічбы не высветлена. Ніхто не адважыўся сцвярджаць, што гэта дата заснавання святыні, яна не ўзгадваецца ні ў вядомых архіўных дакументах, ні ў працах даследчыкаў. Сёння надпіс можна ўбачыць на правай частцы галоўнага фасада.
    Апакрыфіка аб заснаванні касцёла ў 1121 г. звязана з тым, што наша Гнезна блытаюць з аднайменным старажытным горадам у Польшчы. Дакументальна наша Гнезна вядома з першай паловы XV ст., калі яно належала роду Манівідаў, у 1449 г. яно стала ўласнасцю Вайшвіловічаў, потым – Шэметаў. З 1545 г. часткай маёнтка валодалі Хадкевічы, потым – Окуні, Кердэі, з пачатку XVIII ст. да пачатку ХIХ ст. – Ромеры, а затым да 1939 г. – Тарасовічы.
Касцёл пабудаваны (па версіі “Дылетанта”, на месцы драўлянага) у першай палове XVI ст. па фундацыі тагачаснага ўладальніка Гнезна Яна Шамятовіча (Шэмета) і ягонай жонкі Альжбеты. У 1524 г. пры ўжо існуючым драўляным касцёле гнезненскую парафію пад складаным тытулам Зыходжання Святога Духа, Унебаўзяцця НПМ і святых Міхала Арханёла, Яна Хрысціцеля і Станіслава біскупа эрыгаваў (кансэкраваў у 1527 г.) віленскі біскуп Ян з князёў літоўскіх. У той час Гнезна-Поразава было адзінай, але даволі беднай парафіяй.
    У 1555 г. уладальнікам Гнезна стаў Геранім Хадкевіч, актыўны прыхільнік рэфармацыі, які разам з жонкай Ганнай з Шэметаў у другой палове XVI ст. замест касцёла пабудаваў тут кальвінскі збор. Святыню будавалі, верагодна, даволі доўга, аб чым сведчыць разнастайная тэхніка муроўкі. Пазней прыбудавалі вежу-званіцу. Да канца першай паловы XVII ст. быў дабудаваны (ці перабудаваны) трэці ярус вежы, аб чым сведчыць рэнесансны тып муроўкі. Да гатычнай архітэктуры касцёла далучыліся рысы рэнесансу – шматлікія гзымсы і гарызантальныя паясы, аркавыя вокны. У 1643 г. касцёл быў вернуты католікам, што пацвердзіў дэкрэт караля Уладзіслава IV ад 21 студзеня 1644 г. З таго часу ў тытуле святыні ўзгадваецца толькі св. Міхал Арханёл.
    На пачатку другой паловы XVII ст. касцёл упрыгожылі тры разьбяныя паліхромныя алтары (галоўны быў асвечаны 5.09.1660 г.). Падчас вайны 1654–1667 гг. касцёл быў пашкоджаны. Паводле падання, менавіта з тых часоў у галоўным фасадзе засталося каменнае ядро і адбітак ад другога. Святыня была пашкоджана і падчас Паўночнай вайны. У 1718 г., дзякуючы намаганням пробашча кс. Станіслава Антонія Сулімы-Гарбоўскага, старыя абразы ў алтарах замянілі новымі: у цэнтры галоўнага алтара быў змешчаны абраз св. Міхала Арханёла, наверсе – св. Анёла-ахоўніка; абраз Унебаўзяцця НПМ для бакавога алтара быў ахвяраваны тагачасным спадчыннікам маёнтка Леонам Ромерам. У 1728 г. арандатар Гнезна Ян Трапяньскі значна перабудаваў касцёл: быў перабудаваны цокаль, выкананы шлем над вежай і сігнатурка, пераслана дашчаная падлога, былі таксама заменены 12 драўляных слупоў, якія падтрымлівалі столь і інш. Пад вежай Трапяньскі стварыў ашаляваную крыпту, як месца свайго будучага вечнага спачыну. Пад кіраўніцтвам кс. Гарбоўскага ў паўночнай частцы касцёльных могілкаў пабудавалі новую плябанію, пры гэтым, калі капалі падмуркі, натыкнуліся на крыпту даўнейшага касцёла з чатырнаццаццю пахаваннямі. У 1787 г. да паўднёвага бакавога фасада была дабудавана сакрыстыя. Незвычайнасць прыбудовы – яна была дабудавана да сярэдзіны фасада, хаця тое ж самае можна было б зрабіць і бліжэй да алтара – дае падставу некаторым даследчыкам лічыць, што гэта не сакрыстыя, а бакавая крухта і, магчыма, менавіта крыпта ў даўнія часы выконвала ролю сакрыстыі, таму што слядоў першапачатковай сакрыстыі пры алтарнай частцы не выяўлена. Але на самой справе, як сведчыць інвентар святыні ад 1732 г., раней пад сакрыстыю выкарыстоўвалася цесная прастора па-за галоўным алтаром, “дзе ледзьве адзін каплан стаяць можа”.
    У наступным стагоддзі святыня цярпела ад пажараў у 1812 г. і 1839 г. Падчас рэканструкцыі 1844 г. пасля апошняга пажару зноў была надбудавана вежа, разабрана сакрыстыя. У 1854 г. была пабудавана новая драўляная плябанія (знішчаная падчас II Сусветнай вайны). У 1876 г. ізноў на старое месца прыбудавалі пяцігранную сакрыстыю ў эклектычным стылі з рысамі неараманікі і неаготыкі. Тады ж стварылі і мураваны галоўны алтар у неагатычным стылі.
   
Галоўны алтар святыні    У наступным стагоддзі святыня цярпела ад пажараў у 1812 г. і 1839 г. Падчас рэканструкцыі 1844 г. пасля апошняга пажару зноў была надбудавана вежа, разабрана сакрыстыя. У 1854 г. была пабудавана новая драўляная плябанія (знішчаная падчас II Сусветнай вайны). У 1876 г. ізноў на старое месца прыбудавалі пяцігранную сакрыстыю ў эклектычным стылі з рысамі неараманікі і неаготыкі. Тады ж стварылі і мураваны галоўны алтар у неагатычным стылі. У 1901–1902 гг. былі зроблены мураванымі і бакавыя алтары, драўляную падлогу замянілі на цагляную, дах накрылі пляскатай чарапіцай, замуравалі ўваход у сутарэнне, драўляныя арганныя хоры былі заменены на мураваныя, узнесеныя на дзве прыгожыя візантыйскія калоны з аркамі. У 1911 г. (аб чым сведчыць дата на цэгле справа ад увахода) да галоўнага ўвахода была прыбудавана крухта. На хорах стаяў сямігалосны неагатычны арган, усталяваны намаганнямі кс. Севярына Вішнеўскага (пробашч у 1849–1863 гг.), у 1931 г. арган быў перароблены на пяцігалосны.
    Чарговая рэстаўрацыя адбылася ў міжваенны час. Для гэтай мэты ў 1924 г. быў створаны спецыяльны камітэт. У 1925 г. касцёльны ўчастак абнеслі новай мураванай агароджай, у 1926–1929 гг. касцёл накрылі чарапіцай, інтэр’ер пабялілі, аднавілі брамы касцёльнага ўчастка (галоўную і з боку плябаніі). У 1931–1937 гг. пад кіраўніцтвам варшаўскага архітэктара Тамаша Плюцынскага аднавілі фасады, замуравалі акно паўночнага фасада, перабудавалі сакрыстыю і дабудавалі чацвёрты ярус вежы-званіцы. Планавалася нават пабудаваць мураваную плябанію, але гэтаму перашкодзіў 1939 год. У гэты час колькасць вернікаў гнезненскай парафіі дасягала 3300 чалавек.
    У паславаенныя гады (пасля 1950 г.) старажытны касцёл быў зачынены, выкарыстоўваўся як калгаснае сховішча і з часам ператварыўся ў руіны. Тым не менш, святыня была залічана ў шэраг помнікаў архітэктуры рэспубліканскага значэння. Частку касцёльнага інвентара захавалі парафіяне, частка, у тым ліку і барокавая разьба з алтароў, была забрана ў Мастацкі музей у Мінск (у 1995 г. вернута парафіянам, але ў копіях).
    Адпакутаваўшы са сваёй святыняй, у жніўні 1989 г. парафіяне ўзяліся за яе аднаўленне. 11 жніўня 1990 г. біскуп Тадэвуш Кандрусевіч рэкансэкраваў касцёл пад гістарычным тытулам св. Міхала.
    Касцёл з’яўляецца помнікам сапраўднай готыкі, нават яго сцены складзены паводле тэхнікі гатычнай муроўкі. Спачатку святыня мела напаўпадземную крыпту з двума ўваходамі: першы знаходзіўся ў цэнтры святыні, другі – па-за алтарнай сцяной (замураваны ў 1844 г.). Залавы інтэр’ер касцёла (даволі прасторны – каля 21,5 на 13,5 м) упрыгожвалі чатыры алтары: св. Міхала, св. Яўстафія, Унебаўзяцця НПМ і св. Ганны. Галоўны алтар нагадвае трохвосевую трыумфальную неагатычную браму. У яго цэнтры змешчана копія знакамітага абраза Рафаэля “Сіксцінская Мадонна”, у бакавых нішах стаяць фігуры Маці Божай Беззаганай, св. Кацярыны, св. Яна Хрысціцеля і прарока Майсея, у круглых абразах атыка змешчаны выявы Евагелістаў. У левым бакавым алтары змешчаны тытульны абраз св. Міхала Арханёла з абразом св. Станіслава Косткі наверсе, у правым – абразы Укрыжавання і св. Казіміра.
    Пры паўднёвай частцы агароджы касцёльнай тэрыторыі пабудавана капліца-пахавальня роду Калупайлаў. Тут пахаваны Марыя з Калупайлаў Манчыньская (+1907), Фердынанд Калупайла (+1878) і Юлія з Талочкаў Калупайла (+1897). Сярод надмагілляў каля касцёла вылучаюцца мармуравы абеліск у стылі класіцызму, усталяваны над пахаваннямі роду Ельскіх.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.